Дапамагала сяброўская падтрымка

«Трапіш у атаку – бяжы наперад, не спыняйся, інакш станеш мішэнню.

 

«Трапіш у атаку – бяжы наперад, не спыняйся, інакш станеш мішэнню. Спынішся – лягчэй будзе прыцэліцца ў цябе”, – такую параду на зыходнай даў Ігару Бярозку старэйшы таварыш Віктар Каваленка, які ўжо паспеў адслужыць. Але спачатку была вучэбка ў Фергане, дзе маладых байцоў размеркавалі па спецыяльнасцях. Ігар адвучыўся на снайпера, і ў лістападзе 1987 года для 19-гадовага хлопца пачалася служба ў Афганістане. Суразмоўца захоўвае фотаздымкі з таварышамі, розныя публікацыі пра іх: баявыя пазіцыі, горы, «вяртушкі…”. Паказвае фота – і вочы пачынаюць свяціцца, з’яўляецца ўсмешка. Са здымкаў глядзяць жыццярадасныя, усмешлівыя хлопцы. У самым страшным становішчы – на вайне – яны не страчвалі веру ў лепшае. Дапамагала падтрымка адзін аднаго. 16 салдат, 16 надзейных сяброў. Былы воін-афганец кажа: «Моцныя былі хлопцы. На жаль, двое таварышаў загінулі”. І. Бярозка на чужой далёкай зямлі сустракаў суайчыннікаў. Прыгадвае крычаўлян Ю. Клімянкова, В. Скараходава… Многія таварышы знайшліся праз час. Дзясяткі гадоў і сотні кіламетраў не сталі перашкодай для моцнага сяброўства, якім звязала маладых хлопцаў небяспечная служба ў Афганістане. 
«Барадатыя, спусціліся з гары да сваіх, галоўнае – да вады дарвацца”, – былы афганец успамінае адну з баявых гісторый. Некалькі вечароў ворагі абстрэльвалі камандны пункт палка. Перад салдатамі паўстала задача – знайсці карэкціроўшчыка, які паказвае каардынаты куды біць. 8 байцоў узялі зброю і адправіліся ў горы. «Вечарам вас забяром”, – запэўнілі ў палку. У выніку, знайшоўшы пазіцыю ворага, салдаты вярнуліся толькі праз 15 дзён. Ды і ўвогуле жылі, у асноўным, у гарах. «Стаялі пад Кабулам – 4 тысячы метраў вышыня, прадукты нам «вяртушкамі” дастаўлялі”, – успамінае былы «Бяроза” – такі быў яго пазыўны на заставе. А яшчэ тэмпература была градусаў 40 гарачыні, магла і рэзка ўпасці: з’явіцца воблака – і ўжо +5.    
У 1988 годзе пачаўся вывад савецкіх войскаў з Афганістана. Ігар Бярозка ў складзе калоны рушыў на Кандагар, затым на Кабул. Тыдзень на адпачынак. Пасля салдаты вярнуліся і суправаджалі да Кабула іншыя калоны, якія выходзілі з Афганістана. А ў чэрвені камандзіры паказалі хлопцам гару ў Кабуле і сказалі: «Зімаваць будзеце тут, уладкоўвайцеся”. Байцы ахоўвалі паўднёвыя падыходы да горада. І. Бярозка мяжу перайшоў у студзені 1989 года. Да мая служыў у Віцебскай дывізіі. 
Вярнуўся ў Крычаў, уладкаваўся мулярам. Да службы ён скончыў Рослаўскі тэхнікум па спецыяльнасці «тэхнік-будаўнік”. Пра Афганістан кажа: «Не шкадую, што служыў, праверыў сябе на трываласць”. Як пацвярджэнне – медалі «За баявыя заслугі”, «Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа”.
Праверыў сябе на трываласць і шлюб Ігара Аляксандравіча. У мінулым снежні сям’я адзначыла нікелевую гадавіну. З жонкай Тамарай мужчына пазнаёміўся пасля школьнага выпускнога вечара, на танцах. Маладыя людзі пачалі сустракацца. Але іх чакала паступленне ў розныя навучальныя ўстановы, якія развялі шляхі закаханых. Аднак лёс звёў іх зноў праз 5 гадоў, на вяселлі ў сяброў, дзе маладыя людзі выступалі шаферамі. У хуткім часе ажаніліся і Ігар з Тамарай. Яны выхавалі і ажанілі сына Рамана, зараз чакаюць унукаў. Тамара – усмешлівая, вясёлая жанчына, з захапленнем расказвае пра агульны сямейны адпачынак – разгадванне красвордаў. «Гэта «вайна”, – смяецца жанчына, – хто першы схапіў, той і разгадвае. Ці адзін чытае ўслых і разгадваем удваіх”. Глядзяць разам біятлон, прызнаюцца, што любяць Дом-рачаву. Таксама Ігар зацікавіў Тамару хакеем. Словам, вольны час імкнуцца праводзіць разам, і так 28 сямейных гадоў.
                                      

Добавить комментарий