Больш за сто кніг

Саюз пісьменнікаў Беларусі расказаў аб праграме Дня беларускага
пісьменства ў Бялынічах, перадае карэспандэнт БелТА.

Першы намеснік старшыні Саюза пісьмен­нікаў Беларусі Алена Стэльмах адзначыла, што традыцыйна адбудзецца «круглы стол». У бягучым годзе ён аб’яднае ўдзельнікаў з Расіі, Латвіі, Літвы, Малдовы, Украіны, Грузіі, Азербайджана, Казахстана, Таджыкістана, ЗША, Сербіі. «Аўтары прэзентуюць свае новыя творы, пераклады. У час абмеркавання будзе ўзнята важ­ная тэма для ўсіх краін свету – уплыў слова на свядомасць людзей, усталяванне міру, спакою. Запланавана відэасувязь з Нацыянальнай акадэмічнай бібліятэкай Казахстана ў Нурсул­тане. Да дыялогу таксама далучацца казах­скія пісь­меннікі Святлана Ананьева і Баянгалі Алім­жанаў», – расказала яна.
У Бялыніцкай дзіцячай школе мастацтваў запланавана творчая сустрэча пісьменнікаў з жыхарамі горада. На другі дзень свята адбудзецца ўрачыс­тае адкрыццё і падвядзенне вынікаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Таксама журы аб’явіць вынікі рэспубліканскага творчага конкурсу БРСМ «Кніга з экрана».
Паводле слоў старшыні Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаі­ла Пазнякова, госці свята ў Бялынічах убачаць больш за сто кніг, якія выйшлі ў 2019 годзе. «Пяты сезон Мінскага гарадскога тэатра паэзіі Цэнтраль­най гарадской бібліятэкі імя Я.Купалы адкрыецца ў Бялынічах. Рэжысёры і артысты рыхтуюць спек­такль «Старонцы мілай пакланюся», таксама прагучаць вершы беларускіх класікаў і сучасных паэтаў. Пройдуць прэзентацыі кніг, аўтограф-сесіі. На стэндах выдавецтваў будуць прадстаўлены творы такіх беларускіх аўтараў, як Вольга Нікіценка, Мікалай Мятліцкі, Сяргей Давідовіч», – дадаў ён.
Дзень беларускага пісьменства заснаваны ў 1994 годзе і адзначаецца штогод у першую нядзелю верасня. Ён праводзіцца для папулярызацыі лепшых традыцый нацыянальнай культуры, друкаванага слова, духоўнасці беларускага народа. Праходзіць у гістарычных і культурных цэнтрах, з якімі непарыўна звязана жыццё вядомых дзея­чаў краіны. У бягучым годзе вялікі рэспубліканскі фес­тываль прымаюць Бялынічы Магілёўскай ­вобласці 6 верасня.

Добавить комментарий