Калі ёсць шчырае жаданне…


“Самая добрая ў свеце”, – кажуць дзеці пра свайго харэографа Ірыну Шэцікаву. Педагог дадатковай адукацыі кіруе групай харэаграфіі эстраднай студыі “Мазаіка” ­ЦТДзіМ “Крэчут”, чацвёрты год вучыць 8-9-гадовых дзяўчынак танцаваць. Дагэтуль 16 гадоў адрабіла ў СШ № 8, вяла факультатыў па харэаграфіі. Скончыла Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў. “Мае яркую індывідуальнасць і ўносіць свой унёсак у развіццё студыі”, так кажуць пра Ірыну Ігараўну калегі. Сапраўды, яе выхаванцы дасягнулі значных поспехаў. На V Міжнародным конкурсе мастацтваў “Дняп­роўскія хвалі” ў намінацыі “Эстрадны танец. Ансамбль. 6-10 год” нашы маленькія артысты сталі лаўрэатамі 3 ступені. А летась на рэспубліканскім конкурсе “Здравствуй, мир!” перамаглі ў намінацыі “Харэаграфічная творчасць”.
Удзел у конкурсах, як адзначаюць педагогі, – добры стымул для далейшага творчага росту дзяцей, развіцця таленту. “Гэта лепш, чым сядзець дома перад тэлевізарам, – кажа Ірына Ігараўна, – нават калі і не перамаглі”. У такім выпадку харэограф вучыць ні ў якім разе не расстройвацца. Маленькая Ліза Ліпіцкая адзначыла наконт конкурсаў: “Раней хвалявалася, а зараз прывыкла, дапамагае падтрымка дзяўчынак”. “Толькі бацькі ўключалі музыку, я пачынала танцаваць. Тады яны і запісалі мяне да Ірыны Ігараўны. Падабаецца выконваць усё, бо хочацца паспрабаваць сябе ў розных танцавальных напрамках”, – расказала Дар’я Рабінчыкава. А Ангеліна Матвеянкова сама папрасіла маці запісаць яе ў студыю. Мілана Варанцова пазнаёмілася з Ірынай Ігараўнай яшчэ ў дзіцячым садку, калі рыхтавалі танец. Педагог ёй вельмі спадабалася, і дзяўчынка вырашыла займацца ў яе. Танцы для 9-гадовай Міланы – гэта магчымасць паказаць свае здольнасці, паразмаўляць з сябрамі.
Без маленькіх артыстаў не абходзіцца ніводнае раённае мерапрыемства, былі і на гастролях у Клімавічах. “Калі трэба, яны і кураняты, і каты, і кажаны, ні ад чаго не адмаўляюцца, – усё танцуюць”, кажа педагог. Рэпертуар разнастайны, дзеці выконваюць эстрадныя танцы, класічныя, народныя, хіп-хоп… Калі трэба, то нумар могуць паставіць і за пару тыдняў. Педагогу часцяком дапамагаюць дзеці – выбіраюць разам музыку, падбіраюць рухі… Як увогуле ўзнікаюць ідэі? “Усё залежыць ад музыкі. Пачую – і з’яўляецца які-небудзь сюжэт”, – сказала сураз­моўца. Так, аднойчы жанчына пачула музыку з кінафільма “Эмілі”, у якой падаліся гукі кроп­ляў дажджу. Яны і натхнілі на танцавальна-тэатральны нумар “Свет вачамі дзяцей”, які прынёс дыплом на “Дняпроўскіх хвалях”. Танцоркі радуюцца дажджу, слухаюць птушак, затым, здаецца, шторм, і яны палохаюцца…
Харэограф лічыць, што няма неталенавітых дзяцей: “Калі ёсць шчырае жаданне, дзіця зробіць усё. І калі прыйшлі на заняткі, павінны працаваць сумленна”. У групу бяруць усіх жадаючых. Выхаванцы Ірыны Шэцікавай, па яе словах, вельмі старанныя, адказныя, таварыскія, паспяваюць і добра вучыцца, і ў студыі займацца, а яшчэ, напрыклад, і на маляванне хадзіць. “Гэта ўсё – у скарбоначку. Не ведаеш, што ў жыцці спатрэбіцца дастаць з яе”, – сказала педагог. У многім такая актыўнасць, зацікаўленасць і паспяховасць дзяцей – заслуга танцаў. Яны развіваюць зрокавую і слыхавую памяць, умацоўваюць здароўе, павышаюць праца­здольнасць. Па словах суразмоўцы, многія дзеці пачалі лепш вучыцца ў школе, сталі больш таварыскімі, бо пастаянна знаходзяцца ў творчым калектыве. “Танцы дапамага­юць паверыць у сябе. А ўпэўнены ў сабе чалавек на многае здольны. У сваю чаргу, сваімі перамогамі, стараннасцю дзеці надзяля­юць упэўненасцю і мяне, – кажа харэограф. – Важна быць сябрам для дзяцей, а таксама, каб і яны ўмелі сябраваць, бо знаходзяцца ў калектыве. Галоўнае ж для мяне – каб яны выраслі добрымі людзьмі”.
Анжэліка Саўчанка.

Добавить комментарий