“Жыльцы – мае сябры”

 

Чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць. На жыльцоў інтэрната (Сож, 23) прыбіральшчыца Наталля Міхайлава не скардзіцца – чысціню яны стараюцца захоў­ваць. Тым не менш, клопатаў хапае – парадак трэба навесці на ўсіх пяці паверхах інтэрната. Памыць падлогу, вокны, сцены, умывальныя пакоі, лесвічную пляцоўку… Як спраўляецца з вёдрамі ды швабрамі гэта прыемная, абаяльная жанчына? «Спраўляюся. А што рабіць? Працаваць трэба!” – адказвае яна. Усмешлівая, вясёлая, жыццярадасная – такая Наталля Міхайлава. Як ёй удаецца захаваць свой аптымізм? І адкуль увогуле ў жанчыны столькі бадзёрасці? Такімі жыццелюбівымі былі, па яе словах, бацькі. Свае дзіцячыя гады Наталля ўспамінае з задавальненнем: «Дзяцінства радаснае было. Бацькі куплялі нам з сястрой усё, што мы хацелі, хоць веласіпед. Я любіла, калі з садка мяне забіраў бацька, бо пасля мы ішлі ў магазін, дзе набывалі якую-небудзь цацку. А вось маці была больш строгая”. Напэўна, такое дзяцінства, напоўненае цеплынёй і дабрынёй, і заклала ў жанчыне аптымістычны настрой на дарослае жыццё. 
Менавіта ад родных Н. Міхайлавай перадалася і працавітасць. Яе бацька, Уладзімір Леанідавіч Кутусаў, быў трактарыстам, усё жыццё рабіў у калгасе. Маці, Тамара Ігнацьеўна, рабіла і нянькай, і кандуктарам, і пакаёўкай. Зараз пакаёўка і сястра Наталлі, Таццяна. Да парадку і працы дзяўчынкі прывучаліся з дзяцінства. Таццяна прыбірала ў доме, у абавязках Наталлі было прыносіць ваду і мыць посуд. Летам сёстры палолі агарод. «Не выпалеце колькі трэба, гуляць не пойдзеце!” – выхоўвала маці. Дзяўчаты ўставалі раней, каб справіцца са справамі і хутчэй пабегчы на рэчку. Нарыхтоўвалі сена – сям’я трымала нямалую гаспадарку: дзве каровы, свінні… А вось быка даглядаў толькі бацька, астатнія суровую жывёліну баяліся. 
Пасля школы Наталля Міхайлава паступіла ў агратэхнічны каледж на повара. Паехаць на вучобу ў іншы горад не магла – трэба было дапама­гаць бацькам па гаспадарцы. Гата­ваць ёй па­да­бала­ся. А за­раз гэта ўвогуле – ­самае галоўнае яе захапленне. Працаваць па спецыяльнасці не давялося, затое дома… «Кухня – маё хобі”, –  кажа жанчына. 
Пасля каледжа Наталля выйшла замуж. Затым пайшла ў дэк­рэтны водпуск, з якога выйшла на працу прыбіральшчыцай і працуе ўжо 17 гадоў. «Вельмі добры, адказны работнік, прыбірае чыста”, – кажа пра яе загадчыца інтэрнатаў УКВП «Камунальнік” Галіна Шушмаркіна. Будучага мужа Сяргея Наталля сустрэла ў клубе. Хлопец запрасіў дзяўчыну патанцаваць, так і зарадзіліся адносіны. І разам ужо 22 гады (бронзавы шлюб). Жанчыне, якой хапае прыбірання на працы, пашанцавала – прыбі­раць любіць муж. Вясковы хлопец, ён дапамагаў маці па дому, бо дзяўчат у сям’і не было. 
З дзяцінства бацькі прывучылі да парадку і сваіх дзяцей. Старэйшы Максім жыве ўжо асобна, працуе на Клічаўшчыне начальнікам малочнага цэха. Галоўны абавязак 6-класніка Сяргея – рыхтаваць урокі, маці абавязкова праверыць. Хлопчык захап­ляецца футболам. «Мячы, красоўкі не паспяваем купляць”, – усміхаецца маці. Дзяцей яна, як у свой час яе бацькі, па магчымасці стараецца балаваць. Старэйшы сам ніколі нічога не прасіў. А малодшы ведаў, што яму ні ў чым не адмовяць, таму і патрабаваў. «Чакаў са школы брата, які прыносіў яму булачкі”, – кажа маці. Усе святы яны разам. Сумесна з сям’ёй сястры Таццяны яны з’язджаюцца ў бацькоўскі дом, да  любімай маці. А жыве прыбіральшчыца ў тым інтэрнаце, дзе і працуе. Усіх тут ведае, кажа: «Жыльцы – мае сябры”.   

Добавить комментарий