Чаму пра Ігара Шматава кажуць, што ён майстар на ўсе рукі

 

Так кажуць аб чалавеку, які ўмее ўсё рабіць: і столяр, і цясляр, і маляр, і тынкоўшчык. Такія людзі з творчай стрункай у душы і залатымі рукамі заўсёды выклікаюць павагу. Здавалася б з самых звычайных рэчаў яны робяць творы мастацтва. У нашым раёне пражывае нямала такіх людзей. Годнае месца сярод іх займае загадчык гаспадаркі Маляціцкага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа Ігар Шматаў. Упершыню яго працы ўбачыў падчас правядзення ў Маляцічах раённых «Дажынак» пяць гадоў таму.

Тады, да гэтага мерапрыемства, ён сваімі рукамі вырабіў арку на тэрыторыі школы, замяніўшы струхлелую драўляную на металічную. Пазней у Маляцічах праходзіў Дзень сельскага Савета. Удзельнікі мерапрыемства пабывалі ў тым ліку і на школьным двары. Дырэктар навучальнай установы Ірына Грыбчанка паказала жалез­ныя канструкцыі, зробленыя рукамі Ігара Шматава. Здавалася, што яны былі выкаваныя майстэрскім кавалём. А аказалася не – усё гэта была фантазія майстра, сіла яго рук і зварка. Мы пагутарылі з Ігарам Шматавым, і вось што ён распавёў пра сябе.

– Я нарадзіўся ў Краснаярску. У Беларусь мяне прывезла бабуля, мне тады было каля чатырох з паловай гадоў. Яна выпісвала газеты «Труд», «Сельская жизнь» і гэтак далей. У адной з газет на апошняй старонцы знайшоў схему па пляценні кошыкаў. Па ёй і сплёў першы свой кошык у гэтым юным узросце. Гэты кошык як памяць у нас захоўваўся доўга. Таксама ў дзяцінстве мне маці падарыла невялікі акар­дэон. Мне вельмі падабалася выконваць на ім розныя музыч­ныя творы. Памятаю, суседская дзяўчынка пыталася, кім я буду? А я ёй адказваў, што я буду кам­пазітарам. І так атрымалася, што мяне захапіла музыка. Прыйшоўшы дамоў пасля службы ў арміі, ажаніўся і пятнаццаць гадоў адпрацаваў у Доме культуры ў адной з вёсак Мсціслаўскага раёна мастацкім кіраўніком. Масленіцы, праводзіны зімы, Купалле – усе гэтыя і іншыя народныя святы мы праводзілі ў сябе. У зімовую пару ставілі елку, якая была бачная за 20 кіламетраў. Пры гэтым я сумесна працаваў яшчэ і ў школе – выкладаў спевы, маляванне і чар­чэнне, а затым і ўрокі працы.

У 2004 годзе адкрыў асабістую справу (ІП) па рамонце і рэстаўрацыі мяккай мэблі, зай­маўся сталяр­ствам.

Затым мяне прынялі на працу ў Маляціцкую школу. У 2016 годзе ў аграгарадку былі раённыя «Дажынкі». У нас пры ўваходзе на тэрыторыю школы была драўляная арка, ужо не вельмі надзейная і эстэтычна састарэлая. І я зрабіў металічную арку. Мне гэта спадабалася, і затым пачаў рабіць іншыя кампазіцыі з метала: карэту, матылька і г.д. Вядома, метал дорага каштуе, але задумак у мяне шмат.

Да размовы далучылася і дырэктар навучальнай установы Ірына Грыбчанка:

– Рукі Ігара Юр’евіча заслугоўваюць павагі. Шмат чаго ў школе ён зрабіў імі. Калі вы пройдзеце па ўстанове адукацыі, то ўбачыце кветачніцы, падвескі для вазонаў – іх таксама вырабіў наш майстар… Ён жа збіраў сваімі рукамі адзін з навучальных кабінетаў. Таму без Ігара Юр’евіча ў школе не было б такой прыгажосці. У рабоце па адкрыцці дзіцячай пляцоўкі ў Маляцічах ён таксама быў актыўна задзейнічаны.

– Хадзем у клас, – прапанаваў Ігар Юр’евіч. – І вы сваімі вачамі ўбачыце, як я раблю гэтыя рэчы.

Мы зайшлі ў навучальны кабінет, і майстар, узяўшы ў рукі жалезныя пруты, умела пачаў над імі «чараваць». Праз некалькі хвілін жалеза, здаўшыся на ласку моц­ных рук, пачало ператварац­ца ў забаўныя ўзоры.

– Вось такія нарыхтоўкі рабіў для ўсіх кампазіцый. Калі маеце жаданне, самі паспрабуйце, як гэта робіцца і колькі для гэтага трэба прыкласці сілы, – усміхаючыся, працягвае жалезны прут Ігар Юр’евіч.

Але тут і без спроб было ясна, што справа гэта няпростая і нялёгкая.

Па прапанове дырэктара школы, падымаемся на другі паверх. Тут яна паказвае вырабы, зробленыя загадчыкам гаспадаркі: кветачніцы, столік для гульні ў шахматы, мэбля ў адным з кабінетаў, сабраная па замове педагога…

Прайшліся і па тэрыторыі школьнага двара, палюбаваліся працамі майстра. Адчувалася, што ва ўсё, што ён зрабіў, была ўкладзена часцінка яго душы, таму і атрымаліся яны прыгожымі і зараз радуюць вока вучняў і настаўнікаў, а таксама жыхароў аграгарадка.

Аляксандр Гаўрыленка.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий