Пачаўся збор подпісаў

У Беларусі, паводле даных на 9 верасня, зарэгістравана 211 ініцыятыўных груп грамадзян па зборы подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку асоб, якія прапануюцца для вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты. Такая інфармацыя размешчана на сайце ЦВК, паведамляе БЕЛТА.
Больш за ўсё ініцыятыўных груп да гэтага часу зарэгістравана ў Мінску — 81, далей ідуць Мінская і Віцебская вобласці — 35 і 25 адпаведна.
Паводле статыстыкі ЦВК, сярод патэнцыяльных кандыдатаў, чые групы зарэгістраваны, 80,6 працэнта беспартыйныя. Сабіраць подпісы выбаршчыкаў маюць намер таксама прадстаўнікі дзевяці палітычных партый.
Усяго падавалася 298 заяў аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп. У двух выпадках у ёй адмоўлена. Адна з заяў адклікана.
Як паведамлялася, вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання пройдзе ў Беларусі з 8 верасня па 7 кастрычніка.
Прэтэндаваць на месца ў парламенце мае права чалавек, якому споўніўся 21 год. Неабходна таксама пастаянна пражываць у Беларусі, не мець судзімасцей. Кандыдат у дэпутаты можа вылучацца трыма спосабамі: шляхам збору подпісаў, ад палітычнай партыі, працоўнага калектыву. Заканадаўства дазваляе выбраць адзін або некалькі спосабаў.
Для таго, каб вылучыцца шляхам збору подпісаў, іх на тэрыторыі сваёй акругі трэба сабраць не менш за тысячу. Гэтым займаецца ініцыятыўная група, у яе складзе павінна быць не менш за дзесяць чалавек. Рэгіструюць групы ў акруговых выбарчых камісіях, яны ўжо сфарміраваны і пачалі работу.
Яшчэ адзін спосаб вылучэння — на з’ездах палітычных партый. У краіне іх зарэгістравана 15. Яны могуць вылучаць кандыдатаў па ўсіх 10 акругах незалежна ад наяўнасці там аргструктур.
Працоўны калектыў мае права вылучыць аднаго кандыдата па той акрузе, на тэрыторыі якой знаходзіцца прадпрыемства. Пры гэтым на ім павінна працаваць не менш за 300 чалавек.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў назначаны на 17 лістапада, у Савет Рэспублікі — на 7 лістапада.

Добавить комментарий