Узровень даверу да дзеючага Прэзідэнта

Узровень даверу да дзеючага Прэзідэнта па-ранейшаму высокі і складае 78,1 працэнта. Аб гэтым сведчаць даныя праведзенага аналітычным цэнтрам Ecoom па заказе ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» сацыялагічнага апытання аб электаральных настроях і перавагах грамадзян. Яго вынікі прыведзены на сайце АНТ, паведамляе БелТА.
Даследаванне праводзілася з 23 па 27 ліпеня метадам тэлефоннага апытання. Рэспубліканская выбарка складае 1879 рэспандэнтаў, статыстычная хібнасць не перасягае 2,5-4 працэнты.
Згодна з атрыманымі ў час апытання данымі, удзел у галасаванні плануюць прыняць увогуле 89,5 працэнта насельніцтва (паводле даных папярэдняга замеру 10-13 ліпеня было 87,3 працэнта). Пры гэтым да магчымасці датэрміновага галасавання ў цэлым станоўча ставяцца больш за палову насельніцтва — 61,4 працэнта.
На перыяд правядзення апытання электаральныя перавагі грамадзян у адносінах да кандыдатаў у прэзідэнты размеркаваліся наступным чынам: Аляксандра Лукашэнку гатовы падтрымаць 72,3 працэнта беларусаў, рэйтынгі астатніх не перасягаюць сумарна 10 працэнтаў. Не змаглі адказаць 10,9 працэнта, не захацелі адказваць — 3,1 працэнта, супраць усіх — 3,7 працэнта.
Пры гэтым узровень даверу да дзеючага Прэзідэнта, які ўключае не толькі электаральны рэйтынг, але і ацэнку сацыяльна-эканамічнай палітыкі кіраўніка дзяржавы, эфектыўнасці прымаемых ім рашэнняў, складае 78,1 працэнта.
У параўнанні з папярэднім замерам, які праводзіўся аналітычным цэнтрам Ecoom 10-13 ліпеня, зафіксаваны некаторыя змяненні ў электаральных перавагах грамадзян, якія звязаны з тым, што Віктар Бабарыка і Валерый Цапкала выбылі з прэзідэнцкай гонкі, а частка іх электарату перайшла ў лагер Святланы Ціханоўскай. Ускосным стымулам выступіла стварэнне так званага аб’яднанага штаба згаданых прэтэндэнтаў. У той жа час колькасць тых, хто не вызначыўся, засталася фактычна нязменнай (увогуле 12,6 працэнта), што дае магчымасць меркаваць аб наяўнасці пэўнай інтрыгі наконт далейшай дынамікі рэйтынгу кандыдатаў.
З крыніц інфармацыі аб ходзе выбарчай кампаніі найбольшы давер у насельніцтва пры шматварыянтнасці адказаў выклікаюць тэлебачанне (65,4 працэнта), інтэрнэт-СМІ (43,2 працэнта), а таксама непасрэднае сацыяльнае акружэнне (сябры, знаёмыя, сваякі — у цэлым па краіне 25,7 працэнта). Пры гэтым моладзь (асобы ад 18 да 29 гадоў) у большай ступені давяраюць інфармацыі з інтэрнэт-СМІ (62,2 працэнта), тэлебачання (25,8 працэнта), а таксама ад сацыяльнага акружэння.
Агульны сацыяльны фон электаральнай кампаніі характарызуецца пераважаннем у грамадстве аптымістычных настрояў (62,8 працэнта). У той жа час занепакоенасць і няўпэўненасць у будучым выказваюць 17,2 працэнта. Абыякавасць і раўнадушнасць адчуваюць 5,5 працэнта.

Добавить комментарий