Успамін

Апавяданне
Успамін

З той пары нямала вады сплыло. Ды Лявон часам і цяпер адчувае на сваім падбародку нясмелае, далікатнае крананне яе мяккай, цёплай далоні. Успамін нібыта лагодзіць сэрца, поўніць яго ціхай радасцю, прыемнай і незабыўнай пяшчотай.
… Стаяў майскі надвячорак. Альшоўскія хлопцы, сярод якіх быў і навучэнец гарадскога будтэхнікума Лявон Гардзееў, вярталіся з суседняй Ягораўкі з кепскім настроем. Наракалі на музыку, які недарэчы захварэў, і яны не патанчылі з мясцовымі прыгажунямі.
Але… Вось цуд! Альшоўцы былі ўжо амаль дома, як пачулі звонкія, такія жаданыя гукі гармоніка. Пералівы трохрадкі прызыўна луналі… над іх вёскай. І яны — да любімага месца.
Як і заўжды, моладзь весялілася каля хаты цёткі Каці, добразычлівай і прыветнай жанчыны. Толькі што адвіхурыла імклівая полька. І тут жа аб’явілі дамскі вальс. На цвёрдай земляной пляцоўцы закружыліся першыя пары. Дзяўчыны смела падыходзілі да кавалераў і, робячы ледзь прыкметны рэверанс, запрашалі на танец. Хораша, прыгожа вальсавалі, смяяліся, нехта нават падпяваў.
Альшоўцаў крыху здзівіла, што іх прыход тут нібы і не заўважылі. Яны купкай тоўпіліся пад густой ліпай і раўніва пазіралі на развясёлую публіку. Мясцовыя скакалі з «чужакамі», якіх на гэты раз чамусьці нямала папрыходзіла (з імі і музыка) з навакольных вёсак.
— Нашы нам прыпаднеслі сюрпрыз, змовіліся правучыць, — ціха сказаў Валодзя Кірэеў, дужы, прыгожы юнак. І ўжо громка дадаў: — А не ўцямілі, што мы і раззлавацца можам!..
Лявон успрыняў усё гэта даволі спакойна, паправіў рукой густую чупрыну і прабасіў: «Малайчыны, так нам, здраднікам, і трэба, не ўпершыню сваволім». І падаўся да сваячкі Веры, смелай, вострай на язычок і прывабнай дзяўчыны. Яна стаяла непадалёк і штосьці шаптала на вуха сваёй суседцы Святлане.
Як і чакаў юнак, Вера выказала яму тое, што, пэўна, думалі і яе сяброўкі: «Усё бегаеце па чужых сёлах. Лічыце, што ёсць лепшыя за нас? Памыляецеся, мілыя, нідзе няма. Адкрыйце вочы і паглядзіце вакол сябе».
Вера гаварыла гучна. Яе чулі многія альшоўскія хлопцы. І не толькі… А Лявон, крыху схіліўшы галаву, прыязна пасміхаўся і сапраўды глядзеў… глядзеў на Святлану. І думаў са здзіўленнем і настоенай замілаванасцю: «Якая ж яна прыгожая стала!..».
 
Продолжение читайте в нашем субботнем выпуске.

 
17 января 2015

Добавить комментарий