Кацярына Васiлькова з Крычаўскага раёна захоўвае песенную спадчыну продкаў (Вiдэа)

Кацярына Аляксееўна з дырэктарам СДК Аленай Балдэсавай

 

Наша зямля багатая таленавітымі людзьмі. Яны нарадзіліся на Крычаўшчыне і любяць родныя прасторы Прысожжа. Гэтая любоў непарыўна звязана з культурай народа, яго творчасцю, якое ідзе сваімі каранямі ў далёкае мінулае.
Менавіта адсюль чэрпаюць сваё натхненне таленавітыя людзі, як, напрык­лад, жыхар­ка вёскі Лабковічы Кацярына Аляксееўна Васількова. Жан­чыне 82 гады, але яна прымае актыўны ўдзел у мастацкай самадзейнасці мясцовага сельскага дома культуры. Удзельнічае ў конкурсах, займаючы прызавыя месцы. А выконвае яна народныя песні, тыя, якія калісьці спявалі яе маці, бабуля, прабабуля…


«Марыла быць артысткай з дзяцінства…»

Ваенныя гады Кацярына Аляксееўна памятае дрэнна, але не забылася пасляваеннае галоднае дзяцінства і працу ў калгасе, дзе яна, як магла, дапамагала бацькам. Улетку яна разам з маці жала хлеб­ныя палосы, а ў сенакосную пару бралася сваімі худзенькімі ручкамі за касу, дапамагаючы бацьку. Таму было балюча глядзець, як працуе дачка, але інакш ніяк – трэба было выкон­ваць норму. Да таго ж бацька, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, прыйшоў дадому – хворы, паранены – вайна знявечыла яго твар. Працуючы ў полі, дзяўчынка марыла стаць артысткай. Прыбіраючы хлеб, юная жняя ўяўляла, як яна выступае на сцэне і кожную яе песню праводзяць бурнымі апладысментамі. А ўвечары, вяртаючыся дадому з поля, яна падцягвала тоненькім галаском песні, якія спявалі дарослыя жанчыны.

«Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло»
Дзіцячая мара засталася марай. Так лічыла наша гераіня, выйшаўшы замуж за хлопца з Чэрыкава. Нарадзіла мужу двух сыноў, але сямейнае жыццё не задалося. Муж выпіваў, скандаліў. Але нават у гэтай непростай сітуацыі яна не расставалася з песняй. Рыхтуючы абед ці прыбіраючыся па хаце, яна напявала тыя песні, якія калісьці спявала яе мама. Ад гэтага станавілася спакайней на душы.
Але ўсё ж, не вытрымаўшы здзекаў мужа, Кацярына Аляксееў­на збегла ад яго разам з дзецьмі амаль на край свету – у Казахстан, дзе жыла яе цётка.
У горадзе Капчагае яна ў другі раз выйшла замуж і нарадзіла трэцяга сына. Але ў казахскіх стэпах яна не забывала песні сваёй малой радзімы. Яны гучалі з яе вуснаў калыханкамі для сына, у нумарах конкурсных праграм мастацкай самадзейнасці… Песня нябачнай ніткай звязвала яе з домам і клікала вярнуцца назад. І Кацярына Аляксееўна пачула гэты кліч – па просьбе састарэлых бацькоў вярнулася на радзіму.

Мары спраўджваюцца
На пенсіі ў Кацярыны Аляксееў­ны з’явілася шмат вольнага часу, нягледзячы на тое, што ў яе быў вялікі агарод, гаспадарка (карову трымала да апошняга часу). І тут дырэк­тар сель­скага дома культуры Алена Балдэсава запрасіла яе ў мастацкую самадзейнасць: «Кацярына Аляксееўна, у вас такі выдатны голас, вы ведае­це так шмат старых песень, мясцовага фальклору… Вам трэба спяваць». Жанчына пагадзілася, і дзіцячая мара раптам стала явай: Кацярына Аляксееўна выйшла на сцэну. Першы час вельмі саромелася, але перамагла свой страх, стала выступаць з калектывам на канцэртах, удзель­нічаць у конкурсах. Спявае яна соль­на і ў дуэце са сваёй сяброўкай Марыяй Хомчан­ка. Яны ўдваіх удзельнічаюць у фальклорна-­абрадавых мерапрыемствах, у вячорках, на якіх спяваюць народ­ныя песні. Пяць апошніх гадоў Кацярына Аляксееўна – удзель­ніца конкурсаў «Не старэюць душой ветэраны», «З песняй па жыцці», міжрэгіяналь­ным конкур­се «Крычаўскі канёк». Гледачы і журы па вартас­ці ацэньваюць яе выкананне.

«Яна для мяне як маці…»
Жыхары ў вёсцы – гэта як адна вялікая сям’я, разам і ў горы і ў радасці. Дырэктар СДК распавяла: «Кацярына Аляксееўна для мяне як мама. Яна і нарадзілася ў адзін дзень з маім бацькам, і разам у школе яны вучыліся. Мы і жывем па суседстве… Калі яны збяруцца ўдваіх з Марыяй Іванаўнай каля дома і заспяваюць нашы старыя песні, то, здаецца, акунаешся ў той час, калі я была яшчэ дзяўчын­кай і была жывая мая бабуля. Аж душа замірае – хочацца слухаць і слухаць гэтыя песні».
Мы яшчэ доўга размаўлялі з Кацярынай Аляксееўнай. Яна распавяла аб дзецях, унуках, праўнуках. Падзялілася сваімі захапленнямі, але больш за ўсё яна распавядала пра песні, якія спявае і ў клубе, і дома. А ў кан­цы размовы праспявала некаль­кі песень. Пасля іх выканання ў зале некаторы час стаяла цішыня, здавалася, вось-­вось – і зноў пальюцца чароўныя словы народ­най песні.

 

 

 

Аляксандр Гаўрыленка.

Добавить комментарий