Абраны сенатары ад Магілёўшчыны


7 лістапада ў Палацы культуры вобласці прайшло сумеснае пасяджэнне дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню па выбарах членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання ад Магілёўскай вобласці.
У рабоце пасяджэння бралі ўдзел старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Леанід Заяц, старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Міхаіл Русы.
Тайным галасаваннем дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню абралі 8 прадстаўнікоў ад вобласці. Магілёўшчыну ў Савеце Рэспублікі будуць прадстаўляць: старшыня праўлення ААТ “ААБ “Беларусбанк” Віктар Ананіч, дырэктар ААТ “Красный пищевик” Сяргей Анюхоўскі, першы сакратар ЦК ГА “БРСМ” Дзмітрый Варанюк, прарэктар па вучэбнай рабоце МДУ імя Куляшова Алег Дзьячэнка, генеральны дырэктар дзяржаўнага вытворчага аб’яднання па паліву і газіфікацыі “Белпаліўгаз” Аляксей Кушнарэнка, галоўны ўрач Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы Ігар Каско, начальнік Магілёўскага інстытута МУС Валерый Палішчук, дырэктар унітарнага камунальнага сельскагаспадарчага прадпрыемства “Саўгас “Дабраволец” Алег Портнік.
Віншуючы жыхароў Прыдняпроўскага краю са святам Кастрычніцкай рэвалюцыі, старшыня аблвыканкама Леанід Заяц падкрэсліў, што ад нашага рэгіёна абраны 8 членаў Савета Рэспублікі. Гэта высокакваліфікаваныя, падрыхтаваныя людзі з вялікім жыццёвым вопытам. Ад іх актыўнай работы і пазіцыі будзе ў многім залежыць будучае дзяржавы. Губернатар вобласці выказаў упэўненасць, што абраныя члены з гонарам пранясуць свой доўг на высокім пасту.
Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына таксама павіншавала абраных членаў Савета Рэспублікі і ўручыла ім часовыя пасведчанні.
Крычаўшчыну на сумесным пасяджэнні дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню прадстаўлялі 27 дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў.
Савет Рэспублікі – палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. Парадак яе фарміравання спалучае элементы выбарнасці і назначэння. Па восем членаў выбіраюцца ад кожнай вобласці і Мінска шляхам тайнага галасавання, яшчэ восем сенатараў назначае Прэзідэнт. Усяго ў склад верхняй палаты парламента ўваходзяць 64 чалавекі. Амаль усе з іх працуюць на грамадскіх пачатках. Толькі старшыня Савета Рэспублікі, віцэ-спікер, старшыні пастаянных камісій з’яўляюцца вызваленымі работнікамі і атрымліваюць зарплату.

Добавить комментарий