Не ў багацці шчасце

Не ў багацці шчасце

 

Марыя Мацвееўна была жанчына з цвёрдым характарам, нават суровая, заўсёды дамагалася свайго. Гэтак яна старалася выхоўваць і свайго адзінага сына Валодзю, але гэта ў яе не вельмі атрымлівалася, хоць Валодзя быў і паслухмяным хлопчыкам, але характар меў свой. «Увесь па бацьку!” – злавалася іншы раз Мацвееўна, калі Валодзя не слухаўся яе. Бацька Валодзі рана памёр. Мацвееўна жыла з сынам у раённым цэнтры, невялікім гарадку, побач працякала спакойная Прыпяць. Месца было маляўнічае, прыгожае.

Праходзіў час, Мацвееўна ўжо ў гэтым годзе выйшла на пенсію, а Валодзя працаваў інжынерам у праектным бюро. Адна яе мара збылася – вывучыла сына, зараз ен меў добрую работу. А другая мара была – выгадна жаніць сына. Мацвееўна ўсё прыглядалася да дзяўчат, каб знайсці дастойную. Самога ж Валодзю гэта пакуль што не вельмі турбавала.
Побач з домам Мацвееўны будаваўся шыкоўны, вялікі асабняк. Гаспадар яго займаўся бізнэсам, і справы, відаць, у яго ішлі нядрэнна, бо харомы раслі хутка, нібы грыбы пасля цёплага дажджу. Такога церама не было ні ў каго на іхняй вуліцы. І Мацвееўне ўжо пасавала тое, што гэта будзе яе сусед. Суседа яна бачыла некалькі разоў, праўда, здалёк. Тоўсты, гладзенькі, з сімпатычным тварам мужчына, прыкладна яе гадоў. Восенню будоўля закончылася, і вось сёння Мацвееўна ўбачыла спачатку аўтамабіль з мэбляй, а потым дарагую іншамарку суседа – з яе выйшаў гаспадар, а з другога боку выйшла маладая дзяўчына, модна апранутая, відаць, дачка. «Вось нявеста для майго Валодзі! — адразу падумалася Мацвееўне. – Гэтую я ўжо не ўпушчу. Багатая, разумная, прыгожая, толькі яна пара майму сыну”. Яна зрабіла ўсё, каб пазнаёміцца з суседзямі, і ёй гэта ўдалося. Мацвееўна ўжо ведала, што суседа завуць Віктарам Сяргеевічам, а яго дачку – Ларысай. Засталося толькі пазнаёміць з імі сына.
Валодзя ў добрым настроі вяртаўся з работы, наперадзе — два выхадныя дні, можна заняцца сваёй любімай справай – узяўшы мальберт і фарбы, адправіцца за горад маляваць эцюды (у яго было хобі, вельмі любіў маляваць). Раптам ён убачыў дзяўчыну ў чырвоным берэціку, якая, скачучы на адной назе, спрабавала ўхапіцца за парэнчу моста. «Што з Вамі здарылася, што з нагою? – запытаўся Валодзя. – Можа, я чым дапамагу?”. «Не, нічога страшнага, — прыветна заўсміхалася дзяўчына. – Проста абцас зламаўся”. Валодзя падышоў бліжэй: «Дык тут непадалёку абутковая майстэрня, давайце дапамагу дабрацца”. Праз паўгадзіны абцас быў на сваім месцы, а Наташа, так звалі дзяўчыну, ужо добра трымалася на нагах.
«А давайце пагуляем”, — прапанаваў Валодзя. Яму з першага позірку спадабалася Наташа: густыя каштанавыя валасы, якім вельмі пасаваў чырвоны берэцік, і такі мілы, светлы твар з прыгожымі, чыстымі вачыма. Валодзя расказваў пра сябе, дзе працуе, дзе жыве, чым займаецца ў вольны час. Наташа гаварыла, што працуе настаўніцай малодшых класаў, вельмі любіць сваіх вучняў, і яны ёй адказваюць тым жа, што яна таксама, як і ён, любіць маляваць. Яны былі знаёмы мо якую гадзіну, а ім здавалася, што яны ведаюць адзін аднаго вельмі даўно. На развітанне яны дамовіліся сустрэцца заўтра на гэтым месцы, каб разам маляваць прыгожыя восеньскія краявіды. Удвору Валодзя ішоў узрушаны, ды і ноччу яму не спалася, вельмі ўжо запала Наташа яму ў сэрца, і ён лічыў гадзіны, калі можна пайсці на сустрэчу. Цяпер яны сустракаліся кожны дзень, беглі адзін аднаму насустрач і не ведалі, як маглі жыць дагэтуль. Маці пра Наташу ён пакуль нічога не казаў. Тая ж ужо колькі разоў спрабавала пазнаёміць сына з суседкай Ларысай, але неяк усё не атрымоўвалася. Валодзя цяпер увесь вольны час праводзіў за мальбертам.
Набліжаўся Валодзін дзень нараджэння. Увечары маці сказала яму: «Валодзя, я запрасіла нашых новых суседзяў, трэба ж нам бліжэй пазнаёміцца. Абяцалі, што прыдуць”. 
Зранку яна пачала гатаваць розныя стравы, сяброўка маці, Пятроўна, дапамагала ёй. Калі вечарам прыйшлі суседзі, Віктар Сяргеевіч і Ларыса, маці забегала, пасадзіла Валодзю побач з Ларысай, пачала хваліць, якая добрая пара з іх атрымаецца, і, падпіўшы, Віктар Сяргеевіч згаджаўся. Але Валодзя маўчаў, размова з Ларысай не атрымлівалася. Ён увесь час думаў аб Наташы, каб хутчэй знікнуць з застолля і бегчы да яе. І яму гэта ўдалося: калі маці танцавала з Віктарам Сяргеевічам, ён пакінуў свята.
                   

