“Ёсць у нас такі залаты чалавек”

Так сказалі ў аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму РЦСАН пра сацыяльнага работніка Людмілу Кірпічэнка. Добрай думкі пра яе і людзі, якіх яна абслугоўвае. «

 

Так сказалі ў аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму РЦСАН пра сацыяльнага работніка Людмілу Кірпічэнка. Добрай думкі пра яе і людзі, якіх яна абслугоўвае. «Прыстойная, старанная, усё робіць, што ні папросіш”, – кажа 80-гадовая Валянціна Захараўна Кандрацьева, якую сацыяльны работнік даглядае паўгода. Доўгі час яе абслугоўвала Тамара Канарэйка. Жанчына пайшла на пенсію, і цяпер на яе месцы робіць Людміла Кірпічэнка. «Добра, што ёсць такая служба – і дапамогуць, ды і проста пагаво­раць”, –  дадае Валянціна Захараўна. Зараз асабліва шмат працы, бо трэба падрыхтавацца да зімы: прыбраць, вокны паставіць… І гэтыя клопаты кладуцца на плечы сацработніка. Прынесці вады з калонкі, памыць, схадзіць за прадуктамі, лекамі… «Летам яшчэ самі варочаемся патроху. А вось зімой поўна спраў – і дарожкі пачысціць ад снегу, і дроў унесці…” –  кажа Валянціна Кандрацьева, якая жыве ва ўласным доме. Яна пераехала ў Крычаў з Чарнобыльскай зоны. Самая апошняя, са слязамі на вачах, пакінула родную хату на Чэрыкаўшчыне. 
Людміла Кірпічэнка, дарэчы, таксама прыезджая, таму, напэўна, як ніхто можа зразумець пачуцці сваёй падапечнай. Жанчына нарадзілася ў Клімавіцкім раёне. Бацька працаваў вадзіцелем, маці – майстрам на маслазаво­дзе. Менавіта маці і паўплывала на выбар прафесіі дачкі, якая  скончыла Буйніцкі тэхнікум і стала лабарантам малочнай прадукцыі. Пасля, як маці, рабіла на маслазаводзе, пакуль не выйшла замуж і не пераехала ў Крычаў. Тут яна працягвала працаваць на маслазаводзе  смятанавырабляльнікам. Праз 16 гадоў, калі прадпрыемства закрылі, Людміла Кірпічэнка пайшла ў РЦСАН. І вось ужо больш за 12 гадоў яна раздзяляе са сваімі падапечнымі іх радасці і няшчасці, акружае ўвагай і цяплом. Сацработнік абслугоўвае 10 чалавек. У дзень абхо­дзіць палову падапечных. Увогуле яна наведвае каго 2, а каго і 3 разы на тыдзень, у залежнасці ад пажадання чалавека. І ўвесь дзень на нагах. «Дамой вяртаецца проста чалавек, не гаспадыня, не маці… – кажа Людміла Аляксееўна пра тое, наколькі стамляецца. – Учора,  напрыклад, у 7 гадзін вечара прыйшла”. Добра, што дапамагае дачка Таццяна, якая жыве разам з бацькамі: «На ёй, можна сказаць, уся сям’я трымаецца”. Толькі на выхадных удаецца жанчыне адпачнуць, паняньчыцца з унучкай.  
Ад Валянціны Кандрацьевай шлях сацработніка ляжыць з вуліцы К. Маркса на Савецкую, да другой падапечнай, Раісы Іванаўны Патапенка. «Шчырая, добразычлівая, чуйная. Заўсёды даводзіць справу да канца, хоць прыходзіцца і лішні час папрацаваць. Яна не лічыць хвілін. Побач з ёй ідуць дабрыня, павага і любоў да людзей. Яна дапамагае жыць, ты бачыш, што не адна – побач з табой сацыяльны работнік”, –  кажа пра Людмілу Кірпічэнка яе падапечная. І сацработнік прафесію любіць за людзей, за зносіны, у якіх ёсць узаемаразуменне. Дарэчы, як удаецца знайсці згоду з падапечнымі, бо ў кожнага з іх свой характар, свае запытанні? «Праяўляць увагу, дабрыню, чуласць да людзей, шчыра суперажываць ім”, – кажа суразмоўца. І, канечне, сацыяльнаму работніку патрэбна цярпенне, анёльскае, як кажа Людміла Кірпічэнка. З Савецкай яна спяшаецца на Усходнюю, а пасля ў другі канец горада, дзе на вуліцах Крылова і Дабралюбава яе дапамогі чакаюць іншыя падапечныя.  

Добавить комментарий