«Кожны павінен прайсці службу ў арміі», — Дзяніс Клімянкоў

Хутка нас чакае 23 лютага – Дзень абаронцаў Айчыны. Мы вырашылі пагутарыць з тым, каго гэта тычацца непасрэдна і хто ў выпадку чаго будзе абараняць нашу краіну.

Дзяніс Клімянкоў – 23-гадовы спецыяліст у філіяле № 3 «Цэмбудрэмонт». Прыйшоў па размеркаванні пасля будаўнічага факультэту БРУ.
Але ў адпрацоўцы размеркавання атрымаўся перапынак – усяго некалькі месяцаў таму Дзяніс вярнуўся пасля гадавой службы ў арміі. Ды не дзе-небудзь, а ў Віцебску, у 103 асобнай гвардзейскай паветрана-дэсант­най брыгадзе. Першае пытанне, якое міжволі прыйшло ў галаву: ці не хацелася «адкасіць»?
– Не, такога жадання не было. З самага маленства я марыў пайсці ў армію. У школе займаўся пару год бараць­бой, потым яшчэ некалькі – боксам, фізічная падрыхтоўка была добрая. Таму на службе нагрузкі не былі для мяне складанымі.
У ваенкамаце хлопца нам вельмі хвалілі, таму пытаюся, як прайшла служба і чым ён паспеў вызначыцца.
– Служба прайшла хутка, насамрэч. Прысяга, нейкі час абучалі ваджэнню. 9 мая прошлага года прыняў удзел у парадзе ў Мінску. А 10-га – быў узнагароджаны падзякай ад Прэзідэнта і медалём. Яшчэ праз пару месяцаў адправіўся на вучэнні з батальёнам у Гродна, а там ужо і канец службы быў не за гарамі.
На мой погляд, кожны хлопец павінен прайсці праз гэта. Калі хтосьці баіцца – зараз праблем з так званай «дзедаўшчынай» няма. Цябе чапаць не будуць. Нехта цябе кране, ты з сінякамі крыху паходзіш – а ён ад’едзе на гаўптвахту ці ўвогуле за рашот­ку. З гэтым строга. Што тычыцца фізічных нагрузак – усё дасягальна. Спачатку складана, канешне, але хутка ўцягваешся. Былі людзі ў нас, якія ўвогуле фізічна не развітыя. Але зарадкі, спарт­масавыя мерапрыемствы, трэнажорны зал – дапамогуць. Калі хацець, мож­на дасягнуць высокіх рэзультатаў.
У дзяцінстве хацеў стаць ваенным ці міліцыянерам. Пасля арміі мне прапаноўвалі ісці працаваць у ваенкамат. Але я адмовіўся: гэта вельмі складана, ты месяцамі можаш не бываць дома, а я чалавек сямейны.
Дарэчы, «сямейны» – не проста слова, падчас службы ў хлопца з’явілася жонка. Таму пытанне «ці чакала дзяўчына» – дакладна не да яго. А як ставіцца хлопец да таго, што многія 23 лютага віншуюць традыцыйна ўсіх хлопцаў і мужчын?
– Раней, калі віншавалі, казаў, што гэта не маё свята. Вось адслужу, тады і віншуйце. І зараз так лічу: гэтае свята ўсё ж для тых, хто адносіцца да ваеннай службы, ваеннаабавязаных жанчан таксама. І ў выпадку чаго першымі на фронт забяруць тых, хто служыў, хто ведае тактыку бою. Таму абаронцы Айчыны – гэта ўсё ж пра ваеннаслужачых, як па мне.
І хочацца ў канун 23 лютага пажадаць, каб абараняць Айчыну не было неабходнасці – каб над намі было мір­нае неба.
Дар’я Баравікова.

Перепечатка текстов запрещена. Частичное цитирование разрешено при активной гиперссылке.

Добавить комментарий