“Заўсёды пры справе”

“Заўсёды  пры справе”

 

У 1954 годзе 9-класнік Адам Акуліч атрымаў пяцёрку за сачыненне «Самы памятны дзень”. Нядзельная раніца. Хмара нямецкіх самалётаў. Бомбы. Кулямётны абстрэл. Вяскоўцы ўцякаюць у лес. Маленькі Адам залёг у балоце, у моху. Над галавой – самалёты і страляніна. Хлопчык ляжаў, глядзеў на гэты жах, так і заснуў. На шчасце, яго знайшла маці, калі налёт скончыўся. Самым памятным гэты дзень застаецца для ветэрана працы А. Акуліча і сёння, больш чым праз 70 гадоў. 
Нарадзіўся ён у 1938 годзе ў вёсцы Прыбалавічы, што на Гомельшчыне. Бацькі – Цімафей Нікіфаравіч і Зінаіда Раманаўна – працавалі ў калгасе, у сям’і раслі яшчэ трое дзяцей. Няшчасце напаткала іх на самым пачатку вайны: у 1941 годзе пад Ленінградам загінуў бацька. Але родныя не ведалі, таму чакалі, пакуль у 1945-м не атрымалі паведамленне пра яго смерць. «На ўсё жыццё мне ўрэзалася ў ­памяць, як бацька ішоў на фронт і нёс на руках майго малодшага брата. Праводзілі будучых франтавікоў усёй вёскай”, – расказ­вае Адам Цімафеевіч. У пачатку вайны ў доме Акулічаў знаходзіліся партызаны атрада Каўпака. Параненыя,  яны ляжалі і на лаўках, і на падлозе. Дарэчы, у гэтым атрадзе ваяваў і дзядзька Адама Цімафеевіча. Яшчэ ­адзін дзядзька быў лётчыкам, ваявалі і іншыя сваякі. 
У 1942 годзе немцы спалілі вёску Прыбалавічы. Тых жыхароў, якія не паспелі ўцячы ў лес, злавілі. «Іх зачынілі ў магазіне, расстралялі і спалілі. Толькі адна параненая жанчына нейкім цудам уратавалася з палаючага будынка. А трое яе дзяцей загінулі”, – успамінае Адам Цімафеевіч. У лясных зямлянках і куранях Акулічы разам з іншымі вяскоўцамі былі дзве зімы. Выжывалі дзякуючы якой-ніякой жыўнасці і ацалелай на пажары бульбе – падгарэлай, задымленай, але ядомай. У родную вёску, дзе ўцалелі дзве хаты і царква, людзі вярнуліся ў 1944 годзе. Жылі ўсё гэтак жа ў куранях. Маці ткала палатно, гэтым і зарабляла. Разам з дачкой яна вазіла на каровах лес, каб паставіць хату. Жанчыны самастойна зрабілі прыбудову, далей узвесці жыллё дапамаглі мужчыны. У гэтым жа, 1944-м, годзе Адам пайшоў у першы клас. «Вучыліся пад дубамі на могілках. Не было ні сшыткаў, ні алоўкаў, толькі буквар з выявай Сталіна ў настаўніка. Пасля, да 5 класа, вучыліся ў пабудаваных хатах, затым перайшлі ў новую школу”, – расказвае Адам Цімафеевіч. Часам даводзілася прапускаць заняткі, бо хадзілі па ягады. Для школьнікаў гэта быў адзіны магчымы заробак. Ветэран успамінае: «Прасцей было сем’ям, у якіх бацькі  вярнуліся з вайны. Аднойчы маці асмелілася сказаць старшыні калгаса, што яе муж загінуў на вайне. Старшыня адказаў: «Герой – гэта той, хто вярнуўся з вайны”. Маці шмат рабіла і нас да працы прывучала. Зямлі не хапала, таму цішком сярод балот яна апрацоўвала ўчасткі, дзе вырошчвала лён, проса. Малодшая сястра рабіла ў калгасе, была перадавіком, старэйшая – у ляспрамгасе. Для жанчын праца на валцы і пагрузцы лесу была катаржнай”. 
Пасля 7-га класа Адам Акуліч пайшоў працаваць у калгас: вазіў на быках сена, салому, дровы… Цёплага адзення не было, хадзілі ў лапцях. «Я хацеў вучыцца, і маці гэта бачыла. Яна адправіла мяне ў 8 клас за 12 кіламетраў у суседнюю вёску, жыў у сваякоў. Там і правучыўся тры гады. У ня­дзелю я прыходзіў дадому, браў сала, бульбу, проса. Маці давала ў тыдзень 3-5 рублёў на хлеб. Дарэчы, каштаваў ён больш за 2 рублі за булку. Добрых адзення і абутку па-ранейшаму не насілі. І не таму, што не было грошай, неабходных рэчаў проста не было ў продажу. У 9 класе дырэктар школы дастаў мне кірзавыя боты, але і тыя 43-га памеру”, – успамінае Адам Цімафеевіч. 
Пасля школы была армія. Затым паступіў у Крычаўскае вучылішча, дзе вучыўся на экскаватаршчыка. Тут пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, маляром Нінай Яфімаўнай, з якой жыве і да гэтага часу. Ажаніліся маладыя ў 1961 годзе. Адам Цімафеевіч спачатку працаваў у Жлобіне, а ў Крычаў вярнуўся ў 1962-м, калі нара­дзілася першая дачка (усяго ў сям’і іх дзве). Тут ён уладкаваўся слесарам у воінскую часць, праз пяць гадоў стаў інжынерам майстэрні. Затым пайшоў на службу, адслужыў 20 гадоў прапаршчыкам. Ён узнагароджаны медалямі «За бездакорную службу” 1, 2 і 3 ступеняў, «60 гадоў Узброеных Сіл СССР”, «70 гадоў Узброеных Сіл СССР”, «95 гадоў войскам сувязі Узброеных Сіл”. Апошнія 10 гадоў Адам Акуліч старшынствуе ў ветэранскай арганізацыі воінскай часці, у якую зараз уваходзіць 71 чалавек. 
Адам Цімафеевіч не скардзіцца на сваё дзяцінства. Жыццё яго сям’і – гэта пастаянная праца. «Заўсёды пры справе”, – расказвае пра мужа Ніна Яфімаўна. У сям’і ёсць дача, дзе Адам Цімафеевіч займаецца пчалярствам, вырошчвае вінаград, памідоры… Ён  любіць пачытаць мастацкія творы, асабліва Пушкіна, і перыёдыку. Словам, днём пастаянна заняты. Калі нехта пытае пра адпачынак, ці глядзіць Адам Цімафеевіч тэлевізар, ён жартуе: «А што, тэлевізар і днём паказвае?”. Заставацца бадзёрым у 78-гадовым узросце яму дапамагае ранішняя зарадка. З гонарам Адам Цімафеевіч паказаў сваё генеалагічнае дрэва, карані якога пачынаюцца з 1820 года, калі нарадзіўся прашчур Лявон. Напрыканцы размовы суразмоўца па­дзяліўся, што вярнуўся б у сваё дзяцінства, нягледзячы на цяжкасці, якія тады былі. З натхненнем ён успамінае тагачасную моладзь, як танцавалі, спявалі, весяліліся. Сучаснай жа моладзі Адам Цімафеевіч жадае быць дастойнымі людзьмі – працаваць, нікога не крыўдзіць, займацца самаадукацыяй і чытаць навіны. 

Добавить комментарий