“Талент” раскрывае таленты

“Сама я — творчая асоба”, — смяецца Вікторыя Попель у адказ на пытанне, як узнікла ідэя стварэння гуртка тэатральнай творчасці “Талент”. Дзяўчына хацела быць артысткай, ды не склалася. Але ўсё роўна выбрала блізкую спецыяльнасць – “культуралогію”, скончыла Інстытут сучасных ведаў імя Шырокава. Прыйшла на працу ў аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту РЦСАН і адразу выступіла з ініцыятывай – стварыць тэатральны гурток. Кіраўніцтва ідэю падтрымала, і ўжо паўгода “Талент” раскрывае таленты наведвальнікаў аддзялення, якія яны часам і самі не падазравалі. У гуртку займаюцца Ганна Гузун, Людміла Мітраховіч, Ларыса Цыганкова, Валянціна Даніленка, Наталля Паўлючэнка… Жанчыны нават прапаноўваюць рэпертуар. Сваімі ўражаннямі падзялілася Л. Мітраховіч: “Вельмі люблю чытаць вершы, яшчэ ў школе выступала на святах. Люблю творчасць, натхненне, паездкі з канцэртамі. А працавала майстрам жалезабетоных канструкцый – усе ­здзіўляюцца”.
Удзельнікі гуртка падрыхтавалі мініяцюру “Бабуля рана ўстала”, якую паказалі на абласным фес­тывалі мастацкай самадзейнасці. Напярэдадні навагодніх святаў парадавалі выс­тупленнем пацыентаў бальніцы сястрынскага догляду. Да 8 Сакавіка паставілі казку на новы лад “Курачка Раба”. Аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту наведваюць 58 чалавек. Самым сталым – больш за 85 гадоў. Наведваюць аддзяленне па інтарэ­сах. Адны займаюцца ў гуртках, другія прыходзяць паслухаць бацюшку, трэція ўдзельнічаюць у конкурсах…
Анжэліка Саўчанка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *