“Усё – у характары”

 

 У характары настаўніцы пачатковых класаў СШ № 5 Людмілы Гамолка –  любіць дзяцей. Менавіта таму за 30 гадоў работы яна ніводнага разу не расчаравалася ў сваёй прафесіі. «Бацькі даверылі мне самае дарагое – сваіх дзяцей, і я заўсёды адчуваю адказнасць, – сказала Людміла Мікалаеўна. – Я стараюся зрабіць навучальны працэс цікавым, карысным, творчым, каб у дзяцей было жаданне бегчы ў школу, дзе яны адчувалі б сябе ўпэўненымі, паспяховымі і ахаванымі”. І як жа зацікаўлівае вучобай маленькіх непаседаў іх першая настаўніца? На ўроках яна актыўна выкарыстоўвае гульні: «Так прыцягваю ўвагу. Дзеці любяць усё незвычайнае”. Вялікае значэнне надаецца выхаванню творчай асобы, таму вучням даюцца творчыя заданні. Напрык­лад, прачыталі апавяданне, прааналізавалі, а затым  прыдумалі красворд, загаловак, падабралі прыказкі, зрабілі інсцэніроўку. Калі ў дзіця будзе інтарэс, тады бу­дзе і жаданне вучыцца. Творчыя заданні настаўніца любіць прыдумваць сама. Таксама яна чытае спецыялізаваную літаратуру, часопісы  «Пачатковая школа”, «Пачатковае навучанне”, «Настаўніцкую газету”, удзельнічае ў метадычных аб’яднаннях. 
Паміж настаўнікам і вучнем павінна існаваць узаемная павага. Гэта раней кагосьці ставілі ў прыклад, сёння ж дзіця – індывідуальнасць, таму важна да кожнага знайсці падыход. Людміла Гамолка лічыць, што ва ўсіх вучняў ёсць здольнасці, проста ім трэба знайсці прымяненне. Напрыклад, калі дзіця няўседлівае, гэта значыць, што можа дасягнуць поспехаў у спорце. Каму не да­дзена матэматыка, таму дадзена чытанне. Таму трэба даваць навучэнцам заданні па іх здольнасцях, не складаней. Канечне, хацелася б адных уважлівых, старанных першакласнікаў. «Але я для чаго тут стаю? – пытаецца суразмоўца. – Каб навучыць, знайсці падыход і да гіперактыўнага, і да ціхоні”. Настаўніца, бывае, ставіць сябе на месца бацькоў сваіх вучняў. А як бы яны зрабілі? Гэта дапамагае знайсці ўзаемаразуменне ў пэўных сітуацыях. Дарэчы, вельмі важна, каб і бацькі ўдзялялі дзецям дастаткова часу, займаліся з імі дадаткова, бо поспех навучэнца – гэта вынік работы настаўнікаў і бацькоў, не інакш. 
«Мая задача – закласці ў маленькім чалавечку зярнятка дабра, справядлівасці, чуйных адносін да прыроды, любоў да роднай краіны, даць разуменне таго, што ён – школьнік, член грамадства і галоўнае для яго – не нашкодзіць іншым”, – лічыць Людміла Гамолка. Нарадзілася яна ў Крычаве ў сям’і рабочых, вучылася ў СШ № 7. «Я любіла сваіх настаўнікаў, хацела быць падобнай на іх”, – так вызначылася з прафесіяй суразмоўца. З павагай яна ўспамінае сваю першую настаўніцу Фенію Іванаўну Жданаву, класнага кіраўніка Міхаіла Карнеевіча Дземянкова, з захапленнем – урокі рускай мовы Валянціны Іванаўны Чубаравай, урокі фізікі Зоі Іванаўны Дудыка. Першую педагагічную практыку Людміла Іванаўна праходзіла ў СШ № 5, дзе «ўліцца” ў работу ёй дапамагла Таццяна Данілаўна Карагодава. Загадчык дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Радзівонава расказвае пра калегу: «Вельмі актыўная, у рабоце кіруецца інавацыйнымі тэхналогіямі, умее знайсці падыход да бацькоў”. Людміла Гамолка неаднаразова адзначалася граматамі раённага і абласнога выканкамаў. Як дасягнуць поспеху? «Любіць работу і сур’ёзна да яе ставіцца, жыць прафесіяй і па-за школай, і дома думаць, як заўтра зрабіць урок лепш, чым сёння”, – сказала настаўніца. Дапамагае добры калектыў, у якім заўсёды знаходзіцца падтрымка. Людміла Гамолка больш за 15 гадоў вядзе бацькоўскі клуб «Дыялог”, у якім абмяркоўваюцца пытанні навучання, ролі сям’і ў выхаванні дзяцей… Па словах настаўніцы, галоўнае, каб яе праца прыносіла людзям карысць і заставалася ў іх сэрцах.  

Добавить комментарий