Пачуццё Радзімы

І вось веснічкі бацькоўскай хаты. Валерый імкліва перасёк падворак і расчыніў дзверы. 

Пачуццё Радзімы

 

І вось веснічкі бацькоўскай хаты. Валерый імкліва перасёк падворак і расчыніў дзверы. Убачыў родны, колькі разоў бачаны ў салдацкіх снах гарачымі афганскімі начамі, матчын твар і вочы, у якіх стаяў нямы дакор. І ледзь паспеў падхапіць матулю… 
Нарадзіўся Валерый Мамута ў вёсцы Студзянец Касцюковіцкага раёна. Рос як і ўсе вясковыя дзеці, бегаў разам з усімі ў школу… Хіба толькі ў яго было паменей часу на дзіцячыя забавы і гульні, бо старэйшаму сыну, з пяцярых дзетак у сям’і, даводзілася з малых гадоў дапамагаць бацькам. 
Скончыўшы восем класаў, Валерый вырашыў, што надышоў ужо час па-сапраўднаму авалодаць ­якой-небудзь прафесіяй. Выбар хлопец спыніў на Бабруйскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, куды паступіў вучыцца на аддзяленне прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва. У 1982 годзе ён стаў дыпламаваным спецыялістам. А потым адтуль, з Бабруйска, быў прызваны ў войска. 
У Магілёве на зборным пункце спартыўнага хлопца прызначылі ў дэсант. Але нечакана ўсё перамянілася і Валерыя па спецнабору адправілі ў «вучэбку” пад Ташкент. Там былі сабраныя тры роты навабранцаў, з якіх рыхтавалі байцоў для выканання нейкіх спецыяльных задач. Вывучаць даводзілася літаральна ўсё: розныя віды зброі, тэхніку, сродкі сувязі, спосабы разведкі і ўсялякае іншае… Адметнай рысай гэтага падраздзялення было тое, што ўсе салдаты мелі сярэдне-спецыяльную адукацыю, да таго ж, выключна ўкраінцы з Адэсы і беларусы з Магілёўшчыны. На пытанні, куды іх так рыхтуюць, камандзіры адказвалі, што для службы за мяжу, але канткрэтна нічога не казалі. І вось, так бы мовіць, «выпускны” — толькі цяпер салдаты даведаліся, што іх спецпадраздзяленне асаблівага падпарадкавання ГРУ рыхтавалі менавіта для адпраўкі ў Афганістан. 
…Самалёт прызямліўся ў Кабуле. Калі выляталі з Ташкента, салдатам здавалася, што там вельмі спякотна. Але вось тут, на афганскай зямлі, па нашых мерках было сапраўднае пекла, нават паветра было не празрыстым, а натуральным чынам дрыжэла пад пякучымі промнямі бязлітаснага сонца. Прыбыўшых пачалі размяркоўваць па розных месцах. Валерый атрымаў назначэнне ў Джалалабад. У чаканні траспарту яны з таварышамі знаходзіліся на аэрадроме. У хуткім часе на ўзлётнай паласе селі два верталёты, з якіх пачалі здымаць загінуўшых і параненых салдат. Афіцэр, які суправаджаў іх групу, запытаўся, адкуль «вяртушкі”, і атрымаў адказ, што зноў джалалабадскіх прывезлі. А вакол пылішча, распалены пясок, тэхніка грукоча, аўтаматы, страляніна дзесьці ўдалечыні… Вось тут хлопцы і зразумелі, што мірнае жыццё засталося недзе там, далёка, а яны патрапілі на вайну.
Тыя ж верталёты даставілі іх у Джалалабад. Калі кабульскае лета падалося Валерыю пеклам, то для тутэйшых субтропікаў увогуле параўнанне знайсці было цяжка, але выбіраць не ­даводзілася. Як «спяца” асаблівага падпарадкавання, яго прыкамандзіравалі да мінамётнай часці ў якасці камандзіра групы разведкі. За некалькі месяцаў службы ў гэтай часці спачатку ў Джалалабадзе, а затым у Мітэрлане ў правінцыі Лагман, куды перакінулі іх батальён, ён навучыўся страляць з мінамёта амаль без промаха. Гэтае ўменне вельмі яму дапамагло ў далейшым.  
