Наглядальнікі ад СНД

ЦВК акрэдытавала 60 наглядальнікаў ад СНД для маніторынгу выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання, паведаміў журналістам кіраўнік Штаба місіі наглядальнікаў ад СНД Віктар Гумінскі пры наведванні Мінскай абласной выбарчай камісіі, перадае карэспандэнт БелТА.
«Місія наглядальнікаў ад СНД на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ажыццяўляе маніторынг выбарчай кампаніі ў Беларусі з 4 верасня. Фарміраванне місіі прадаўжаецца. На сёння ЦВК акрэдытавала 60 наглядальнікаў ад СНД. Плануем, што бу-дзе каля 50 доўгатэрміновых наглядальнікаў, ужо сёння акрэдытавана 45. Усяго ж у склад нашай місіі ўвойдуць каля 400 наглядальнікаў, якія прадстаўляюць дзяржавы СНД, Міжпарламенцкую асамблею краін Садружнасці, Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі, Выканаўчы камітэт СНД», — расказаў Віктар Гумінскі.
Каардынуе работу наглядальнікаў ад СНД Штаб місіі, які размясціўся ў будынку Выканаўчага камітэта СНД. «Мы плануем цесна ўзаемадзейнічаць з місіямі іншых міжнародных арганізацый. Міністэрства замежных спраў накіравала запрашэнні практычна ўсім міжнародным арганізацыям: БДІПЧ АБСЕ, ШАС, ПА АБСЕ, ПАСЕ. Ёсць першыя водгукі на прыняцце ўдзелу асобных арганізацый, але пакуль канкрэтных даных мы не маем», — падкрэсліў Віктар Гумінскі.
Дзейнасць наглядальнікаў ад СНД грунтуецца на прынцыпах палітычнай нейтральнасці, неўмяшання ў ход выбарчага працэсу і ва ўнутраныя справы дзяржавы. Ацэнкі місіі даюцца выключна на падставе ўласнага назірання, а таксама афіцыйнай інфармацыі, фактычнага матэрыялу, прадастаўленага выбарчымі камісіямі.
«Задача місіі наглядальнікаў ад СНД — садзейнічаць правядзенню свабодных і дэмакратычных выбараў. Свае вывады місія агучыць на прэс-канферэнцыі 18 лістапада», — дадаў Віктар Гумінскі.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў адбудуцца 17 лістапада.

Добавить комментарий