Чалавек неспакойнага сэрца

Чалавек  неспакойнага  сэрца

 

«А я тут у няньках, праўнука даглядаю”, — адказала на маю прапанову сустрэцца і напісаць пра яе ў раённую газету Алена Канс­танцінаўна Гарчакова, старэйшына вёскі Сетнае Бацвінаўскага сельскага Савета. «Што пра мяне, старую, пісаць?” – усё яшчэ не згаджалася на ўгаворы.
…Вёска Сетнае размясцілася ў маляўнічым месцы. Нават цяпер, калі прырода яшчэ не прачнулася пасля зімовай спячкі, вабяць вока беластволыя бярозы, маняць да сябе невысокія пагоркі. Хату Гарчаковых шукаць не прыйшлося, яна ў самым пачатку вёскі.
Гаспадары ўжо чакалі, крыху ўсхваляваныя журналісцкай увагай. У пярэдняй на сцяне – фатаграфіі ў рамках. «Гэта я ў маладосці, – на мой уважлівы позірк з усмешкай адказала Алена Канстанцінаўна. – Не такая, як цяпер”.
А нарадзілася яна ў 1950 годзе ў Віцебскай вобласці. Пасля заканчэння Клімавіцкага саўгастэхнікума дыпламаванага ветзаа­тэхніка па размеркаванні накіравалі на Крычаўшчыну, у калгас імя Суворава. І прыжылася тут малады спецыяліст, глыбока, да праўнукаў, пусціўшы свае карані.
Спачатку працавала загадчыцай малочнатаварнай фермы ў Сычыку, а потым, калі выйшла замуж і маладыя сталі жыць у Сетным у бацькоўскай хаце Васіля Гаўрылавіча, узначаліла свінаферму.
З будучым мужам пазнаёмілася тут, у калгасе, ён працаваў ва­дзіцелем у гаспадарцы. Ішла нейк, на Касцюкоўку ёй трэба было. Спыняецца на бальшаку машына, за абаранкай – малады хлапчына. Прыглянулася яму дзяўчына. «Сядай, падвязу!”, — кажа. І падвёз. А затым і перавёз маладуху ў сваю бацькоўскую хату.

