Гуманітарная дапамога з Беларусі

Беларусь 29 студзеня накіравала гуманітарную дапамогу ў Кітай для падтрымкі ў барацьбе з успышкай каранавіруса.

Накіраваць у Кітай самалёт з неабходнай гуманітарнай дапамогай распарадзіўся Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Усяго ў Кітай прыбыло 20 т беларускіх медвырабаў. Груз фарміраваўся ў адпавед­насці з запытам кітайскага боку. Гэта 4,5 т антыбіётыкаў, якія найбольш запатрабаваны пры лячэнні ўскладненняў віруснай інфекцыі, больш за 10 т сродкаў дэзыінфекцыі рознага прымянення, ахоўныя сродкі для медперсаналу (пальчаткі, маскі, аднаразовае адзенне), сродкі абеззараж­вання паветра. На думку мініст­ра аховы здароўя Уладзіміра Караніка, гэта не апошні борт.
Усе вырабы, што накіраваны ў Кітай, выраблены ў Беларусі. Яны загружаліся на борт ваеннага самалёта, прыбыўшы непасрэдна з заводаў. Цяпер беларускі бок вызначае далейшыя меры падтрымкі.
Агульная колькасць заражаных новым каранавірусам у КНР дасягае амаль 8 тыс., памерлі 170 чалавек. Фінансавыя ведамствы Кітая на ўсіх узроўнях выдзелілі ў агульнай колькасці 27,3 млрд юаняў (каля $3,96 млрд) на барацьбу з пнеўманіяй, выкліканай новым каранавірусам.
Кітай 31 снежня 2019 года паведаміў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) аб пнеўманіі невядомага тыпу ва Ухані – буйным гандлёва-прамысловым цэнтры з насельніцтвам больш за 11 млн чалавек. 7 студзеня ўдалося ўстанавіць ўзбуджальніка хваробы – каранавірус 2019-nCoV. Захворванне выяўлена яшчэ ў 16 краінах. СААЗ прызнала ўспышку ў КНР нацыянальнай надзвычайнай сітуацыяй, якую пакуль не стала аб’яўляць ­міжнароднай.

Добавить комментарий