Адзіная

Сапраўдная сяброўка, калі яна сапраўды сапраўдная, не можа быць абыякавай да цябе.Адзіная

Нават да лёсу тваіх дзяцей і ўнукаў.  А калі ёсць праўнукі, дык і да іх.
І я шчаслівая, што ёсць у мяне такая. Хай сабе адна. Другой і не трэба.
Яна не проста цікавіцца, як твае справы. Абы спрасіць. Дзеля прыліку. Яна, як следчы, да драбніц, да атамаў з нейронамі і пратонамі дазнаецца.
Калі прыхварэеш, дык яна і па тэлефоне, і ў кватэру. І якая тэмпература, і колькі разоў кашляю за хвіліну? І ці папраўлюся, ці не?
Любоў Сенакосава дужа набожная. Для яе Біблія, што буквар. Пра Новы запавет і казаць нечага. Калі што незразумела, да яе. І толькі да яе. Нібы да энцыклапедыі.
Яна ведае на тысячу кіламетраў наўкола, дзе які храм, чым знакаміты, хто там свяшчэннік. Абавязкова злётае, пазнаёміцца.
З кожнай паездкі вяртаецца свяжэйшай, абнаўлёнай, нібы з нейкай гаючай лазні.
І як усякага шчырага, зычлівага чалавека яе тут жа цягне да сяброўкі: як яна тут, ці ўсё добра?
Вяртаецца аднойчы са свайго вандравання, а сын мой Віктар згубіў работу. З дырэктарам паспрачаўся.
Ой, як жа Любоў раз’юшылася. Што гэта за новыя парадкі такія, што за дамовы, у якіх начальнік заўжды правы?
— У суд! — крычала яна, — абавязкова ў суд! Нечага…
Справа знаёмая, бо якраз гэткім чынам і яе сын працу згубіў.
І так расхвалявалася, што мусіла зноў падацца па святых месцах, дзеля заспакаення нерваў.
З’яўляецца праз тыдзень, а ў сына ўжо новая работа. Яшчэ ляпшейшая. Гэта яе так узрадавала, так узняло, што страціла прытомнасць. Як бы не ўнучка побач, ды не «хуткая»…
Ледзь пазбегла інфаркту. Доктар тады папярэдзіў, што надта вялікая радасць, ну, дужа вялікая, асабліва за кагосьці чужога, небяспечней за гора.
Але Сенакосава іншай быць не можа.
Не паспела адпачыць пасля чарговага наведвання святых гаючых месцаў, як, на табе, унучка мая Света паступае ў медвуз.
Якраз у той, куды яе ўнучка спрабавала паступіць.
І што расхвалявала: першы экзамен быў не дужа ўдалы, а потым нейк узяла сябе ў рукі і … паступіла.
Ну, такая навіна не кожнаму льву па зубах, а не толькі Сенакосавай з яе падраненым сэрцам.
Яна так абрадавалася, так распяклася, што ні валер’янка, ні карвалол не далі рады. Маўляў, калі мая не паступіла, дык хай хоць Света.
Доктар апошні раз папярэдзіў, што, калі не кіне страшэнна радавацца чужому шчасцю, трэці раз можа аказацца апошнім.
Ды ёй гэта да лямпачкі!
Яна як радавалася, так і будзе радавацца чужой удачы да апошняй кроплі крыві.
                                                                                                                                                                           Панас ПАЛІТЫКА.

Добавить комментарий