Галоўнае – любоў да дзяцей

У гэтым годзе споўнілася 85 гадоў з дня ўтварэння падраздяленняў па справах непаўналетніх АУС Рэспублікі Беларусь. Аб асаблівасцях работы органаў правапарадку расказаў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Ігар Наздрын-Платніцкі.

– Ігар Іванавіч, вы ў Крычаве нядаўна…
– Так, тут я працую толькі з пачатку лета. Скончыў Магілёўскі інстытут МУС, пасля працаваў у Мсціслаўлі: спачатку ўчастковым інспектарам, потым каля трох гадоў у інспекцыі.
Мы займаемся прафілактыкай правапарушэнняў, безнагляднасці. Арганізуем мерапрыемствы, прапагандуем прававую адукаванасць, займаемся выяўленнем і спыненнем правапарушэнняў, праводзім індывідуальную прафілактычную работу. Працуем не толькі з дзецьмі, але і з бацькамі. Абавязкова сочым за тым, каб не было паўторных правапарушэнняў, кант­ралюем вольны час сваіх падапечных. Напрык­лад, за гэта лета ўсе падлеткі, якія ў нас на ўліку, былі занятыя. Гэта і лагеры, і праца ў студэнцкіх атрадах.
Адзіны і галоўны мінус – што ў сутках толькі 24 гадзіны, а хочацца паспець больш, папрацаваць з боль­шай колькасцю людзей. А ў астатнім спраўляемся. Калектыў дружны, можна разлічваць на згуртаваную працу. Шмат планаў.
– Якія асноўныя напрамкі дзейнасці ІСН?
– Прыярытэтны накірунак – прафілактыка. У першую чаргу ўзаемадзейнічаем са школамі. Праводзім гутаркі, арганізуем розныя акцыі, віктарыны, за ўдзел у якіх уручаем прызы – флікеры, канцылярыю. Дарэчы, да новага навучальнага года сабралі тры партфелі для дзяцей з маламаёмных сямей Сакольніцкай школы.
Заўсёды прысутнічаем на саветах прафілактыкі ў школах. Размаўляем з падлеткамі, з кімсьці з іх даводзіцца гутарыць асобна. Але імкнемся зрабіць так, каб далей савета прафілактыкі школьнік не пайшоў.
Акрамя таго, праводзім праверкі ў інтэрнатах, сочым за ўмовамі пражывання непаўналетніх.
Зараз у раёне пастаўлены на ўлік 44 непаўналет­ніх. Нельга сказаць, што гэта дзеці толькі з праблем­ных сямей, ёсць і са звычайных. Пераважна падлет­кі стаяць на ўліку за дробныя крадзяжы, распіццё ці з’яўленне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення, за кіраванне транспартам без правоў. Але здараюцца, на жаль, і крымінальныя справы: выкраданне аўтамабіля, буйныя крадзяжы.
Працуем таксама і з нядбайнымі бацькамі, кант­ралюем абавязаных асоб, супрацоўнічаем з арганізацыямі, дзе яны працуюць. Кожны дзень нас інфар­муюць, ці прыйшоў гэты чалавек на працу, у якім стане і г. д.
Адразу рэагуем, калі адбываюцца сямейныя канф­лікты, дзе ёсць непаўналетнія дзеці. Правяраем сям’ю па ўсіх інстанцыях. Часам даводзіцца прызнаваць становішча ў сям’і сацыяльна небяспечным. Могуць паступаць сігналы і са школы. Увогуле, важ­на, каб усе службы і ўстановы працавалі зладжана і аператыўна.
– Што самае важнае ў рабоце з дзецьмі?
– Дзяцей любіць – гэта галоўнае. І часу не шкадаваць: выехаць аператыўна, застацца пазней, калі трэба. Больш папрацаваць з тымі, хто гэтага патрабуе… І, канешне, да кожнага патрэбны свой падыход: камусьці трэба проста дапамагчы, а не вінаваціць, з аднымі лепш па-прастому размаўляць, а з іншымі – больш жорстка.
– Якія парады можаце даць бацькам?
– Больш часу трэба ўдзяляць дзецям. Часта баць­кі амаль не маюць зносін са сваімі дзецьмі. Трэба заўсёды ведаць, дзе знаходзіцца дзіця, давер­ліва размаўляць, каб ім не прыходзілася ўтойваць свае справы, кам­панію і месцазнаходжанне. І, канеш­не, любіць дзіця.
Дар’я Баравікова.

Добавить комментарий