Місія ад СНД на парламенцкіх выбарах

Амаль 400 наглядальнікаў увойдуць у місію ад СНД на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання Беларусі. Аб гэтым журналістам паведаміў старшыня Выканаўчага камітэта — выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў, перадае карэспандэнт БелТА.
У склад місіі ўвойдуць прадстаўнікі ўсіх дзяржаў СНД. «Плануем, што ў ходзе выбараў іх будзе амаль 400 — доўгатэрміновых і кароткатэр­міновых наглядальнікаў», — праін­фар­маваў Сяргей Лебедзеў.
Штаб місіі ўжо сфарміраваны і пачаў работу. У яго складзе 12 чалавек, кіраўнік — першы намеснік старшыні Выканаўчага камітэта — выканаўчага сакратара СНД Вік­тар Гумінскі. Члены штаба прысут­нічалі пры фарміраванні Мінскай гарад­ской і Мінскай абласной выбарчых камісій, а таксама 37 акруговых выбарчых камісій у Мінску і сталіч­ным рэгіёне.
«Мы цяпер пачалі рэгістрацыю доўгатэрміновых наглядальнікаў, якія ўжо літаральна з заўтрашняга дня будуць назіраць за выбар­чым працэсам, пабываюць ва ўсіх аблас­цях Беларусі», — адзначыў Сяргей Лебедзеў.
Чакаецца, што на выбарах у Беларусі будуць працаваць амаль 50 доўгатэрміновых наглядальнікаў — акрэдытаваныя ў краіне дыпламаты з дзяржаў СНД, прадстаўнікі Выканкама СНД, саюзныя парламентарыі. У далейшым у склад місіі будуць уключаны парламентарыі з краін СНД, прадстаўнікі МПА СНД, члены цэн­тральных выбар­чых камісій.
«Наша місія будзе дастойнай. Гэта людзі вопытныя, прадстаўнікі важных струк­тур краін Садружнасці, — падкрэсліў Сяргей Лебедзеў. Паводле слоў старшыні Выканкама СНД, яе задача не ў тым, каб знайсці нейкія недахопы і потым гучна крычаць, што тут усё няправільна, недэмакратычна. «Наша задача, — выявіўшы нейкія недахопы, недапрацоўкі, дапамагчы як мага хутчэй іх устараніць, садзейнічаць адкрытасці, дэмакратычнасці выбарчага працэсу», — дадаў ён.
Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ўручыла Сяргею Лебедзеву пасведчанне міжнарод­нага наглядальніка № 1. Кіраўнік ЦВК падкрэсліла, што выбарчая кампанія праходзіць у спакойным штатным рэжыме, усе мерапрыемствы праводзяцца ў адпаведнас­ці з каляндарным планам. У панядзелак, 2 верасня, завяршылася фарміраванне акруговых і тэрытарыяльных выбарчых камісій — 110 і 7 адпаведна. У іх увайшла збалансаваная колькасць прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў і грамадзян, якія вылучаліся шляхам падачы заяў. Усе камісіі сфарміраваны ў максімальным складзе — 13 чалавек. Грамадскія аб’яднанні і палітыч­ныя партыі складаюць больш за 72 працэнты прадстаўнікоў, якія ўвайшлі ў выбар­камы. Фарміраванне выбарчых камісій прайшло адк­рыта і дэмак­ратычна. Ішло рэйтынгавае галасаванне за кандыдатаў, расказала Лідзія Ярмошына.
Акруговыя камісіі пачалі работу, яны ўжо могуць прымаць дакумен­ты на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па зборы подпісаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты. У нядзелю, 8 верасня, пачалося вылучэнне, яно прадоўжыцца месяц.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў назначаны на 17 лістапада, у Савет Рэспублікі — на 7 лістапада.

Добавить комментарий