Прафесар-патрыёт

Народнае апалчэнне ў Вялікую Айчынную вайну (1941 г.) — гэта добраахвотныя фарміраванні з асоб, не падлягаючых першачарговаму прызыву па мабілізацыі. Складалася яно з дывізій (у Ленінградзе — 10, у Маскве — 16), батальёнаў і палкоў, знішчальных батальёнаў.
У ноч на 2 ліпеня 1941 года ЦК ВКП(б) прапанаваў мясцовым партыйным арганізацыям узначаліць стварэнне народнага апалчэння, і ў той жа дзень Ваенны савет Маскоўскай ваеннай акругі прыняў Пастанову аб добраахвотнай мабілізацыі жыхароў Масквы і вобласці ў народнае апалчэнне. Згодна пастанове, у Маскве план мабілізацыі складаў 200 тысяч чалавек, у вобласці — 70 тысяч. Імі планавалася ўкамплектаваць 25 дывізій апалчэнцаў. Мабілізацыя і фарміраванне часцей праводзіліся па тэрытарыяльных адзнаках. Кожны адміністрацыйны раён горада фарміраваў сваю дывізію, якая дапаўнялася групамі апалчэнцаў з вызначаных раёнаў Падмаскоўя.
1-я дывізія маскоўскага народнага апалчэня фарміравалася ў Ленінскім раёне Масквы з добраахвотнікаў ва ўзросце ад 17 да 55 гадоў, якія не падлягалі прызыву і не былі заняты ў абароннай прамысловасці. У першыя два дні ў апалчэнне ўступілі 12 тысяч чалавек. Сярод іх былі выкладчыкі і навуковыя супрацоўнікі інстытутаў і іншых устаноў Масквы. З «Дзённіка вайны» супрацоўніцы Дзяржаўнага гістарычнага музея М.М. Дзянісавай: «3/VII – 41 г. Сталин призвал к организации народного ополчения…
4/ VII – 41 г. Наша музейная интеллигенция почти полностью вступила в народное ополчение. Пошел кандидат археологических наук П.А. Дмитриев, оставив четверых маленьких детей… Дмитриев осуждал одну нашу сотрудницу, защищавшую в эти дни диссертацию. «Какая может быть теперь наука? Все, все на защиту Родины». І ён пайшоў першы.
Павел Аляксеевіч Дзмітрыеў нарадзіўся 29 красавіка 1902 года ў Цюмені. Закончыў гістарычны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці археалогія. Да Вялікай Айчыннай вайны працаваў у Збройнай палаце маскоўскага Крамля, меў вучоную ступень кандыдата гістарычных навук, выкладаў у Інстытуце археалогіі, быў дэпутатам Свярдлоўскага раённага Савета Масквы. Праводзіў актыўную навуковую, даследчую і грамадскую работу, прымаў удзел у археалагічных экспедыцыях.
Па ўспамінах сваякоў П.А. Дзмітрыева, з-за моцнай блізарукасці ён не быў ваеннаабавязаным і яму, як сямейнаму з дзецьмі, прапаноўвалі застацца і заняцца арганізацыяй эвакуацыі каштоўных фондаў Дзяржаўнага гістарычнага музея за Урал. Але ён адмовіўся. Прафесар Дзмітрыеў уступіў у 1-ю дывізію народнага апалчэння (з 15.07.1941 г. — 60-я стралковая дывізія), сфарміраваную ў Ленінскім раёне Масквы. На досвітку 9-га ліпеня 1941 года часці дывізіі паходным маршам прайшлі па вуліцах сталіцы, накіроўваючыся ў раён будаўніцтва абарончых збудаванняў пад Масквой. У сярэдзіне ліпеня дывізія здзейсніла пераход па маршруце Мядынь-Юхнаў-Спас-Дзяменск. Па прыбыцці заняла 2-гі абарончы рубеж у 10 км заходней Спас-Дзяменска, дзе займалася баявой падрыхтоўкай і ўмацаваннем лініі абароны.
У пісьме да жонкі ад 28 верасня 1941 г., якое захоўваецца ў яго дзяцей, Павел Аляксеевіч паведамляў, што залічаны чырвонаармейцам 1281-га стралковага палка 60-й СД. Трапіўшы ў акружэнне пад Спас-Дзяменскам, дывізія спрабавала прабіцца да Вязьмы, дзе таксама трапіла ў акружэнне. У далейшым рэшткі дывізіі выходзілі з акружэння асобнымі групамі. Працягваючы весці няспынныя цяжкія баі, падраздзяленні зноў і зноў траплялі ў акружэнне, вырываліся з яго і адыходзілі ў напрамку Вязьмы і Малаяраслаўца. У гэты цяжкі і трагічны момант пачатку вайны чырвонаармеец Павел Дзмітрыеў, прабіраючыся да сваіх, трапіў у палон у раёне Юхнава. Вось што ён пісаў аб гэтым пасля вызвалення ў артыкуле «Жизнь в немецком плену», змешчаным у крычаўскай раённай газеце: «…Самый путь от Юхнова до Рославля, а затем до Кричева был очень тяжелым. Обычно в день делали по 30-40 километров, а перед самым Рославлем за один день прошли 73 километра, ни разу не присев. Усталые, голодные, истощенные, пленные едва волочили ноги, но отстать было нельзя. Отстающих погоняли палками и убивали. Весь путь от Юхнова до Кричева был усеян трупами пленных.
…Жизнь в самом кричевском лагере походила на ад. Один раз в день нам давали поллитра «баланды» без хлеба. Чтобы получить эту порцию, приходилось стоять несколько часов в огромной грязной луже по колено в воде. Пить приходилось не воду, а грязь, так как немцы не позволяли подходить к водопроводу. Закрытых помещений не хватало, и большинство пленных ночевало под открытым небом. В довершение всего начались болезни. Сначала свирепствовала дезинтерия, а зимой — тиф.»
Але, нягледзячы на такія ўмовы існавання, савецкія ваеннапалонныя не скарыліся фашыстам. У лагеры быў арганізаваны патрыятычны рух супраціўлення. Адзін з яго удзельнікаў, урач Аляксей Пятровіч Макараў, успамінаў: «Зімой 1941-42 гадоў па нядзелях немцы дазвалялі нам хадзіць у царкву, якая знаходзілася ў горадзе. Але богу мы маліліся не ў царкве, а ў маленькай хацінцы гасцінных Праскоўі Якаўлеўны і Іосіфа Анісімавіча Казловых. Гэта была наша штаб-кватэра, а багамі нашымі былі яе даб-радушныя гаспадары, воля і барацьба.
Да Казловых збіраліся ўрачы Алтаеў, Дубінскі, Шыбакін, Кісялеў, Часціхін, Аліфанаў, Курчатаў. Бываў тут выдатны савецкі вучоны-гісторык Павел Аляксеевіч Дзмітрыеў. Спакойны, разважлівы, занадта сціплы, ён вельмі спадабаўся мне як чалавек, і мы хутка з ім пасябравалі. Прыходзілі артысты Генадзь Паўлавіч Лузенін і Аляксандр Іванавіч Акаёмаў, буйны савецкі палітработнік Долгаў, многія іншыя вязні лагера.
Тут мы абменьваліся апошнімі навінамі. Лузенін і Акаёмаў знаёмілі са зводкамі Саўінфармбюро, прыём якіх яны падпольна арганізавалі па радыёпрыёмніку. Ад Казловых мы разыходзіліся абнадзеенымі, павесялеўшымі, поўнымі рашучасці змагацца за канчатковую перамогу над фашызмам».
Па загаду нямецкага каменданта г. Крычава палкоўніка Фішэра, маскоўскім артыстам Акаёмаву і Лузеніну было прапанавана стварыць хор з мэтаю паказаць усім нямецкую гуманнасць і павагу фюрэра да рускай культуры. Артысты пагадзіліся. Па іх просьбе ў склад хору ўвайшлі ваеннапалонныя, жыхары Крычава і суседніх вёсак. У тым ліку «на волі» апынуўся і прафесар Дзмітрыеў. Так была створана падпольная група Акаёмава, якая пасля праверкі ў красавіку 1942 года была ўключана ў падпольную групу М.Г. Каінава. У лютым 1943 г., па даносу здрадніка, артысты былі арыштаваны. На допытах яны нікога з падпольшчыкаў не выдалі і былі расстраляныя.
