“Школа – гэта маё жыццё”

 

«Школа – гэта маё жыццё”, – кажа нас­таўніца Галіна Чулкова. Адразу пасля студэнцкай лаўкі філолаг трапіла ў СШ № 3, дзе і прарабіла ўсё жыццё. Яшчэ гадоў дзе­сяць працавала на пенсіі, некаторы час – у Сакольнічах. Сельская школа, па словах суразмоўцы, пакінула ў памяці асаб­лівыя ўспаміны. І зараз Галіну Мікалаеўну кіраў­ніцтва СШ № 3 часцяком запрашае падмяніць каго-небудзь з выкладчыкаў. «Гэта ўзнімае мне настрой,” – прызнаецца сураз­моўца. Настаўніцай была яе маці, такую прафесію абралі і дочкі Галіны Мікалаеўны. Яна вельмі любіць дзяцей, работу і беларускую мову, на якой піша вершы. Самыя яркія школьныя ўспаміны звязаны з паходамі, паездкамі, лагерамі працы і адпачынку… «Усе вёскі ў раёне абышлі, у Крым ездзілі, спектаклі ставілі, школьныя святы арганізоўвалі, кожны ўрок стараліся зрабіць цікавым, каб годна выха­ваць вучняў”, – сказала настаўніца. З асаблівым захап­леннем яна ўспамінае спектакль «Паўлінка”, які паказвалі ва ўсім горадзе – знакаміты твор Я. Купалы вучні ўвасобілі ў жыццё разам з настаўнікамі.
Выпускніца СШ № 5 Галіна Балоннікава ўспомніла адну з апошніх сустрэч са сваімі аднакласнікамі. Прыйшоў 21 чалавек. Вышэйшая адукацыя – у траіх, астатнія скончылі тэхнікумы, і кожны з іх  – прафесіянал сваёй справы, добры майстар. «Раней дзеці імкнуліся вучыцца, былі доб­разычлівымі, стараліся дапамагаць адзін аднаму і перажывалі, калі не­хта атрымаў дрэнную адзнаку. Мы вельмі паважалі сваіх настаўнікаў і заўсёды іх слухалі”, – расказала Галіна Сяргееўна, якая і сама стала настаўніцай. Яна ўспамінае свой першы клас, у якім была класным кіраўніком. 36 чалавек: 24 хлопчыкі і 12 дзяўчынак – няпросты клас. Кожную суботу ў 8.00 – бацькоўскі сход, на якім разглядалі паводзіны вучняў. І што больш за ўсё здзіўляла настаўніцу, дык гэта тое, што бацькі самі абмяркоўвалі, як паводзяць сябе вучні, не чакалі, пакуль скардзіцца пачнуць нас­таўнікі. «Дзеці «гарэлі”, хацелі вучыцца, было шмат медалістаў. Праводзіліся сацыя­лістычныя спаборніцтвы і пераможцаў узнагароджвалі цікавымі экскурсіямі. Мы ездзілі ў Брэст, Смаленск…”, – расказала Г. Балоннікава.
Многіх людзей школа звязала моцным сяброўствам. Так, Алена Несцерава і Валянціна Леўчанка пазнаёміліся яшчэ ў падрыхтоўчым класе, дзе і пасябравалі. Затым дзяўчынкам паспрыяў сам лёс – яны трапілі ў ­адзін клас 4-й школы. Пасля 8 класаў вучаніцы перайшлі ў СШ № 5, якую скончылі ў 1986 годзе. У вольны час яны любілі набраць у бабулі яблыкаў і пайсці пагуляць, паразмаў­ляць і падзяліцца сакрэтамі. Адна без другой – нікуды, настолькі моцным было іх сяброўства. Захоўваюць яго жанчыны і дагэтуль, дзясяткі гадоў, нягледзячы на адлегласць Крычаў–Мінск.
Дырэктара Бельскага ВПК д/с-СШ Сяргея Марозава стаць настаўнікам фізікі натхнілі яго настаўнікі. З асаб­лівай павагай успамінае ён Марыю Маеўскую, сваю першую настаўніцу ад Бога, як кажа суразмоўца. Ён скончыў сельскую школу, і ўжо 25 гадоў выкладае сам. Свае школьныя гады ўспамінае з  натхненнем – вясёлы, цікавы быў час. «Мы самі былі ініцыя­тарамі розных святаў, спартыўных мерапрыемстваў, не чакалі загадаў”, – расказаў Сяргей Анатольевіч. Вучнем ён актыўна ўдзельнічаў у алімпіядах, конкурсах майстэрства сярод навучэнцаў. Так, быў клас, дзе вучылі на трактарыстаў, і многія школьнікі на гэтай прафесіі і спынілі свой выбар. А настаўнікамі з класа, у якім вучыўся Сяргей Марозаў, сталі 5 чалавек з 24.
Выпускніца СШ № 6 Наталля Жлоба скончыла навучальную ўстанову амаль 30 гадоў таму. Аднакласнікі, асабліва хто жыве недалёка, стараюцца сустракацца кожныя 5 гадоў. Але часцей збіраюцца летам, калі ­ідуць у водпуск. На пытанне, ці вярнулася б у школу, Наталля Анатольеўна, не раздумваючы, адказвае: «Адназначна!”. Яна вучылася ў профільным класе па хіміі, таму адразу гэты ўрок і ўспамінае. Заслуга ў гэтым і нас­таўніцы Галіны Ягоранка, якая сваім прадметам умела зацікавіць вучняў.
Школа – гэта, у першую чаргу, дзеці. А дзеці, бывае, любяць пасваволіць. Правініцца часам мо­гуць і старанныя вучні. Так, першае, што ўспамінаецца Наталлі Быкавай, – гэта як разбіла акно. У раз­дзявалцы пасля фізкультуры вучні вырашылі пакідацца кедамі. Вось так і трапіла Наталля ў шкло. Бацькам, канечне, прыйшлося заплаціць за шкоду. А Наталля, па яе словах, яшчэ доўга перажывала. Напэўна, таму праз столькі гадоў пасля заканчэння школы яна і ўспомніла гэту гісторыю.
Педагог-арганізатар СШ № 8 Алена Багданава скончыла СШ № 6. На сустрэчу з аднакласнікамі абавязкова ходзіць кожныя 5 гадоў. «Клас быў дружны, усе добра вучыліся”, – расказала яна. Першае, што ўспамінае Алена Валер’еўна, – гэта школьная зарадка і дырэктар з рупарам. А перад першым урокам вучні хаваліся ў прыбіральні, дзе спісвалі матэматыку. Школьнікі вельмі баяліся настаўніцу, якая з самага ранку збірала сшыткі, каб вучні не паспелі спісаць. Алене Багданавай успамінаюцца, канечне, школьныя экскурсіі.
Вось такімі – разнастайнымі, цікавымі, вясёлымі – былі школьныя гады. Выпускнікі з задавальненнем вярнуліся б у бесклапотнае дзяцінства, да сваіх любімых настаўнікаў. У сваю чаргу, нас­таўнікі, якія пом­няць сваіх старанных вучняў,  з радасцю правялі б для іх урокі, схадзілі ў паход…
Анжэліка Саўчанка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *