Не старэе майстэрства ветеранаў

У лютым у нашым горадзе на базе раённага Цэнтра культуры прайшоў рэгіянальны адборачны тур ХІV Рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны”. У ім бралі ­ўдзел мастацкія калектывы і індывідуальныя выканаўцы Клімавіцкага, Касцюковіцкага, Краснапольскага, Крычаўскага, Мсціслаўскага, Хоцімскага і Чэрыкаўскага раёнаў. У намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное і выяўленчае мастацтва” наш раён прадстаўляла народная студыя ДПМ “Добрасць”.
У файе РЦК былі разгорнуты экспазіцыі раёнаў. Самай вялікай і мнагапланавай была выстава студыі “Доб­расць” як па творах мастацтва, так і па колькасці ўдзельнікаў (16 чалавек). Яна адразу прыцягнула ўвагу гасцей, удзельнікаў тура і гледачоў. Кіраўнік народнага калектыву Вячаслаў Якавенка прадставіў традыцыйную падняпроўскую і крычаўскую гліняную цацку, народныя вобразы, званочкі, падсвечнікі, музычныя інструменты. Любоў Яшчанка, акрамя асобных гліняных вырабаў, паказала ўнікальную выставачную кампазіцыю “Калядкі”, якая раней была адзначана прызавым дып­ломам на рэспубліканскай выставе “Калядныя ўзоры” ў Мінску. Надзея Маслакова выставіла ў экспазіцыю разнастайныя вырабы, вязаныя на спіцах. Традыцыйныя беларускія кошыкі з лазы прадаставіў майстар Сяргей Хаўбок. Цудоўныя пано з бяросты, тэкстыльныя і абярэжныя лялькі паказала Людміла Усціненка, Міхаіл Гарбуноў – кераміку: дробную пластыку, творчыя работы і іншае, вязанае на спіцах дзіцячае адзенне – Валянціна Кустрэй, а шалі “ірландскія карункі”, вязаныя кручком, — Святлана Арцюхова. Вельмі спадабалася прысутным разьба па дрэву майстра і мастака Барыса Сімагі – пано “За дабрабыт і павагу” і чарпак для лазні. Трошкі ў баку ад асноўнай выставы на некалькіх сталах ледзьве размясціліся работы фотамастака Валерыя Кандратава і, у прамым сэнсе, майстра на ўсе рукі Марыны Старавойтавай. Нікога не пакінулі абыякавым таямнічыя, чароўныя краявіды і вялікая разнастайнасць вырабаў майстрыхі, бо тут было бісерапляценне, вышыўкі, шытво, вязанне, лялькі, цацкі, кераміка, арыгамі, пэчворк, бяроста… Крычаўскі жывапіс прадстаўлялі мастакі Пётр Сцебіхаў, Уладзімір Ерафееў, Сяргей Масіха і Уладзімір Іваноў.
Па выніках адборачнага тура на абласны прайшлі Крычаў, Мсціслаў і Краснаполле. І вось у Бялынічах саб­раліся лепшыя калектывы Магілёўскай вобласці. Тут прайшлі заключны канцэрт і выстава работ дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва. Вялікім пос­пехам карыстаўся крычаўскі жывапіс. І не выпадкова ўсе прызавыя месцы ў намінацыі “Выяўленчае мастацтва” дасталіся нашаму раёну: Уладзімір Іваноў узнагаро­джаны дыпломам І ступені, Уладзімір Ерафееў – ІІ, Пётр Сцебіхаў і Сяргей Масіха – ІІІ. Народная студыя “Доб­расць” у намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастац­тва” атрымала дыплом ІІ ступені. Нівод­ны калектыў вобласці не быў удастоены такога суквецця дыпломаў. І сапраўды, не старэе майстэрства ветэранаў “Добрасці”.
С. ДЗМІТРЫЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *