Выпрабаванне лёсам

Антаніна Паўлаўна выйшла са сваёй хаты і прысела на лавачцы ля паркана, за якім цвілі, красаваліся яе любімыя вяргіні. Яна сарвала некалькі кветак і накіравалася на могільнік. Ён знаходзіўся адразу за вёскай, ісці хвілін дзесяць. Сюды Антаніна Паўлаўна ходзіць ужо каторы год амаль кожны дзень. Тут магілкі самых родных людзей, якіх лёс забраў у яе. Пасядзіць, паўглядаецца на здымкі на помніках, нібы пагаворыць з усімі. Потым пратрэ здымкі, вырве травінкі, заменіць кветкі і паціху патупае дамоў. Ужо мінула гэтулькі гадоў, час прытупіў той невыносны боль. Раней жа яе плач, яе галашэнне было чуваць па ўсёй акрузе.
Паўлаўна вяртаецца да сваёй хаты, дзе яе сустракае цішыня. Вырасла ўжо яе ўнучка Маша, зараз заканчвае вучобу ў горадзе, часта звоніць бабулі, наведвае. Гэта адзіная радасць у жыцці Паўлаўны. Але адзінота ўсё роўна не пакідае яе.
Зазваніў тэлефон. Паўлаўна падхапілася: “Марыйка мая звоніць!”. Гэта была сапраўды яна. Унучкін вясёлы голас адгукнуўся з таго боку трубкі: “Бабулечка, як ты там? У мяне да цябе навіна, я хутка прыеду, ды не адна, а з Сашкам! Памятаеш, я табе той раз казала пра яго? Ён вельмі добры, табе спадабаецца”. Распытаўшы ў бабулі, якія навіны ў вёсцы, Маша паклала трубку. Паўлаўна прабурчала: “Добры, добры… Відаць, закахалася ты, мая ўнучачка! Які ён доб-ры, жыццё пакажа”… І ёй успомнілася яе маладосць.
Тоня вярталася з горада, дзе закончыла курсы бухгалтараў. Вучылася яна па накіраванні свайго калгаса і цяпер будзе працаваць у праўленні. Дзень быў сонечны, і пасля душнага аўтобуса прыемны ветрык абвяваў твар, настрой быў вясёлы. Тоня нават заспявала песенку, якую чула па радыё. Потым зірнула на наручны гадзіннік, ісці яшчэ амаль гадзіну. “Добра было б, каб хто падвёз, хутчэй бы дамоў трапіла”. Толькі так падумала, як пачула гул аўтамабіля. Яна прыпынілася. З-за павароту выскачыў самазвал. Калі ён параўняўся з Тоняй, з кабіны пачуўся вясёлы хлапечы голас: “Прыгажуня! Не жадаеце са мной пад’ехаць? Я бачу, нам у адным накірунку”.
Так яна пазнаёмілася са сваім Мішам. Хлопец быў родам з суседняй вёскі, толькі што вярнуўся са службы ў арміі, дзе быў вадзіцелем, і атрымаў у калгасе новенькі самазвал. Пачалі сустракацца, а хутка і ажаніліся. Тоня пачала працаваць у канторы, ім выдзелілі жыллё. Пачалі абжывацца. Міхаіл быў старанны, гаспадарлівы. Тоня таксама руплівая гас-падыня, усё ў іх было добра. Праз два гады нарадзіўся першынец, сынок, якога назвалі Паўлікам, як Тонінага бацьку. Хлопчык рос разумным, паслухмяным. пачаў вучыцца ў школе. Затым нарадзіўся другі сынок, Сярожка. Паўлік вельмі любіў браціка, нянчыўся з ім, аберагаў. Маці магла спакойна пакінуць малога з Паўлікам. Ён быў першым памочнікам у маці, якую б працу яна ні загадвала яму зрабіць, заўсёды выконваў. Дапамагаў і тату.
У той дзень нічога не прадказвала бяды. Быў спякотны летні дзень. Антаніна Паўлаўна вырашыла прапалоць бульбу. Яны садзілі ладны кавалак, бо трымалі свіней, гусей. Была субота. Пачалі палоць з самага ранку, пакуль яшчэ не так прыгравала сонейка. Тут жа на мяжы гуляў трохгадовы Сярожка. Сонца пачало прыпякаць усё мацней. Антаніна прыпыніла праполку, бо стаміліся на спякоце. Пайшлі дахаты, дзе маці пакарміла Сярожу яечняй, а Паўлік сказаў, што есці не хоча, толькі напіўся вады. Да яго прыбег сябрук Віцька, каб пайсці на возера купацца. Антаніна дазволіла.
Паўліку ішоў адзінаццаты год, плаваць навучыў яго тата, ён часта хадзіў з ім на рыбалку. Антаніна Паўлаўна, паклаўшы спаць Сярожу, рашыла памыць бялізну. Міхаіл быў на працы. Толькі занялася справай, як убачыла ў весніцах нейкага спалоханага Віцьку. Яна падбегла да хлопчыка, але той не мог нічога вымавіць, акрамя: “Там Паўлік”… Антаніна як не сваімі нагамі кінулася ў бок возера. Там на беразе яна ўбачыла свайго Паўліка, які ляжаў нерухома. Пачала тармасіць, крычаць: “Паўлічак, сыночак!”. Але той не адгукаўся. Да яе падышоў Ягор, хата якога стаяла непадалёк ад возера. Ён сказаў: “Гэта я Паўліка выцягнуў з вады. Не ведаю, як гэта здарылася, не бачыў, але калі пачуў, як закрычалі дзеці, прыбег. Хлопчык ужо схаваўся пад вадою, я паплыў і выцягнуў на бераг. Рабіў, што мог. Напэўна, сутарга звяла яму ногі”. Антаніна Паўлаўна страціла прытомнасць.
Але трэба было жыць, гадаваць дзяцей, бо пад сэрцам яна адчувала ўжо сваю дачушку. Але як усё цяжка перанесці, зразумее толькі той, хто сам перажыў такое.
Жыццё ж брала сваё. Праз паўгода нарадзілася дачушка Людачка. За клопатамі неяк і гора прытупілася. Дзеці раслі. Яны працавалі. Сярожа ўжо заканчваў школу. А потым атрымаў павестку ў ваенкамат. Хутка яго забралі ў армію. Зрабілі праводзіны. У сына ўжо была нявеста, Рыта. Прыгожыя маладыя, калі яны танцавалі, Антаніна і Міхаіл любаваліся імі. Сяргей пісаў часта лісты і бацькам, і Рыце, казаў, што ў яго ўсё добра, ужо прывык да воінскага распарадку, перадаваў прывітанне сваім сябрам і суседзям. Потым з месяц не было лістоў. Антаніна Паўлаўна пачала хвалявацца, але хутка прыйшло ад Сяргея пісьмо, у якім ён прасіў прабачэння, што доўга не пісаў, не было часу, іхнюю часць адправілі спачатку ў Туркменістан, а потым, напэўна, перавядуць у афганскі горад Кандагар. Выконваць інтэрнацыянальны доўг, так сказаў іхні камандзір.
Часць, у якой служыў Сярожа, была адной з першых, што адпраўлялі ў Афганістан. Нікому яшчэ не прывозілі цынкавыя труны, ніхто не ведаў “чорных цюльпанаў”. Таму Антаніна Паўлаўна не ведала, як рэагаваць на ўсё гэта, але чамусьці трывожна стала на сэрцы. Але сын дасылаў лісты, прасіў не хвалявацца. Засталося ўсяго паўгода, ён дэмабілізуецца, вернецца дамоў, а зараз ён жывы, здаровы.
Больш лістоў не было, толькі ваенныя людзі прывезлі ў іхні двор цынкавую труну. Антаніна нейкую хвіліну глядзела на яе, а потым страціла прытомнасць. Апрытомнела толькі ў “хуткай”, па дарозе ў бальніцу.
Сына пахавалі без яе. Антаніне Паўлаўне не верылася, што Сярожы няма ў жывых, ён яшчэ такі малады, усяго дваццаць гадоў. Ёй здавалася, што сыночак хутка вернецца, абдыме яе і скажа: “Добры дзень, матуля! Я вярнуўся!..”. Але гэта толькі сэрцам, а розум гаварыў іншае. Міхаіл і Людачка падтрымлівалі яе, як маглі, калегі на працы таксама.
Праходзіў час, боль у сэрцы крыху сунімаўся. Дачка Люда падрасла, закончыла на “выдатна” школу, паступіла вучыцца на псіхолага. Закончыўшы вучобу, засталася працаваць у горадзе, а хутка выйшла замуж.
Антаніна Паўлаўна з мужам жылі ўдваіх. Яна хацела, каб дачка жыла з імі, але што зробіш, жыццё распараджаецца па-свойму. Праўда, Люда стараецца як мага часцей наведваць бацькоў, а тэлефануе амаль кожны дзень. Сваю дачушку Машу прывозіць да дзеда і бабулі, унучка любіць іх і ахвотна застаецца. Антаніна Паўлаўна і дзядуля ўсю сваю любоў аддаюць дзяўчынцы, вельмі аберагаюць яе. Люда кажа, што яны спесцілі яе. Вось і ў той страшны дзень, калі яны атрымалі вестку, што іхняя дачка і зяць загінулі ў аўтамабільнай аварыі, Марыйка была з імі. Ёй было пяць гадкоў. На пахаванні Паўлаўна плакала, крычала, потым страціла прытомнасць. Тут дзяжурыла фельчар, прыводзіла яе ў свядомасць. Маці падымала ўгору рукі, крычала: “За што мне гэта?!». Міхаілу Сямёнавічу зрабілася дрэнна, выклікалі хуткую дапамогу, але да бальніцы не давезлі.
Хавалі іх у адзін дзень. Антаніна Паўлаўна не хацела жыць, але суседзі, радня супакойвалі яе: “Паўлаўна, трымайся, у цябе ж унучка! Табе яе гадаваць трэба. Не аддасі ж ты яе ў дзіцячы прытулак?”. Паўлаўна прыціскала дзяўчынку да сябе і казала: “Нікому не аддам, гэта мая адзіная радасць!”. І гэта стрымлівала яе хоць крыху. Потым яна казала сваёй сяброўцы: “Каб не Марыйка, я б наклала на сябе рукі. Але Бог, відаць, захацеў, каб я жыла дзеля яе. Толькі не ведаю, за якія грахі пакараў мяне. Я зараз малюся за здароўе маёй Машы, прашу, каб яна была са мною да маёй смерці. Я зараз зразумела: жыццё пражыць – не поле перайсці».
Антаніна Рыжанкова.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *