Прымірыцца з дапамогай медыятара

Сямейную пару пры разводзе ў судзе або загсе павінны будуць у абавязковым парадку інфармаваць аб магчымас­ці прымірыцца з дапамогай медыятара. Гэта замацавана ў новым Законе № 277-3, які падпісаны Прэзідэнтам у снежні 2019 года і павінен уступіць у сілу 1 ліпеня. Аб гэтым міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі расказаў журналістам, адказваю­чы на пытанне карэспандэнта БелТА.
У заканадаўстве замацоўваецца новае паняцце-інфармацыйная сустрэча з медыя­тарам. На думку Алега Сліжэўскага, альтэрнатыўны метад вырашэння канфліктаў – гэта адзін з перспектыўных напрамкаў прававой палітыкі краіны. «У час такога ўзаемадзеяння ў пары будзе магчымасць яшчэ раз пашукаць варыянты кампрамісаў, дасягнення згоды. Пры гэтым прынцып добраахвотнасці захоўваецца: кожны вырашае сам, ці спрабаваць звяртацца да медыятара», – адзначыў міністр.
Паводле слоў Алега Сліжэўскага, гаварыць аб тым, што медыяцыя трывала ўвайшла ў сферу вырашэння канфліктаў пакуль дачасна: ёсць яшчэ пэўны недавер да гэтага інстытута. Неабходна далейшае інфармаванне грамадства аб яго перавагах, таму і былі ўнесены змяненні ў заканадаўства.
Міністр дадаў: новаўвядзеннем з’яўляецца і тое, што бакі змогуць звяртацца да медыятара на любой стадыі грамадзянскага і гаспадарчага судаводства.

Добавить комментарий