«Культурны» лад жыцця Рымы Ткачовай

На кожным свяце ці мерапрыемстве крычаўляне з асалодай назіраюць за выступленнямі творчых калектываў раёна. Але звычайна мы не задумваемся, што за гэтай весялосцю стаіць напружаная праца людзей.

Рыма Ткачова займае пасаду загадчыцы аддзелення народнай творчасці ў ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Крычаўскага раёна» каля шасці гадоў. Але працуе ва ўстанове з 1987 года – 1 жніўня было 33 гады. Адукацыю атрымала ў Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацт­ваў (тады яшчэ Рэспубліканскім культурна-асветніцкім вучылішчы імя Н.К. Крупскай).
Пачынала з інструктара па рабоце з дзецьмі і моладдзю, потым была метадыстам, дырэк­тарам і, нарэшце, заняла цяперашнюю пасаду. Калі запытваю, у чым заключаецца яе праца, усміхаецца: несці культуру ў масы. А калі дакладней, складаць графікі канцэртаў і планы работы аддзялення, курыраваць клубныя фарміраванні, распрацоўваць рэпертуары, практычна дапамагаць калектывам, весці даведач­на-інфармацыйны фонд і архіў творчых калектываў…
– Займаюся арганізацыйнай част­кай: настаўляю, тлумачу, ініцыірую і матывую, – распавядае жанчына. – Але і сама спяваю, удзельнічаю ў тэатралізацыі, словам, вяду актыўны лад жыцця ў «культуры».

Лад жыцця і сапраўды актыўны. Творчыя калектывы ўдзельнічаюць ва ўсялякіх конкурсах – ад рэгіянальнага да міжнарод­нага ўзроўню. Рыма Вячаславаўна дастае вялікі стос дыпломаў – і толькі за гэты год. У сувязі з эпідэміялагічнымі абставінамі ўдзель­нічалі дыстанцыйна.
Акрамя іншага, творчая група РЦК робіць вельмі важную справу – працуе ў накірунку захаван­ня культурных матэрыяльных каштоўнасцей: ладзяць экспедыцыі, праводзяць конкурсы сярод клубных устаноў раёна па фальк­лоры і этнаграфіі.
– Мы шукаем забытыя абрады, святы, запісваем песні. Размаўляем са старажыламі, якія расказваюць пра народныя звычаі. У кожнай клубнай установе створаны куткі старадаўняга побыту. Напрыклад, у Лабковічах дзяўчына здабыла беларускія рушнікі, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Зараз падыходзіць да завяршэння работа пра прыдняпроўскую цацку. Мы з твор­чай групай таксама ўзрадзілі беларус­кі касцюм Крычаўшчыны, беларускі рушнік і пояс.

Увогуле, у раёне працуюць 85 клубных фарміраванняў, якія падпарадкоўваюцца клубнай сістэме, 41 з іх – для дзяцей. Гэта 314 дарослых і 262 дзіцяці. Працуюць вакальна-харавыя, інстументальныя, дэкаратыўнапрыкладныя, тэатральныя гурткі, сем народных калектываў.
– Не бывае такога, каб сядзела без справы. Раблю справаздачы, інфармацыйныя даведкі. Рэпетыцыі праводзім, рыхтуем сцэнарыі і да ўсемагчымых мерапрыемстваў. Гэта можа здавацца: што там рабіць, канцэрт адпрацавалі і вольныя. Але ж РЦК працуе фактычна з 8 да 22, напрыканцы тыдня – яшчэ дыскатэкі, дзе мы дзяжурым. Калі метадыст можа адпрацаваць стандартны «з 8 да 17», то мы можам прыйсці ў 6 гадзін, у 7 ужо які-­небудзь міні-канцэрт. Бывае, зранку канцэрт, у абед – мерапрыемства, увечары едзем у вёскі. Можам апоўначы дадому вярнуцца.
А да гэтых мерапрыемстваў яшчэ і падрыхтавацца трэба. Рэпетыцыі, рэпертуар. Акрамя таго, касцюмы і рэквізіт іншы раз даводзіцца рабіць самім. Напрык­лад, зараз рыхтуюць казку «За каня – брусок», а ў кутку стаіць дзіцячая качалка-конік, якая хут­ка ператворыцца ў сапраўдны сцэнічны рэквізіт.
Зараз Рыма Вячаславаўна знаходзіцца ў адпачынку, але хутка зноў вернецца ў шалёны рытм «культурнай» працы. Бліжэйшая з маштабных падзей – Дзень беларускага пісьменства, які будзе святкавацца 6 верас­ня ў Бялынічах. Творчая група РЦК удзель­нічае ў рамках гэтага мерапрыемства ў трох конкур­сах: на лепшую тэматычную пляцоўку, у абласным кон­курсе аб’ёмнай скуль­птуры і анлайн­конкурсе дэкаратыўна-прыклад­ной ­творчасці.

– Работа мая мне падабаецца, – заключае загадчыца аддзялен­ня народнай творчасці. – Прайшла вялікую жыццёвую школу ў РЦК. Можа, некалі хацелася змяніць нешта, але я адданая Крычаву і крычаўскай культуры.
Дар’я Баравікова.

Добавить комментарий