Так і «едуць” Гарчаковы разам па жыцці з 1970 года, дзелячы радасці і нягоды. У 2020 годзе будзе 50 гадоў сумеснага жыцця. «Калі ўсё будзе добра, справім залатое вяселле”, —  з задавальненнем кажа Васіль Гаўрылавіч. «Нам бы толькі дажыць”, — дадае гаспадыня. А гаспадар: «У чэрвені мне будзе 70 гадоў, 70 гадоў адтупаў. А адпрацаваў – дай Бог кожнаму”.
Жыла маладая сям’я ў хаце разам з бацькамі. Калі тыя састарыліся, даглядалі іх. «Я ні разу не пасварылася са свякрухай. А пражыла яна, слава Богу, 94 гады”, — гаворыць Алена Канстанцінаўна. «Ніколі не пасварыліся. Жылі душа ў душу”, — пацвярджае Васіль Гаўрылавіч.
Выгадавалі Гарчаковы сына і дзвюх дачок, далі ім пуцёўку ў жыццё. Але жыццё, яно ж такое: не ведаеш, дзе падсцяліць саломкі… Да гэтага часу з болем гавораць яны пра трагічную гібель сына і зяця. «Хацелі заробіць грошай у Маскве. Вось і заробілі. Маладыя такія хлопцы…” — махнуў рукой Васіль Гаўрылавіч і пагладзіў па галаве праўнука – свайго пестуна, у якім, па ўсім бачна, душы не чуе, любіць малога свавольніка.
На Новы год, дні нараджэння збіраецца ў Сетным род Гарчаковых. Наведаць бацькоў – гэта святое. Ды і малая радзіма цягне да сябе, іншы раз аж да шчымлівасці душы. Нехта скажа, што гэта не так?
Прыязджае і брат Алены Канстанцінаўны з Мінска, дапамагае бульбу пасадзіць ды ­скапаць, калі спатрэбіцца, па зварачных работах – ён выдатны спецыяліст у гэтай справе. Ну, а да ад’езду яму загружаюць багажнік аўтамабіля прысмакамі ды нарыхтоўкамі са свайго гародчыка. А гародчык – сотак пяцьдзясят. Як жа на вёсцы без хатняй гаспадаркі! Не прывыклі сяляне ляжаць пузам дагары. Корпацца, нібы тыя мурашкі, для іх – штодзённая патрэба. 
Цяпер у Гарчаковых – конь, свінні, куры, індыкі… Раней і дзвюх кароў трымалі. Сена ж гатовага не выдавалі, трэба было самім накасіць, ­высушыць. Адпрацуюць рабочы дзень у калгасе – і бягом на свой падворак, пачынаецца для іх другая рабочая змена, час якой – ненарміраваны.
А ў калгасе тады праца была цяжкая. Пакармі каровак, напаі, падаі, пачысці стойлы… І ўсё ўручную. Акрамя гумавых ботаў, на ногі нічога не надзенеш. Вось і нагадваюць цяпер пра гэта хворыя ногі, ламота ў руках.
— Не ведаю, чаго цяпер маладыя не ­хочуць працаваць, — гаворыць калгасніца з багатым вопытам за плячыма. – Мы ў свой час вельмі добра працавалі. Я на свінаферму пайшла, і свінаферма тады паднялася – дужа добрыя жанчыны-работніцы былі, высокіх паказчыкаў дабіваліся.  Мае свінаркі ішлі на ферму, як да сябе дамой, як іхняе ўсё было. Яны не лічылі, што гэта – калгаснае, магу пакарміць парасяці, а магу не пакарміць. За кожнага парасяці хваляваліся, каб дагледжанае было. Ого, каб даіць ды не дадаіць карову! Такога не было. А надойвалі тады многа – па чатыры тысячы на карову. Даярка сачыла, каб карова злучаная была, ды не абы калі цялілася, а каб сту­дзень-люты, самае большае – сакавік. А цяпер то ялаўкі, то… Тады працавалі ад чыстага сэр­ца. І фермы будаваліся, і кармацэхі, і летнія лагеры, і матачнікі былі, і адкормачнікі… Былі такія гады, што мяса свініны здавалі 110 тон у год – адна свінаферма з пагалоўем 1100-1200 галоў. Не маглі справіцца адгружаць скатавозы. Кожны месяц, кожны месяц… Во мяса было! Карміць было чым – бульбы ўдосталь, перагон давалі, цяляткам – абрат. Свінні раслі, як сліўкі.  І людзям прадавалі, і чужыя з усяго свету прыязджалі: сваім калгаснікам дзешавей аддавалі, астатнім – даражэй. Ды і жылі дружней, весялей: на працу і з працы ідзеш – з песнямі, справу сваю робіш – спяваеш, сусед будуецца – дапамагаюць усе… 
А ў 1975 годзе перадавую загадчыцу свінагадоўчай фермы калгаса імя Суворава А.К. Гарчакову выбіраюць дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР дзявятага склікання ад Крычаўскай сельскай выбарчай акругі. Да гэтага часу беражліва захоўвае яна дэпутацкі білет № 416.
Па самых розных пытаннях звярталіся людзі да дэпутата вышэйшага ўзроўню. І асабістыя праблемы вяскоўцаў вырашала, і калгасныя.
Вырашыла тадышняе кіраўніцтва гаспадаркі пабудаваць у калгасе кармацэх. Каго накіраваць «хадаком з чалабітнай” у абкам партыі? Дэпутата Вярхоўнага Савета БССР Алену Гарчакову. Прыйшла яна да першага сакратара абкама, а тады быў Камай, і кажа, маўляў, так і так, патрэбна абсталяванне. «У вас не будзе чаго перапрацоўваць”, — кажа. «Будзе!”, — упэўнена адказае яна.
І дабілася. Пабудавалі ў калгасе імя Суворава кармацэх. Тады ж збожжа гас­падарка атрымлівала, па словах калгаснікаў-ветэранаў, ой колькі! Цяпер бы старыя сказалі мовай маладых: «Вам і не снілася”.
…Хапае клопатаў у старэйшыны вёскі Сетнае Алены Канстанцінаўны Гарчаковай і зараз, хоць і не так многа, як у былыя часіны, засталося тут жыхароў. То калодзеж пачысціць, то дроў каму заказаць, каб прывезлі, то лямпачку на слупе замяніць… А тут яшчэ аўталаўка стала прыязджаць два разы на тыдзень замест трох. «Па 70-80 гадоў старым. Вось заўтра, у чацвер, возьмуць хлеба – і да паня­дзелка. Зачарсцвее той, дык бабулі, зубоў жа ўжо няма, абрэжуць скарынку і так-сяк жуюць мякіш, — распавядае старэйшына. – Калі ў горад хто паедзе, дык прывязе свяжэйшага”.
А засталося ў Сетным са старажылаў чалавек 25. Дажываюць яны свой век у радавым гняздзе. Перазімаваўшы, выйдуць увесну на вуліцу, некалі поўную дзіцячага гоману, сядуць на лавачку, падставяць сонейку маршчыністыя твары, каб сагрэла сваім цяплом. І ўспамінаюць пра сваё жыццё, чакаюць у госці ўнукаў і праўнукаў. Магчыма, надыдзе час, і вернуцца яны ў родныя мясціны, туды, адкуль пачаўся іх род. Хто яго ведае…

Добавить комментарий