Больш за 1,5 млн. беларусаў

У перапісе насельніцтва, павод­ле даных на 9.00 9 кастрычніка, прынялі ўдзел 1 млн 544,9 тыс. беларусаў, паведамілі БелТА ў Нацыянальным статыстычным камітэце.
З іх праз інтэрнэт перапісаліся 646,6 тыс. чалавек.
На першым этапе перапісу мож­на запоўніць апытальныя ліс­ты самастойна праз інтэрнэт, на стацыянарным участку або нават на сваім працоўным мес­цы, калі арганізацыя выкарыс­тоўвае магчымасці мабільных участкаў. Карыстальнікі інтэрнэту могуць запоўніць анкету самас­тойна па адрасах www.перапіс.бел і www.census.by, выкарыс­тоўваючы пры гэтым рэсурс між­банкаўскай сістэмы ідэнтыфікацыі. Дарэчы, гэта могуць зрабіць як зарэгістраваныя, так і незарэгістраваныя карыстальнікі МСІ. Першыя — увайшоўшы з дапамогай лагіна і пароля, другія — праз СМС-код (пазначыўшы свой ідэн­тыфікацыйны нумар і нумар мабільнага тэлефона). Прайшоўшы працэдуру ўваходу, чалавек атрымае папярэдне запоўнены перапісны ліст, дзе ўжо будуць пазначаны прозвішча, імя, імя па бацьку, асабісты нумар, дата і месца нараджэння. Застанецца дапоўніць яго інфармацыяй, якой не хапае. Такім чынам мож­на перапісаць не толькі сябе, але і ўсю сваю сям’ю.
Для анлайн-перапісу выдзелены працяглы перыяд — з 4 па 18 кастрычніка. Пара­лельна працуюць мабільныя стацыянар­ныя ўчасткі па заяўках арганізацый.
З 4 кастрычніка пачалі працаваць стацыянарныя ўчасткі (усяго іх 644), на сайце Белстата размешчана інтэрактыўная карта з іх адрасамі, а таксама графікам работы. Гэтыя пункты будуць дас­тупны ўвесь перыяд перапісу — да 30 кастрычніка.
Перапісчыкі ж выйдуць па адрасах пражывання рэспандэнтаў 21 кастрычніка.
Адна з галоўных задач перапісу — устанавіць максімальна дак­ладную колькасць насельніцтва краіны. Белстат разлічвае, што з выкарыстаннем усіх цяперашніх навацый атрымаецца перапісаць максімальную колькасць людзей. Дарэчы, на 1 жніўня ў Беларусі пражывала 9 млн 454,1 тыс. чалавек.

Добавить комментарий