«Разумны чалавек прыдумаў такую справу»

Прынесці прадукты, прыбраць у хаце, схадзіць па лекі, напаліць у печы…

 

 

Прынесці прадукты, прыбраць у хаце, схадзіць па лекі, напаліць у печы… Вось няпоўны пералік спраў, што выконвае ў сваіх падапечных сацыяльны работнік Валянціна Лацкевіч. Сямейнай пары Антона Патапчыка і Тамары Уласенка Валянціна Фёдараўна дапамагае ўжо гады чатыры. «Разумны чалавек прыдумаў такую справу. Сацыяльнае абслугоўванне – гэта вельмі доб­рая падмога для старых, бо ў нашым ўзросце цяжка нешта рабіць. Раней такой службы не было, а сёння пра нас думаюць, клапоцяцца”, – расказаў 84-гадовы Антон Васільевіч. Па яго словах, вельмі важна, які чалавек цябе абслугоўвае. «Валянціна Фёдараўна  добрая. Яна і пагутарыць, і выканае ўсё, што папросіш. Ніякіх прэтэнзій да такіх работнікаў. Пасля размовы з Валянцінай Фёдараўнай адчуваеш сябе больш здаровым”. Валянціна Лацкевіч працуе сацыяльным работнікам 25 гадоў. «Усе падапечныя сталі як родныя, бо некаторых з іх абслугоўваю гадоў па дзесяць”, – падзялілася жанчына. 
Усяго–ў аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму Цэнт­ра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва налічваецца 591 падапечны. «Часцей за ўсё людзям патрэбна бытавая і медыцынская дапамога, – кажа загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Алеся Маліцікава. – Пералік паслуг шырокі. Да таго ж, за пэўную плату наш работнік выканае просьбу, не прадугледжаную дагаворам. Гэта, напрыклад, праца на агародзе”. Сацыяльны работнік наведвае падапечнага 2-3 разы на тыдзень. «Ёсць у нас адна бабуля, да якой ходзяць і 5 разоў. Увогуле колькасць наведванняў залежыць ад пажадання чалавека. Да кожнага падапечнага трэба знайсці падыход, умець выслухаць”, – адзначыла інспектар па асноўнай дзейнасці Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Кацярына Маліцікава. 
Аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму вядзе ўлік і абследаванне адзінокіх і непрацаздольных грамадзян. Акрамя бытавых і сацыяльна-медыцынскіх паслуг, людзям тут садзейнічаюць у атрыманні льгот, змяшчэнні ў дом-інтэрнат. «Бясплатна мы дапамагаем удзельнікам і інвалідам вайны, а таксама малазабяспечаным адзінокім непрацаздольным людзям, даход якіх ніжэйшы за бюджэт пражытачнага мінімуму. А так аплата за паслугі, на мой погляд, сімвалічная, прыкладна 8 рублёў у месяц, у залежнасці ад колькасці наведванняў”, –  працягвае размову Алеся Маліцікава. 
Усяго ў аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму працуюць 72 сацыяльныя работнікі. На аднаго з іх у горадзе даводзіцца 9 падапечных, у вёсцы – 6. «Сацыяльныя работнікі – гэта людзі, прызваныя дапамагаць пенсіянерам, ветэранам і інвалідам. Часта пажылым людзям патрэбна не фізічная дапамога, а душэўны клопат. І толькі людзі з добрым сэрцам, як нашы сацыяльныя работнікі, выслухаюць, маральна падтрымаюць і дадуць шчырую раду”, – адзначыла загадчыца.

Добавить комментарий