Назаўтра маці выгаварыла яму, што ён гэтак зрабіў: «Ларыса пакрыўдзілася на цябе! Хіба ж так можна? Такая дзяўчына, разумная, прыгожая, а колькі там багацця, адных машын у гаражы штук пяць, не меней! А ты!”.
— Мама, паслухай! – перабіў маці Валодзя. – У мяне ёсць дзяўчына, я яе кахаю, яна будзе маёй жонкай. Я не змог запрасіць яе на свой дзень нараджэння, бо баяўся парушыць твае планы. А аўтамабіль сам сабе куплю, я ўжо адкладваю грошы. Хопіць, мама, я ўжо дарослы і хачу жыць сваім жыццём!
— Ты ведай, сынок: хочаш жыць сваім жыццём – жыві, а твая Наташа мне тут не патрэбна! – са злосцю працадзіла Мацвееўна.
Валодзя пайшоў, грукнуўшы дзвярыма. Праз колькі дзён ён зайшоў забраць свае рэчы з маці не размаўляў, маўчала і яна. Цяпер ён жыў на здымнай кватэры разам з Наташай.
Мацвееўна, застаўшыся адна, журыла сябе за разлад з сынам. Ходзячы па сваіх прасторных пакоях, яна сумавала, ёй хацелася, каб тут гучаў дзіцячы смех яе ўнукаў. Але першай пайсці на прымірэнне не даваў гонар.
Аднойчы, калі Мацвееўна выйшла з магазіна, куды хадзіла па прадукты, яна сутыкнулася з Валодзем. «Добры дзень, сынок!” – першая загаварыла Мацвееўна. Яна бачыла, што сын рады яе бачыць. Ён узяў сумкі з яе рук, і яны ішлі, размаўлялі. Ён данёс сумкі да дому, а потым сказаў, што зайсці не мае часу. «Даруй, сынок, калі я вінаватая. Заходзь ці хоць звані”, – прамовіла Мацвееўна. Яна баялася згубіць сына. Валодзя, паабяцаўшы, пайшоў.
Цяпер ён заходзіў да маці, званіў часта. Так прайшло паўгода. Сёння вечарам Валодзя зайшоў да маці. Мацвееўне нездаровілася, відаць, прастудзілася, паднялася тэмпература. Сын выклікаў доктара, той, зрабіўшы ўкол, прыпісаў лекі. Валодзю заўтра трэба ехаць у камандзіроўку, а тут маці захварэла. Ён сказаў гэта Мацвееўне і што заўтра зранку да яе прыдзе Наташа, у той канікулы ў школе.
Наташа прыйшла ў пакой, падышла да ложка, спытала, як Мацвееўна сябе адчувае. «Вы хоць елі што-небудзь?”. «Не, не хочацца”, – адказала тая. «Я звару булён, — сказала Наташа. — Есці трэба, а то зусім аслабнеце”.
Паеўшы курынага булёну, Мацвееўна павесялела. А Наташа, памыўшы посуд, пачала прыбіраць у пакоі. Мацвееўна заўважыла, што нявестка цяжарная. Наташа рухалася па пакоі, і рухі яе былі спакойныя, павольныя. Яна і размаўляла так з Мацвееўнай — мягка, прыветна, нібы з роднай маці, хоць, напэўна, павінна была крыўдзіцца. «Як добра выхавана!” – падумалася Мацвееўне.
Наташа ёй падабалася. Яна гукнула яе:
— Падыдзі, сядзь ля мяне!
Наташа прысела на крэсла. Мацвееўна ўзяла яе за рукі і сказала: «Ведай, усё цяпер у нас будзе добра, ты не сумнявайся!”. Наташа згодна кіўнула і сказала: «Я разумею, Вы жадалі дабра свайму сыну, хацелі, каб было як лепш. Ён жа ў Вас адзіны”.
— Разумніца ты! – сказала Мацвееўна і пацалавала нявестку ў шчаку.
Прымірэнне адбылося. Цяпер ужо ўдваіх, Валодзя і Наташа, наведвалі Марыю Мацвееўну. Праз месяц у іх нарадзілася дачка. Мацвееўна ездзіла ў радзільню, адведвала нявестку, бо Валодзю не даставала часу іншы раз. Забіраць Наташу з дзіцём яны паехалі на новай машыне, якую нядаўна набыў Валодзя. Калі выносілі да машыны малую, Мацвееўна загадала сыну: «Унучку з нявесткай вязі да мяне, гэта дом твайго бацькі, і вы павінны жыць у ім. Я там усё прыгатавала, што патрэбна дзіцяці, у самым лепшым пакоі”.
Калі, паклаўшы ўнучку ў прыгожы ложачак, яны стаялі і любаваліся ёю, на тварах была такая радасць і шчасце, што Валодзя не ўтрымаўся, абняў маці і жонку і сказаў: «Ну, цяпер ты зразумела, мама, што не ў багацці шчасце”. Тая прытулілася да сына.
                      Антаніна Рыжанкова.

Добавить комментарий