«Звычайная» сасна

"Звычайная" саснаМногія расліны па біялагічнай класіфікацыі носяць відавую назву «звычайны». Але гэта несправядліва ў адносінах да іх выдатных фітатэрапеўтычных уласцівасцей. Сярод такіх раслін і наша сасна звычайная. З яе незвычайнымі ўласцівасцямі варта пазнаёміцца больш падрабязна.

Многія расліны па біялагічнай класіфікацыі носяць відавую назву «звычайны». Але гэта несправядліва ў адносінах да іх выдатных фітатэрапеўтычных уласцівасцей. Сярод такіх раслін і наша сасна звычайная. З яе незвычайнымі ўласцівасцямі варта пазнаёміцца больш падрабязна.
Раней у нас было прынята жаваць ігліцу і маладыя галінкі сасны — яны добра ачышчалі поласць рота, умацоўвалі дзясны і зубы. Вясной адвар ігліцы ратаваў нашых продкаў ад цынгі дзякуючы высокаму ўтрыманню вітаміну С. Акрамя таго, «сасновы» вітамін С добра захоўваецца ў сыравіне на працягу некалькіх тыдняў, галоўнае — абгарнуць зрэзаныя галінкі ў шчыльную паперу і пакласці на мароз. Акрамя таго, хвоя — цудоўны сродак ад парадантозу. Смолы і эфірны алей дзейнічаюць антысептычна на поласць рота і паляпшаюць кровазварот у дзяснах, што з’яўляецца важным фактарам прафілактыкі гэтага захворвання.
Антысептычныя ўласцівасці сасны выкарыстоўваюцца і па гэты дзень. Так, усемагчымыя раны на лесанарыхтоўках рабочыя лечаць жывіцай, а не ёдам: нават самыя цяжкія хутка гояцца і практычна бязбольна.
У сасне для патрэб медыцыны выкарыстоўваецца практычна ўсё: пупышкі, ігліца, пылок, смала, драўніна. Сёння мы пагаворым пра пупышкі. Нарыхтоўваюць іх зімой і ранняй вясной. На ўчастках прарэджвання лесу з маладых ссечаных дрэў зразаюць верхавіны парасткаў з рэшткамі галінак даўжынёй каля 5 мм. Са старых дрэў пупышкі звычайна не збіраюць, бо яны дробныя, збіранне іх — працаёмкая справа, а атрыманы вынік хутчэй засмуціць, чым узрадуе. Летам жа пупышкі становяцца непрыдатнымі для нарыхтоўкі.
Сушаць пупышкі на гарышчы ці пад павеццю з добрай вентыляцыяй. Ні ў якім разе іх нельга сушыць у цяпле, бо, па-першае, пачынае вылучацца смала, і сыравіна збіваецца ў камякі, а па-другое, яны пачынаюць распускацца. І тое, і другое адмоўна адбіваецца на якасці сыравіны. Сама ж сыравіна павінна складацца з пупышак даўжынёй 1-4 см, адзіночных або размешчаных у выглядзе каронак па некалькі штук, з якіх цэнтральная — большага памеру. Тэрмін захоўвання — 2 гады.
У пупышках прысутнічаюць эфірны алей, смолы, нафтахінон, руцін, карацін, дубільныя рэчывы, пініпыкрын, вітамін С. Таксама ўтрымліваюцца ў значных колькасцях калій, кальцый, магній, жалеза, нікель. Выкарыстоўваюць пупышкі сасны, у асноўным, у якасці адхарквальнага, патагоннага  сродку. Іх рэкамендуюць пры бранхітах, пнеўманіі, бронхаэктазах, рэўматызме, рэўматоідных артрытах, халецыстыце, халангіце, пры піеланефрыце і цыстыце. Адвар з сасновых пупышак ужываюць у народнай медыцыне як мачагонны і дэзінфіцыруючы сродак, пры нырачнакаменнай і мочакаменнай хваробе.
Настой пупышак сасны: 1 сталовую лыжку сыравіны ўвечары высыпаць у тэрмас, заліць 0,5 л кіпеню. Настойваць на працягу ночы, на наступны дзень выпіць увесь настой у 3-4 прыёмы за 20-40 хвілін да яды (у цёплым выглядзе).
Адвар: 1 сталовую лыжку пупышак заліць 1 шклянкай кіпеню, кіпяціць на слабым агні 30 хвілін, настояць да астуджэння, працадзіць. Прымаць па 1/3-1/2 шклянкі 2-3 разы ў дзень пасля ежы.
Сіроп: 50 г пупышак заліць 2 шклянкамі кіпеню, настояць 2 гадзіны ў цёплым месцы, працадзіць, дадаць 500 г цукру і кіпяціць да атрымання сіропу (іншы варыянт — у настой дадаць 50 г мёду). Прымаць па 5-6 сталовых лыжак у дзень.
Для лячэння захворванняў нырак і мочавыводзячых шляхоў, а таксама бранхітаў рыхтуюць мікстуру. Сасновыя пупышкі (50 г) заліваюць дзвюма шклянкамі кіпеню, даюць закіпець, затым у зачыненым посудзе настойваюць у цёплым месцы на працягу 2 гадзін. Настой працэджваюць, змешваюць з 50 г пчалінага мёду, прымаюць па 1 сталовай лыжцы 3-4 разы ў дзень. Спіртавую настойку пупышак прызначаюць у выглядзе кропель з вадой пры сухотах лёгкіх.
Адразу зазначым, што пупышкі сасны супрацьпаказаны пры гламеруланефрыце і гепатыце, а таксама пры цяжарнасці. І ўвогуле, перад тым, як праводзіць імі лячэнне, парайцеся са сваім урачом.
                                Падрыхтаваў С. ДЗМІТРЫЕЎ.

Добавить комментарий