“Лічбы бачу, як рэнтген”


З пяшчотай Галіна Мазалькова ўспамінае сямейную традыцыю. Баць­ка на святы заўсёды рабіў падарункі, хоць, часам, і сціплыя. Трапна падмечана: галоўнае – не падарунак, а ўвага. Маці часцяком атрымлівала паркалё­выя кофтачкі. А калі дзяўчынка вучылася ў 6-7 класе, бацька ім з сястрой Людмілай падарыў духі. У тыя часы такая рэч была рэдкасцю, таму яны вельмі радаваліся падарункам. Нарадзілася жанчына ў Крычаве. Маці ўсё жыццё рабіла поварам у грамадскім харчаванні, бацька – служачым у ваенкамаце. Скончыўшы СШ № 1, дзяўчына пас­тупіла ў тэхнікум на спецыяль­насць “бухгалтарскі ўлік”. Ёй вельмі падабаўся гандаль, у дзяцінстве захаплялася гульнёй у магазін. Пасля тэхнікума маладога спецыяліста накіравалі на працу ў Крычаўскае райста, у якім яна рабіла 4 гады старшым бухгалтарам. Затым па накіраванні раённага ваенкамата паехала ў ГДР, дзе стаяла група савецкіх войскаў. У горадзе Бад-Зараў Галіна Мазалькова рабіла старшым бухгалтарам матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння рэабілітацыйнага цэнт­ра, які адносіўся да лётнай арміі. У ім праходзілі рэабілітацыю лётчыкі, якія ляталі на рэактыўных самалётах і перавысілі норму палётаў. На радзіму дзяўчына вярнулася толькі праз два гады. Выйшла замуж за афіцэра. З будучым мужам была знаёмая яшчэ з дзяцінства, жылі побач, сябравалі, але пасля школы шляхі разышліся. Хлопец паступіў у Вышэйшае танкавае каманднае вучылішча ў Казані. Пасля вучобы юнака накіравалі ў Адэскую ваенную акругу ў горад Ціраспаль. Водпуск якраз і супаў з часам, калі ў Крычаў з Германіі вярнулася Галіна. Даўнія сябры ўбачыліся, пачалі сустракацца, а неўзабаве і ажаніліся. Галіна паехала за мужам у Ціраспаль. Пераезды, новыя краіны, людзі, умовы… Спачатку маладая сям’я апынулася у горадзе Чайбалсан у Манголіі – мужа накіравалі на службу ў Забайкальскую ваенную акругу. Жонкам афіцэраў праца­ваць не дазвалялася, таму Галіна Уладзіміраўна сачыла за бытам. Маладыя людзі туліліся ў пакойчыку ў кватэры на 2 сям’і. Нара­дзілася іх старэйшая дачка Алеся. Манголія выпрабоўвала складаным кліматам. “Зімой – мароз да -56o, летам – гарачыня да +52o, – успамінае суразмоўца. – Манголія – гэта голы стэп, навокал толькі кавыль расце і вярблюды ходзяць”. Да ўсяго, жылі высока над узроўнем мора – не хапала кіслароду. Праз 4 гады муж пайшоў на павышэнне. Сям’я пераехала ў Бурацію, у горад Кяхта. Спачатку мясцілася ў доме афіцэрскага саставу з пячным ацяпленнем. “Жылі на прывазной вадзе – аўторак і пятніца, як зараз помню, таму эканомілі, канечне”, – падзялілася суразмоўца. Праз некаторы час сям’і далі 2-пакаёвую кватэру. У Бураціі жанчына рабіла нянькай у дзіцячым садку. Нарадзілася малодшая дачка Вольга.
Затым – Прыволжская ваенная акруга, горад Краснаармейск. Там Галіне Мазальковай удалося ўладкавацца па прафесіі – бухгалтарам. Рабіла спачатку на заводзе, затым у вучылішчы. У Краснаармейску муж у званні маёра выйшаў на пенсію і пайшоў у адстаўку. Сям’я вярнулася ў Ціраспаль. Галіна Уладзіміраўна рабіла галоўным бухгалтарам усіх рынкаў горада. І вось, здавалася, усё – з пераездамі скончана. Ніякага чарговага прывыкання да новых умоў, да розных людзей з іх своеасаблівымі менталітэтамі. “Прыгожы квітнеючы горад, які патанае ў садах”, – такім паўстае ў памяці жанчыны Ціраспаль. Але пачаўся прыднястроўкі канфлікт. Мазальковы вымушаны былі з’ехаць. І вярнуліся яны, канечне, на радзіму, у Крычаў. Тут Галіна Уладзіміраўна некаторы час рабіла галоўным бухгалтарам ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Перад пенсіяй і яшчэ 2 гады пасля працавала спецыялістам у аддзеле энергетыкі УКВП “Камунальнік”. Пра работу расказвае з вялікім захапленнем. “Я і зараз выбрала б сваю прафесію, лічбы бачу, як рэнтген. Калі сумняваюся ў іх правільнасці, пачынаю “дакапвацца”. На працы магла заставацца дапазна, пакуль не супадуць усе лічбы”. Галіна Мазалькова лічыць, што галоўнае – любіць прафесію, тады праца будзе ў радасць.
Усё жыццё жанчына марыла вязаць кручком. Добра вязала яе маці: абрусы, абажуры, сурвэткі… Але самой Галіне Уладзіміраўне ўсё было не да вязання – пераезды, сям’я… А на пенсіі з’явіўся вольны час, які можна прысвяціць сваім запаветным жаданням. Жанчына пайшла ў аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ­РЦСАН. ­Здзейсніць мару дапамагла кіраўнік гуртка Рыта Кавальчук. Кручок даваўся няпроста, першы час Галіна Уладзіміраўна казала: “Лепш 50 балансаў зрабіла б”. Пачынала з вязання палавічкоў са стужак. Зараз асвойвае стужкі з пакетаў з-пад малака. Вяжа дыванок, на які ўжо выкарыстала 15 пакетаў. Збіраць іх дапамагаюць дзеці, яны маюць свае сем’і, таму малака бяруць больш. Старэйшая Алеся пайшла па слядах маці – стала бухгалтарам, жыве і працуе ў Магілёве. Малодшая Вольга скончыла медвучылішча, працуе ў сталіцы. Сваю аддушыну Галіна Мазалькова знайшла ў аддзяленні. “Зносіны вельмі важныя, калі чалавек адзінокі”, – кажа яна. Вечары жанчына праводзіць за чытаннем часопісаў пра здароўе, агарод, пра мясцовыя навіны даведваецца з раённай газеты. А пра агарод кажа: “Гэта маё хобі. Люблю вырошчваць агародніну”. Летам прыязджаюць унукі Ягор і Дзям’ян. Купаюцца ў Сожы, захапляюцца футболам. Ды і бабуля стараецца больш хадзіць пешшу, 4 км з Рэпіна ў аддзяленне ў мікрараён Сож і назад. У жыцці галоўным лічыць прыстойнасць і сумлен­насць: “Не ў брыво, а ў вока”. І сама – такая ж прамалінейная.
Анжэліка Саўчанка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *