І зноў узнагароды…

На Магілёўшчыне прайшоў VІ Міжнародны форум “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства”. У ім бралі ­ўдзел прадстаўнікі 12 краін: Кітая, Азербай­джана, Кыр­гызстана, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Грузіі, Узбекістана, Казахстана, Расіі, Украіны, Беларусі. З мэтай умацавання міжнародных, культурных сувязей, а таксама для абмену духоўнымі і культурнымі каштоўнасцямі і для папулярызацыі лепшых традыцый нацыя­нальнай сусветнай культуры і мастацтва ў Магілёў прыбылі вучоныя і спецыя­лісты па вывучэнні фальк­лора і традыцыйнай культуры. Ад нашага раёна на форум былі дэлегаваны народны майстра Рэспублікі Беларусь, кіраўнік народных калектываў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Свістулька” і “Добрасць” Вячаслаў Якавенка і ­ўдзельнік студыі “Доб­расць” Марына Старавойтава. Тэмай форуму быў “Нацыянальны касцюм як элемент гістарычнай спадчыны ў сучаснай культуры”.
Першыя два дні работы форуму праходзілі ў абласным метадычным Цэнт­ры народнай творчасці і культурна-­асветніцкай работы. У канферэнц-зале адбылася навукова-метадычная канферэнцыя. У глядацкай зале праходзілі ўрачыстае адкрыццё форуму і канцэрт. Выступленні ўдзельнікаў з прэзентацыяй традыцыйных нацыянальных касцюмаў выклікалі непадробную ціка­васць, суправаджаліся шчырымі апладысментамі. Удзель­нікі форуму абменьваліся вопытам, знаёміліся з духоўнымі каштоўнасцямі і дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам розных народаў.
У фае былі разгорнуты багатыя і цікавыя выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва майстроў Магілёўшчыны. Тут жа прайшло і ўзнагароджанне пераможцаў абласнога конкурсу-выс­тавы аксесуараў і элементаў да стылізаванага народнага касцюма “Свет формы і колеру”. Ад нашага раё­на ў ім прымала ­ўдзел і народная студыя ДПМ “Доб­расць”. Дыпломамі ІІ ступені былі ўзнагароджаны Вячаслаў Якавенка, Інга Кароль, Святлана Якіменка, ІІІ ступені — Любоў Яшчанка, Марына Старавойтава, Максім Максіменка, а Уладзімір Ярачэнка атрымаў дыплом удзель­ніка. Таксама на форуме прайшоў паказ традыцыйных народных касцюмаў Магілёўшчыны. Наш раён прадставіў рэканструяваны народны жаночы касцюм. Гэта дак­ладная копія старадаўняга касцюма ХІХ стагоддзя, які знайшоў В. Якавенка.
Трэці дзень работы форуму праходзіў на Мсціслаўшчыне. У маляўнічым месцы на базе адпачынку “Сямігор’е” былі размешчаны падворкі раёнаў. На Крычаўскім была разгорнута выстава народнай студыі ДПМ “Доб­расць”. Чаго тут толькі ні было: кераміка і вышыўка, вязанне, традыцыйная і сучасная лялька, бісер, жаночыя ўпрыгажэнні і аксесуары… Тут жа адбылося і ўзнагароджанне пераможцаў абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Скарбніца Падняпроўя”. Наш раён на ім прадстаўлялі народныя студыі “Свістулька” і “Добрасць”. Узнагароды атрымалі сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Л. Яшчан­ка, народны майстар Рэс­публікі Беларусь В. Яка­венка і майстар па карункавязанні М. ­Старавойтава.
С. ДЗМІТРЫЕЎ.

Добавить комментарий