“Рух – гэта здароўе!”

 

Сама быццам дзіця. Напэўна, таму так падабаецца працаваць з дашкольнікамі  кіраўніку фізічнага выхавання ясляў-садка № 7 Таццяне Барысавай. Менавіта любоў да дзяцей вызначыла яе прафесію. Яна скончыла БДПУ імя М. Танка па спецыяльнасці «дашкольная адукацыя”. У сям’і выхавальнікаў ці настаўнікаў няма. Бацькі – інспектар РЦСАН і элект­раслесар, старэйшы брат – малодшы лейтэнант Ваеннай акадэміі. «З дзецьмі прасцей і цікавей працаваць, яны даверлівыя. Побач з імі дзіцём адчуваеш і сябе”, –  падзялілася суразмоўца. Таццяна родам з Крычава, куды адразу пасля заканчэння ўніверсітэта і вярнулася, бо выйшла тут замуж. І ў гэтай, здаеццца, зусім дзяўчынкі, ёсць яшчэ адна дзяўчынка – 3-гадовая дачка Наста. Лёгкая, мініяцюрная – сама прырода наканавала Таццяне займацца фізкультурай. Яна з захапленнем расказ­вае пра сваю работу. 
Фізічнаму выхаванню ў садках сёння надаецца вялікая ўвага. Уліч­ваюцца стан здароўя і індывідуальныя асаблівасці, бо адны выхаванцы больш рухавыя, другія менш. «Здароўе ў парадку – дзякуй зарадцы!” – штораніцы кажуць дзеці пасля гімнастыкі. Таксама выхаванцы, пачынаючы з самых маленькіх, двойчы ў тыдзень, а старэйшыя групы – тройчы, займаюцца фізкультурай. 2-3-гадовыя дзеці робяць простыя рухі, у асноўным, у гульнявой форме, што ім вельмі падабаецца. А вось са старэйшымі выхаванцамі больш складана, прызнаецца Таццяна. Іх абавязкова трэба хваліць, а заўвагі рабіць акуратна, бо дзеці вельмі крыўдлівыя. 
Яшчэ ў куртачках, шапачках, затое на дварэ. Як прыгрэла сонейка, дадаткова раз на тыдзень заняткі па фізічнай культуры пачалі праводзіць на свежым паветры. Так займацца і цікавей, і карысней. Фізкультура, дарэчы, пад музыку, пачынаецца з размінкі, затым ­ідуць практыкаванні на розныя мышцы, завяршаюцца заняткі гульнямі, якія часцяком прапаноўваюць і самі дзеці. На занятках прысутнічаюць і выхавальнікі, каб падстрахаваць дзяцей, калі яны выконваюць практыкаванні, напрыклад, на лаўках. У садку створаны ўсе ўмовы: спартыўная зала, пляцоўка, інвентар. Ёсць тут і напоўненыя каштанамі дыванкі, па якіх выхаванцы хо­дзяць басанож. Гэта ўздзейнічае на біялагічна актыўныя кропкі на ступнях, што станоўча ўплывае на здароўе. Калі ў дзіця не атрымліваецца практыкаванне, кіраўнік фізічнага выхавання працуе з ім дадаткова. Таксама тройчы ў дзень выхавальнікі праводзяць фізкультхвілінкі, паказваюць практыкаванні для вачэй, бо дзецям неабходна разрадка. 
«Адразу «ўлілася” ў калектыў. Энергічная, рухавая, камунікабельная, ініцыятыўная, чулая. Дзеці яе любяць”, – расказваюць пра Таццяну Барысаву калегі. Ідзём у старэйшую групу «Пчолка”. Пытаюся ў Дар’і Рудкевіч, ці падабаецца ёй займацца фізкультурай? «Вельмі падабаецца, асабліва бегаць”, – адказвае дзяўчынка і з захапленнем пачынае расказваць пра любімую гульню «Хітрая ліса”. Праз колькі імгненняў дзеці абступаюць з усіх бакоў і пералічваюць: «Пералёт птушак”, «Вожык”, «Зайчык”, «Вудачка”… А ці зай­маюцца спортам дзеці дома? Так, хлопчыкі падцягваюцца, дзяўчынкі танчаць. Марыя Шэндзі­кава і Марыя Карсакова могуць і на шпагат сесці. Дашкольнікі расказалі, што дапамагаюць бацькам прыбіраць, мыць посуд. А гэта таксама рух. Падтрымлівае дамашнія спартыўныя заняткі і Таццяна Барысава, бо гэта не толькі карысна для здароўя, а яшчэ і збліжае сям’ю, адцягвае ад інтэрнэту, які заваблівае ўжо з малых гадоў. Дарэчы, у садку для баць­коў аформлены стэнд з інфармацыяй, як займацца з дзіцяці.
Таццяна і са сваёй дачкой ро­біць зарадку пад музыку, гуляе на двары. Маленькая Наста катаецца на самакаце, веласіпедзе. З пацяпленнем ажывілася дзіцячая пляцоўка, дзе можна паскакаць на батуце, спусціцца з горкі, пакатацца на ролікавых каньках. «Рух – гэта здароўе! – лічыць кіраўнік фізічнага выхавання і прызнаецца: – Мне па душы актыўнасць”. Яна жыве ва ўласным доме, дзе да працы ўжо далучае і маленькую дачку, якая, напрыклад, палівае кветкі. Зацікавіць дзіця працай можна, калі падаць гэта ў форме гульні. Усмешлівая, пазітыўная, вясёлая, абаяльная, энергічная, шчырая… Такі чалавек не можа не выклікаць прыхільнасць у дзяцей. Ды што там казаць: добразычлівасць здольна «растапіць” і дарослае сэрца…

Добавить комментарий