Каардынаваў дзеянні падпольшчыкаў і партызан на Крычаўшчыне Кузьма Андрэевіч Рэвуцкі, які ў гады вайны быў пакінуты на акупаванай тэрыторыі для арганізацыі барацьбы з захопнікамі. Быў ён і сакратаром падпольнага райкама КПБ. Пасля вайны ў артыкуле «Лучше умереть стоя, чем жить на коленях», надрукаваным у газеце «Московская правда» № 41 у 1960 г., ён сцісла расказаў аб групе А. Акаёмава і Г. Лузеніна, у якую ўваходзіў і прафесар Дзмітрыеў.
Сям’я Паўла Аляксеевіча нічога не ведала аб яго лёсе і ўсе гады яго палону знаходзілася ў невядомасці. 30 верасня 1943 года Крычаў быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вось як аб гэтым успамінаў малодшы лейтэнант Васіль Міхееў, у той час камандзір узвода 1268-га стралковага палка 385-й стралковай дывізіі: «Мне приказали двигаться на западную окраину Кричева, перерезать дорогу Кричев-Чаусы, заминировать ее, а потом — к цементному заводу, освободить пленных. Сделав все необходимое на чаусской дороге, я развернул свою группу и повел к цементному заводу.
…Подойдя к цементному заводу, мы увидели минное поле.»
Пасля вызвалення з палону прафесар Дзмітрыеў паслаў вестку родным у Маскву, што жывы. Сам жа, нягледзячы на знясіленне і страчанае здароўе, зноў імкнецца на фронт. Зараз ён сам асабіста знаёмы з «гуманнасцю» фашыстаў. У раённай газеце «Шлях сацыялізму»друкуецца яго эмацыянальны артыкул «Жизнь в немецком плену». Павел Аляксеевіч адразу з’яўляецца ў гарсавет, дзе працаваў Кузьма Рэвуцкі, які добра ведаў яго ўсе гэтыя гады, і зноў уступае ў рады Чырвонай Арміі. Ён быў залічаны чырвонаармейцам у 111-ы стралковы полк 330-й стралковай дывізіі 10-й арміі.
Дывізія ўдзельнічала ў жорсткіх наступальных баях на Проні, несучы штодзённа вялікія страты асабовага складу. 1113-ы стралковы полк вёў баявыя дзеянні каля вёсак Скварск, Барышэўка, Прылепаўка Чавускага раёна. Апошняе пісьмо Павел Аляксеевіч напісаў сваёй жонцы 28 кастрычніка 1943 года перад атакай, якая стала для яго апошняй. У гэты дзень, у час штурму варожых пазіцый, радавы Дзмітрыеў быў цяжка паранены.
Праз тыдзень пасля апошняга пісьма дамоў, 04.11.43 г., была адпраўлена пахаванка: «Ваш муж в бою за социалистическую Родину, верный воинской присяге, проявив геройство и мужество, был ранен и умер от ран».
Першапачаткова П. Дзмітрыеў быў пахаваны на могілках непадалёку ад станцыі Верамейкі, а пазней перапахаваны ў брацкай магіле ў Чэрыкаве ў парку Перамогі. У Маскве ў Дзяржаўным гістарычным музеі ўстаноўлена мемарыяльная дошка памяці вучонага-гісторыка П.А. Дзмітрыева.
У бессмяротным палку герояў, змагаўшыхся і загінуўшых за Радзіму, ёсць і прозвішча П.А. Дзмітрыева. На помніку загінуўшым воінам у парку Перамогі ў Чэрыкаве ўстаноўлена мемарыяльная дошка, якую прывезлі з Масквы родныя прафесара, патрыёта і проста чалавека — Дзмітрыева Паўла Аляксеевіча.
Канстанцін ЦІТОЎ.
(Аўтар выказвае ўдзячнасць супрацоўнікам гістарычнага музея і асабіста яго дырэктару Уладзіміру Мішчанку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыяла.)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *