«Наш сэнс жыцця – дзеці»

«Дзякуючы дзецям хочацца жыць. Так, мы не заўсёды можам, напрык­лад, нешта пабудаваць, затое мы папаўняем духоўныя каштоўнасці. 

«Наш сэнс жыцця – дзеці»

 

«Дзякуючы дзецям хочацца жыць. Так, мы не заўсёды можам, напрык­лад, нешта пабудаваць, затое мы папаўняем духоўныя каштоўнасці. Словы падзякі дзяцей не параўнаць ні з чым матэрыяльным. Мы адчуваем іх удзячнасць,  нават калі яны не кажуць пра яе ўслых. Наш дом без дзяцей здаецца такім вялікім і пустым. Сёння многія людзі гоняцца за матэрыяльнымі дабротамі, а наш сэнс жыцця – дзеці”, – сказала шматдзетная маці. У прыёмнай сям’і Вольгі і Аляксандра Замяціных жывуць тры хлопцы – Іван, Павел, Сяргей – і дзяўчынка Тома. У аддзел адукацыі наконт прыёмнага дзіцяці бацькі звярнуліся, калі іх сыну Івану было гадоў дзесяць. Праз пэўны час бацькі ўзялі да сябе на выхадныя для знаёмства Паўла. І  вось ужо дзясяты год Павел жыве ў сям’і Замяціных. 
Хлопец вучыцца ў адзінаццатым класе, захапляецца спортам, маляваннем і мае шмат дыпломаў за свае дасягненні. Павел удзельнічаў у Міжнародным фестывалі дзіцячай мастацкай творчасці ў Маскве, атрымаў другое месца ў раённым конкурсе «Вайна вачыма дзяцей”. Ён – пераможца спаборніцтваў па падцягванні, скачках… «Павел увогуле не баіцца ніякай працы. Зараз ён вельмі захапіўся відэаздымкай, марыць пра камеру. Нават гатовы ахвяраваць сваім выпускным, толькі каб набыць яе,” – расказала маці. Вельмі дапамагаў у выхаванні Паўла Іван, быў прык­ладам і настаўнікам для малодшага брата. Хлопцы добра ладзілі адзін з адным. Сёння Іван – студэнт медыцынскага каледжа, будучы зубны тэхнік. 
Праз некаторы час у сям’і Замяціных з’явіўся яшчэ адзін прыёмны сын – Сяргей, выпускнік кадэцкага вучылішча. Хлопцу трэба было дзесьці пажыць, пакуль ён далей паступіць вучыцца. З сацыяльна-педагагічнага цэнтра пазванілі Замяціным і прапанавалі ўзяць яго на пэўны час, бо ён сам з Крычава. У выніку хлопец застаўся ў сям’і назаўсёды. Зараз Сяргей – студэнт акадэміі авіяцыі. «Тэлефануе нам кожны дзень, цікавіцца, як мы тут,” – расказала маці.
З чатырохгадовай Томай была падобная сітуацыя. Дзяўчынку ўзялі ад яе маці на паўгода. СПЦ, каб не адпраўляць дзіцяці ў інтэрнат, прапанаваў Замяціным на час узяць Тому да сябе. Як вынік – дзяўчынка жыве ў іх ужо два гады. «Тома адразу пачала называць нас мамай і татам. І Сяргей нас так называе. Паша – цёця Вольга і дзядзя Саша. Хаця я ведаю, што ён таксама хацеў бы называць нас мамай і татам, бо не пры нас так і робіць,” – расказала Вольга. 
Калі ў Антуана дэ Сэнт-Экзюперы спыталі, ці варта песціць дзяцей, ён адказаў: «Абавязкова песціце, бо невядома, якія выпрабаванні ім пад­рыхтавала жыццё”. Вольга на гэтае пытанне адказала: «Я нават і не ведаю. Мы проста жывём. Улічваем пажаданні дзяцей, усім стараемся ўдзяляць увагу аднолькава. Тому, канечне, як самую маленькую, песцяць старэйшыя дзеці: прывозяць ёй розныя гасцінцы”. «Цікава, а што любяць вашы дзеці?” – спытала ў Вольгі. «Для Томы, канечне, цукеркі – гэта ўсё. А вось для Івана важна, каб ежа была прыгожа аформлена”. А самой Вользе падабаецца тое, што любіць яе сям’я. 
Жанчына працуе швачкай і адначасова прадаўцом. «Шыццё – гэта маё юнацкае захапленне, якое перарасло ў работу,” – сказала Вольга. А калі ў шматдзетнай маці ёсць вольная хвілінка, яна прысвячае яе свайму хобі – шые лялек. Дарэчы, атрымліваюцца арыгінальныя цацкі, якія падабаюцца і Томе. Увогуле, па словах Вольгі, часу часцяком не хапае не тое, што на хобі, але і на паўсядзённыя справы. «Трэба працаваць, імкнуцца дасягаць сваіх мэтаў. Зараз у нас з мужам такі ўзрост – пераходны, калі неабходна ставіць новыя задачы. І наша галоўная мэта сёння – давесці Тому да дарослага жыцця,” – вось такое крэда сям’і Замяціных. 
Што пажадае Вольга сем’ям, якія хочуць узяць прыёмнае дзіця? «не баяцца. Калі вельмі захацець, то ўсё атрымаецца, знойдуцца сілы і магчымасці”. Дарэчы, бацькі Вольгі таксама былі апекунамі, таму разумелі жаданне дачкі ўзяць прыёмнае дзіця. «У свята я хачу пажадаць сваёй маці здароўя і дабрабыту, сказаць дзякуй за ўсё, што яна для мяне зрабіла”. А вось што кажа ўжо пра саму Вольгу Тома: «Я люблю сваю маму. Яна клапоціцца пра мяне і ўсё купляе. Я жадаю матулі прыгажосці і здароўя”.  

Добавить комментарий