“І жартам, і ўсур’ёз…”

5 лютага 1935 года, у халодны лютаўскі дзень, у вёсцы Бродак Крычаўскага раёна ў звычайнай сялянскай сям’і нарадзіўся хлопчык, якога бацькі назвалі Апанас. Апанас Паўлавіч Палітыка. Ніхто тады і не ведаў, што немаўлятка ў будучым стане творчым чалавекам – пісьменнікам. Але да гэтага быў доўгі шлях у пошуках сябе, свайго месца ў жыцці. З ранняга дзяцінства яму давялося дапамагаць бацькам па гаспадарцы. Свой адбітак у душы хлопца пакінулі Вялікая Айчынная вайна і цяжкія гады акупацыі. Пасля вызвалення радзімы ад ворага ён пайшоў вучыцца ў школу, але скон­чыў толькі пяць класаў у Паланіцкай сямігодцы. Хацелася вучыцца далей, але ж не было магчымасці – у сям’і было дзевяць дзяцей, і ўсіх іх трэба было накарміць, апрануць, абуць. Хлопец разумеў – трэба самому станавіцца на ногі і зараб­ляць на жыццё. Таму ён, параіўшыся з роднымі, паехаў у Кіеў, дзе паступіў у рамеснае вучылішча. Так пачалося дарослае жыццё Апанаса Паўлавіча. Потым ён працаваў на заводзе, на шахце, быў сярод тых, хто ўзнімаў цаліну, служыў у арміі. І ўвесь гэты час ён вучыўся, займаўся самаадукацыяй. Дзе б ён ні быў, у якім бы горадзе ні жыў, будучы пісь­меннік быў пастаянным наведвальнікам бібліятэк. Колькі ён перачатыў кніг, адказаць цяжка, але калі сказаць многа, гэта нічога не сказаць. Менавіта прачытаныя кнігі, вялікая працавітасць і працаздоль­нась, прыродная назіральнасць у сяброўстве з талентам дапамаглі яму стаць пісьменнікам.
Між тым вырашыў, што ў чужых краях няма чаго шукаць. Ён вяртаецца на сваю малую радзіму. Тут яму дапамаглі ўладкавацца на птушкакамбінат, дзе ён адпрацаваў некалькі гадоў. У гэты ж час Апанас Паўлавіч рыхтуецца да паступлення ў інстытут. І яго намаганні дапамагаюць здейсніць мару – ён паступае на філфак у педагагічны інстытут (зараз універсітэт імя А. Куляшова). Скончыўшы навучаль­ную ўстанову, пайшоў працаваць старшым выхавальнікам школы-інтэрната.
Яшчэ напрыканцы пяцідзясятых Апанас Паўлавіч пачаў пісаць вер­шы. А першыя рыфмаваныя радкі былі напісаны ў школьныя гады. Тады, як расказваў пісьмен­нік, ён напісаў верш пра свайго аднавяскоўца. Яму хацелася камусьці прачытаць яго, і ён знайшоў слухача ў асобе стрыечнага брата, які быў старэйшым па ўзросце. Той паслухаў і, не паверыўшы, што верш напісаў малодшы брат, даў яму па карку, каб не падманваў старэйшых. А для творцы гэта было лепш за пахвалы – «Не верыць – значыць, напісаў як трэба!».
Першы з вершаў Апанаса Палітыкі быў надрукаваны ў газеце «Магілёўская праўда».
У 1969 годзе Апанас Паўлавіч пачаў працаваць загадчыкам сельскагаспадарчага аддзела раённай газеты «Ленінскі кліч». Праца ў «раёнцы» дала свое­асаблівы штуршок у творчасці – амаль кож­ны дзень знаёмства з новымі людзьмі, новыя вобразы, новыя падзеі і, як вынік, новыя творы ўжо ў прозе. Яго гумар і сатыра пакарылі сэрцы крычаўлян, а з 1976 года, калі выйшаў у свет першы зборнік гумарыстыч­ных расказаў пад назвай «І ў хвост, і ў грыву», астатніх жыхароў нашай краіны. Як пісалі крытыкі тых часоў, празаічныя творы, апавяданні, аповесці Апанаса Палітыкі адметныя грунтоўным веданнем жыцця, цёп­лым гумарам, вострай сацыяльнай накіраванасцю, непрымірымымі адносінамі да негатыўных з’яў, якія перашкаджаюць жыць.
