Старонкі гісторыі

У студзені 1931 года выйшаў першы нумар Крычаўскай раён-най газеты “Сацыялістычны шлях” – орган Крычаўскага райкама кампартыі Беларусі, райвыканкама і раённага прафсаюзнага савета. З таго часу і пачынаецца гісторыя раённага друку на Крычаўшчыне. Спачатку раённая газета выходзіла адзін раз у пяць дзён. Першым рэдактарам “раёнкі” быў Семянкоў. Затым рэдактарамі былі Пыко, Дамарацкі і Касоўскі. У 1932 годзе газета па-ранейшаму выходзіла раз у пяцідзёнку, але ўжо друкавалася не ў Клімавічах, як было спачатку, а ў Крычаве. У 1933 годзе раённая газета пачала выходзіць два разы ў пяцідзёнку тыражом у 3800 экзэмпляраў. З 96-га нумара “раёнка” пачала выходзіць праз дзень. А ўжо ў 1934 годзе – штодзённа. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, раённая газета з першых дзён заклікала жыхароў Крычаўшчыны на барацьбу з ворагам. Апошні перадакупацыйны нумар газеты датаваны 15 ліпеня 1941 года. Пасля вайны раённая газета пачала выходзіць пад другой назвай – “Шлях соцыялізма”. Напачатку 60-х гадоў яна памяняла статус і стала міжраённай газетай і атрымала назву “Новае жыццё”. Але з 1 красавіка 1965 года зноў стала Крычаўскай раённай газетай пад назвай “Ленінскі кліч”. З лютага 2010 года “раёнка” атрымала назву “Крычаўскае жыццё”.
З 1948 па 1955 год калектыў райгазеты ўзначальваў Мікалай Маркавіч Платонаў, а некаторы час – Уладзімір Цімафеевіч Чарткоў. Спачатку ў рэдакцыі ў той час рабілі ўсяго два работнікі – рэдактар і адказны сакратар. Выходзіла “раёнка” на дзвюх палосах – гэта адзін ліст. Тыраж складаў тысячу экзэмпляраў. З 1 снежня 1954 года Крычаўская раённая газета з ліку нямногіх у Беларусі пачала выходзіць на 4 палосах. У той час загадчыкам прамысловага аддзела працаваў стваральнік Крычаўскага краязнаўчага музея Міхаіл Фёдаравіч Мельнікаў, а затым Уладзімір Мартынавіч Каліннікаў. З 1955 года па 1962-гі раённай газетай кіраваў Ягор Ціханавіч Бяспалаў. У 1962 годзе Крычаўскі раён быў скасаваны. Была скасавана і “раёнка”. На яе базе была арганізавана міжраённая газета “Новае жыццё”, якая спачатку выходзіла ў Крычаве, а потым – у Клімавічах. Узначальваў газету Георгій Ерамеевіч Барысаў. Аднак з 1 красавіка 1965 года газета зноў пачала выходзіць як раённая ў адноўленым Крычаўскім раёне. Калектыў рэдакцыі райгазеты “Ленінскі кліч” зноў узначаліў Ягор Ціханавіч Бяспалаў. На гэтым пасту ў 1970 годзе яго змяніў Васіль Паўлавіч Самусік. З 1980 па 1998 год газету ўзначальваў Іван Нікіфаравіч Салаўёў. З чэрвеня 1998 года галоўным рэдактарам “раёнкі” прызначана Таццяна Пятроўна Іўкіна.
Задача калектыву раённай газеты “Крычаўскае жыццё” – усебаковае і аб’ектыўнае асвятленне грамадска-палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага і культурнага жыцця раёна. Сёння “раёнка” друкуецца на рускай і беларускай мовах, выходзіць два разы на тыдзень.
Калектыў раённай газеты прымаў актыўны ўдзел у рэспубліканскіх выставах сродкаў масавай інфармацыі, а таксама ў штогадовым абласным спаборніцтве сярод рэдакцый дзяржаўных, абласных, гарадскіх, раённых газет.
Вялікая ўвага надаецца пытанням паляпшэння дызайну газеты, якасці фотаілюстрацый. Мы імкнёмся, каб газета была не толькі багатая па зместу, але і сучасная па афармленні.

Добавить комментарий