Дзесьці праз паўгода па загаду камандавання Валерый узначаліў групу з пяці байцоў. І пачаліся засады ў гарах, баі з бандамі, перахоп караванаў са зброяй… Сваёй групай, сумесна з пад­раздзяленнямі спецназа, з афганскімі салдатамі. Былі ўдалыя аперацыі, калі іншым разам удавалася знішчыць да трох дзясяткаў душманаў, як гэта было ў Панджэрскай цясніне. А здаралася, што і самі траплялі пад агонь, вось як ля аднаго з кішлакоў, дзе іх засаду накрылі з дахаў дамоў варожыя кулямёты. Уратавала групу паспеўшая на дапамогу «браня”. У тым баі Валерыя кантузіла. А ў другі раз яго параніла асколкамі душманскай гранаты. Але не гэта было самым страшным на той вайне, горш за ўсё была страта таварышаў, сваіх баявых сяброў. Недалічыўся і Валерый пасля выхаду з баёў двух сваіх байцоў.
Раз-пораз іх група атрымлівала загад адшукаць загінуўшых савецкіх салдат, не вярнуўшыхся з задання.  І зноў горы — у лепшым выпадку выклікалі верталёт, а часцяком, калі была пагроза абстрэлу, даводзілася самім выносіць целы да сваіх. Здаралася спускаць з гор і параненых. Аднойчы пад абстрэл трапіла падраздзяленне, якое ішло на заданне. Яны пакінулі ў гарах трох параненых. Группа Валерыя Мамуты атрымала загад знайсці і вынесці іх у распалажэнне часці. Пры гэтым камандзіра групы запэўнілі, што толькі-толькі ў тым месцы прайшлі «зялёныя” – афганскія ўрадавыя войскі, — так што небяспекі аніякай, трэба толькі знайсці параненых і падабраць. Але не паспелі прайсці і паловы шляху, як патрапілі пад шалёны абстрэл. Пакуль удалося адарвацца ад праціўніка, пакуль шукалі месца ­знаходжання параненых, дапамогі ім ужо не патрабавалася. З гор, у каторы ўжо раз, давялося выносіць загінуўшых.
У апошнія некалькі месяцаў службы Валерыя перавялі, калі можна так ­сказаць­, на лёгкую працу — прыкамандзіравалі да аховы дарогі ў раёне Паджэрскай цясніны. Канечне, абстрэлаў пастоў і там хапала, але гэта было ўжо зусім па-іншаму. І вось ён, той самы шчаслівы дзень – дамоў! 
«ІЛ-76” прызямліўся ў Ташкенце. Пасля Кабульскага аэрадрома, насычанага грукатам і ляскам жалеза, гучнымі галасамі ваенных, прапыленага і прапаленага бязлітасным афганскім сонцам, тут усё здавалася ледзьве не курортам. І вось тут упершыню ў былога цяпер салдата з’явілася пачуццё Радзімы, стала зразумелым значэнне гэтага дарагога слова – хацелася хутчэй дамоў, легчы на родную зямлю, абняць яе… Ужо які дзень цягнік стукаў коламі па рэйках, і кожным ранкам ён прынікаў да акна – калі ж нарэшце з’явяцца родныя бярозкі! 
…Калі Валерый пераабдымаўся з усімі хатнімі і першая радасная хваля аціхла, ён даведаўся, што яго ў вёсцы ўжо «пахавалі”. Адкуль пайшла пагалоска – невядома, але маці і сапраўды думала пра самае горшае. 
Папрацаваўшы некаторы час у ПМК майстрам, былы салдат пайшоў вучыцца ў Магілёўскі педагагічны інстытут імя ­­­А. Куляшова. Пасля заканчэння пачынаючы педагог атрымаў накіраванне ў Крычаў, дзе якраз будаваўся «афганскі» дом. Так што неўзабаве маладая сям’я Мамутаў – у Валерыя да таго часу ўжо былі жонка і двое дзетак – атрымала новае жыллё. 

Добавить комментарий