У той час аўтар ужо працаваў карэспандэнтам-арганізатарам раён­нага радыёвяшчання. Гэта была нялёгкая праца, але пісьмен­нік знаходзіў сілы яшчэ і для твор­часці. Пасля працоўнага дня ён заставаўся ў сваім кабінеце і па некалькі гадзін працаваў над сваімі гумарэскамі. Ён адказна адносіўся да кожнага слова, кожнага радка ў сваіх творах. Літаральна смакаваў іх на густ, і калі творцу нешта не падабалася, ён шукаў новае слова, больш дакладнае, больш гучнае. Як вынік – з-пад пяра пісьменніка (з 1981 года ён стаў членам Саюза пісьменнікаў) выходзяць новыя зборнікі «Маўчанне навыперад­кі», «Свой хлопец», «Праверка». Яны атрымліваюць станоўчыя вод­гукі крытыкаў, а чытачы галасавалі за кнігі пісьменніка кашальком – яны літаральна змяталіся з кніж­ных паліц.
Спрабаваў сябе Апанас Палітыка і ў драматургіі. У 1993 годзе ў часопісе драматургіі і сцэнічнага мастацтва «Тэатральная Беларусь» была надрукавана яго п’еса «Начны госць, або Двое ў адной лодцы». З таго часу прайшло амаль 30 гадоў. Панас Паўлавіч ужо даўно на пенсіі, але працягвае пісаць і друкавацца ў раённай газеце «Крычаўскае жыццё». Як кажа сам пісьменнік, ён прыйшоў да 85-гадовага юбілея з творчымі здабыткамі ў выглядзе двух тамоў гумарыстыч­ных апавяданняў. Апанас Паўлавіч, нягледзячы на ўзрост, працягвае многа чытаць. У яго паштовай скрынцы можна сустрэць «раёнку», часопісы, рэс­публіканскія газеты, у тым ліку і «Літаратура і мастацтва», якую ён выпісвае ўжо больш за 40 гадоў. Ён таксама застаецца і актыўным наведвальнікам цэнтральнай біб­ліятэкі. Гэта ўстанова на працягу шматлікіх гадоў падтрымлівае сувязь з Апанасам Паўлавічам. Ён – абавязковы ўдзельнік літаратур­най гасцёўні «Субяседнік», дзе не толькі знаёміць са сваімі новымі творамі, але і выступае ў якасці настаўніка, даючы парады маладым аўтарам.
Дарэчы, тут 5 лютага прайшло пасяджэнне літаратурнай гас­цёўні «Субяседнік», прысвечанае 85-годдзю з дня нараджэння пісьменніка­-земляка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі А.Палітыкі пад назвай «І жартам, і ўсур’ёз…». Павіншаваць пісьменніка прыйшлі госці, а таксама родныя, бліз­кія, сябры, маладое пакаленне. Ва ўрачыстай абстаноўцы намес­нік старшыні райвыканкама Ірына Еўдакіменка ўручыла юбіляру ўдзячнасць раённага выканаўчага камітэта. Яна адзначала, што ёсць людзі, якія сваім жыццём, сваёй творчасцю праслаўляюць сваю малую радзіму, якія прымушаюць нас быць лепш, чысцей, дабрэй. Менавіта такім чалавекам з’яў­ляецца Апанас Паўлавіч Палітыка. Ён вельмі глыбокі, разумны, начытаны чалавек, і пры гэтым вельмі прыстойны і сціплы. І. Еўдакімен­ка пажадала пісьменніку моцнага здароўя і каб ён далей радаваў сваіх чытачоў новымі творамі.
Вінашавала пісьменніка дырэк­тар бібліятэчнай сеткі раёна Валянціна Бачкова, якая шмат гадоў ведае яго. Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай бібліятэкі Галіна Чыстап’ян уручыла буклет з серыі «Пісьменнікі-землякі» «А.П. Палітыка» і біябібліяграфічны спіс літаратуры «Апанас Паўлавіч Палітыка».Таксама свайго сябра, калегу віншавалі супрацоўнікі калектыва рэдакцыі раённай газеты «Крычаўскае жыццё». Гучалі музыч­ныя він­шаванні артыстаў раённага Цэнтра культуры. Маладое пакаленне, вуч­ні СШ № 1, якое знаёма з творчас­цю пісьменніка-земляка, задавалі пытан­ні аўтару. У выкананні дачкі Апанаса Паўлавіча, Элеаноры, гучалі гумарэскі. Таксама супрацоўнікамі цэнтральнай бібліятэкі была пастаўлена інсцэніроўка яго гумарэскі «На шляху да касцюма». Да мерапрыем­ства была арганізавана кніжная выстава «Голас роднага краю – Апанас Палітыка», дэманст­равалася медыя-прэзентацыя «Свой хлопец. Апанас Палітыка», вір­туальная выстава «Сатырык­-гумарыст Апанас Палітыка».
На мерпрыемстве было шмат людзей, тут было па-хатняму цёп­ла і ўтульна. Гэтаму паспрыялі работнікі цэнтральнай бібліятэкі, сонейка, якое ярка, па-вясенняму свяціла ў вокны, але галоўнае – сам юбіляр з жартамі, гумарам і сваёй душэўнай цеплынёй.
Аляксандр Гаўрыленка.

Добавить комментарий