Акумулятар сеў…

Акумулятар сеў…У навагоднюю ноч заўсёды адбываюцца розныя дзівосы. І ў асаблівасці з тымі, хто ў іх не верыць. Вось і з Воўкам адбылося нешта такое, што пахіснула яго шматгадовае нявер’е ва ўсялякую чыстую і нячыстую сілу. Адбывалася ж усё так…
Новы год, па склаўшайся ўжо традыцыі, Воўка сустрэў дома. Кульнуў келіх шампанскага, пакаштаваў матчыных навагодніх прысмакаў, пагаманіў крыху з бацькамі пра тое-сёе і скіраваўся, зноў-такі па звычаі, у госці да знаёмых дзяўчат. Сеўшы ў машыну, спачатку заруліў да сябрука Сашкі – не ехаць жа ў дзявочы гурт аднаму! Нейкую хвіліну-другую  пасядзелі ў яго, прыняўшы трошкі «на грудзі” за Новы год. Затым заскочылі да яшчэ аднаго сябрука, потым другога… Пасля чарговага заезду ўжо ўвогуле забыліся, куды кіраваліся першапачаткова. Але тут на кагосьці сышло прасвятленне – там жа дзяўчаты адны! 
Усім гуртом з вясёлым гоманам вываліліся з пад’езда і заляпалі дзверцамі машыны, ледзьве ўціснуўшыся ў салон. Воўка, адчыніўшы сваю дзверку, каўзануўся на няцвёрдых нагах, але, на здзіў, прызямліўся дакладна ў крэсла. Выцягнуў з кішэні ключ, торкнуў куды трэба і павярнуў. Аднак, як гаворыцца ў вядомай песні, «у адказ – цішыня!”. Паторгаў за ключ, пашчоўкаў туды-сюды – старцер аніякіх прызнакаў жыцця не падаваў. «Ну, ўсё, прыехалі, акумулятар сеў, — прапаўзла ў Воўкі нетаропкая думка. І тут яго нібы маланка джагнула, нават у галаве прасвятлела: — Як сеў, ён жа новы!.. Спёрлі акумулятар, як піць даць!”. 
Воўка вылецеў з машыны і рэзка адчыніў капот, каб пераканацца ў сваіх падазрэннях. Але рэчаіснасць пераўзышла нават самыя горшыя яго прадчуванні – пад капотам увогуле нічога не было, толькі адбліскваў белым снег на асфальце. Сябрукі, зразумеўшы, што ў машыне нейкія непаладкі і ад’езд адкладваецца, з гогатам павыпадалі з дзверцаў. Але смех літаральна заледзянеў на іх вуснах, калі яны ўбачылі Воўкаў твар, а затым пачулі такое, што аж снег пасыпаўся з навакольных дрэў. 
Сябрукі падхапілі напаўпрытомнага ад адчаю Воўку і ледзьве не на руках занеслі назад у кватэру. Для супакаення хуценька налілі яму шклянку гарэлкі… Усе зноў загаманілі, сталі спачуваць, абмяркоўваць, як гэта так хутка можна было знесці матор – здаецца, і паўгадзіны не мінула, як Воўка прыехаў! Гэта ж якім «профі” быў злодзей!..
Кульнуўшы па чарцы-другой, кампанія зноў высыпала на вуліцу – вось дык свята, міліцыю трэба выклікаць! А каб ахоўнікаў парадку сустрэць, так бы мовіць, ва ўсеўзбраенні (а то прымуць усё за навагодні жарт, непрыемнасцей не абярэшся!), вырашылі адкрыць маторны адсек, каб яны ўсё адразу ўбачылі. Адзін шчоўкнуў зашчапкай каля вадзіцельскага крэсла, другі адкінуў капот і… Класікі ў такіх выпадках пісалі: «Нямая сцэна” – матор стаяў на месцы! 
У аслупянелай цішыні было чутна, як падаюць на плечы знямелых сябрукоў бязважкія сняжынкі. Нарэшце Воўка, які ў чарговы раз практычна працверазеў, працягнуў дрыжачую руку і, пэўна, не давяраючы зроку, памацаў матор. Не, вочы не падманулі, пад пальцамі знаходзіўся халодны метал. Кампанія паціху пачала ажываць, неўразумелыя гукі паступова ператвараліся ў асэнсаваную гаворку, а вырачаныя вочы перасталі блукаць па баках. І тут нехта ці то больш кемлівы, ці больш цвярозы раптам заўважыў у дзясятку метраў яшчэ машыну, падобную да іхняй літаральна адзін у адзін, нават адценнем фарбы. 
— Мужыкі, а ў які бок мы выходзілі з пад’езда ў першы раз – управа ці ўлева? – павісла ў паветры пытанне.
— А ці хто помніць!..
— Воўка, а гэта твая машына?
— Мая-мая, вось мой нумар…
— Дык, можа, мы не ў тваю тады залезлі?
Усе рушылі да другой машыны, у якой сапраўды не аказалася матора. На радасцях кінуліся абдымацца, а потым дружна рушылі за стол.
                                                    Сяргей ДЫНІКАЎ.

Добавить комментарий