Раскаянне

Фёдар Паўлавіч вельмі здзівіўся, калі, вярнуўшыся з санаторыя, даведаўся, што ў яго цяпер новыя суседзі.
Не паспеў ён адамкнуць уваходныя дзверы сваёй кватэры, як шырока расчыніліся суседнія, і адтуль з шумам і гамам «выкаціліся” двое хлопчыкаў. Яны былі апрануты ва ўсё аднолькавае: сінія вязаныя шапачкі і світаркі, шэраватыя штонікі, бэжавыя чаравічкі. Убачылі дзеда з сівымі вусамі, сталі на месцы, заціхлі і з цікавасцю ўтаропіліся ў яго твар чорнымі разумнымі вачанятамі.
—  Адкуль вы ўзяліся, жэўжыкі неўгамонныя? Да дзеда Ягора і бабы Валі прыкацілі? – усміхаючыся, запытаўся ён.
— Не, мы тут жывём, — ціха, але з яўным гонарам адказаў большы.
— Вось як… І даўно тут бегаеце, настрой старым бадзёрыце?
— А ўжо будзе два тыдні, як пераехалі сюды, — выходзячы на лесвічную пляцоўку, патлумачыла за хлапчукоў прыгожая, крыху паўнаватая жанчына. – Вашы суседзі ўжо ў Магілёве, пасяліліся ў нашай аднапакаёўцы. Гэта побач з домам, у якім жыве іх дачка з  дзецьмі. Кажуць, што задаволены абменам. І нам тут вальней, усё ж тры пакоі. І з работай атрымалася добра, абодва ўладкаваліся, працуем…
Пачуўшы гэта, ён неяк ажно разгубіўся, адчуў сябе няважна і глухавата, ледзь чутна вымавіў: «Шкада, добрыя людзі з’ехалі ад мяне. Ды так неспадзявана, раптоўна…”.
— Не перажывайце, — паспачувала новая суседка. – Можа, і мы не ў цяжкасць будзем. Вы заходзьце да нас калі толькі пажадаеце. Можна і зараз. Муж мой, Раман Васільевіч, дома, глядзіць тэлефільм. Пазнаёмімся, чайку пап’ём, пагутарым…
Фёдар Паўлавіч падзякаваў за прыемныя словы, далікатна развітаўся і няспешна ўвайшоў у сваю кватэру. Адразу ж вызваліўся ад верхняй вопраткі, стомлена апусціўся на канапу і лёг адпачыць…
Ён думаў, што неяк няладна атрымалася з ад’ездам яго суседа. Нават не пасобіў яму пагрузіць рэчы, не абняліся на развітанне. Ягор нейк раней намякаў, што дачка мае патрэбу ў яго дапамозе. Адвесці дзяцей у садок, забраць адтуль – часам цэлая праб-лема. Таму хацела б бачыць бацькоў побач, каб абмяняцца з кім жыллём…
А новыя суседзі аказаліся добрымі, працавітымі людзьмі. Яны рабілі ў будаўнічай арганізацыі. Часам і ў выхадныя дні былі ў клопатах – шабашылі. І тады занятак знаходзіўся і для суседа-пенсіянера. Фёдар Паўлавіч з ахвотай вазіўся з хлапчукамі: разам рыхтавалі абеды, гулялі ў парку, расказвалі розныя казкі, вучыліся чытаць і пісаць. Яны надта прывязаліся да дзеда Фёдара і лічылі яго сваім, прымалі за роднага.
Іншы раз хлапчукі ўспаміналі Ленку і Кольку, з якімі жылі побач і разам хадзілі ў садзік. Аднойчы Юра пакалаціў Кольку, у якога з носа кроў пацякла. «І Колька больш не дражніўся, не казаў, што наш тата чужы нам”… Як пачуў гэта, Фёдар Паўлавіч чамусьці надта ўважліва паглядзеў на Юру, на Сярожу. Міжволі мысленна параўнаў іх з бацькамі, пашукаў падабенства. Ды ніякай такой прыкметнай адметнасці, якая б адразу кінулася ў вочы, не знайшоў. «Не на бацькоў, дык на дзядоў ці на прадзедаў могуць быць падобны дзеці, нашчадкі. Ды і розніца ж ва ўзросце такая вялікая”. І ён супакоіўся. А потым і зусім пра гэта забыўся.
Толькі ж аднойчы, калі Раман Васільевіч, вясёлы і ўзбуджаны, ганяў з сынкамі мяч па невялікай лугавіне, Фёдару Паўлавічу вельмі закарцела расказаць суседу пра чутае ад Юры. І калі той, разагрэты гульнёй з дзецьмі, сеў на лаўку, каб адпачыць, паведаў яму. Той доўга маўчаў, абдумваў, пасля амаль шэптам сказаў: «У нас не было дзяцей, і мы ўзялі немаўлятак: спачатку аднаго, а праз год другога. Хацелі, каб гэта было тайнай. Але не атрымалася. І, каб не траўміраваць дзетак, пераехалі падалей, сюды. Мы іх вельмі любім. Бачым, што і яны нас. Зараз гэту тайну ведаюць тры чалавекі, якія, веру, захаваюць яе”.
…Пасля гэтай размовы хлапчукі зведвалі яшчэ большую дзедаву цеплыню і пяшчо-ту. Нярэдка, калі бацькі затрымліваліся на працы, ён прыводзіў дзяцей з садка. Ды не ў іхнюю кватэру, а ў сваю. Шырока расчыняў дзверы, прапускаючы наперад Сярожу і Юру. «А зараз мыць рукі і за стол!”. Частаваў іх рознымі стравамі, прысмакамі, падрыхтаванымі загадзя. Потым ладзілі ўсялякія гульні-забавы…
Фёдар Паўлавіч заўважыў, што ў апошні час, пасля прыезду новых суседзяў і наладжвання добрых узаемаадносін, ён адчуў сябе значна лепш, здаравей. Палепшыўся сон, не сняцца кашмары, як раней, а толькі ўсё прыемнае. Нядаўна ён сустрэўся ў сне са сваёй Надзяй. Яна, усміхаючыся, ішла па алейцы ў парку насустрач яму, трымаючы за ручонку незнаёмага хлопчыка… Шкада, што будзільнік перабіў такі радасны сон. А думкі пра Надзю зноў вярнуліся, прыемнымі, і не вельмі, а падчас і сумнымі малюнкамі жыццёвых сцяжын…
Суботнім вечарам будучыя эканамісты Сяргей Прохараў і Фёдар Марозаў сядзелі ў пакоі інтэрната Белнаргаса і баялі з дзяўчатамі. Сяргей тут заўсягдаты, таму і вёў рэй, гаманіў амаль несціхана, падміргваў Федзю (які тут упершыню), паказваючы на Дуняшу: маўляў, не маўчы, дзейнічай, улюбляйся, дзяўчына – што трэба. І Фёдар падміргнуў яму згодай. Якраз у гэты момант пачуўся лёгкі стук у дзверы, ды чамусьці знізу, як бы нагой хто. «Ды гэта ж наша кухарка Надзя!” – усклікнула Дуняша і адчыніла дзверы. У пакой увайшла, сарамліва ўсміхнуўшыся, худзенькая, кволенькая, някідкая тварам, сярэдняга росту дзяўчына, несучы перад сабой вялікую талерку з дранікамі, якія так смачна пахлі… І былы воін-інтэрнацыяналіст Фёдар Марозаў, адведаўшы Надзінай смакаты, другі раз у гэты вечар падмігнуў свайму сябру, толькі цяпер паказаў ужо ў бок «кухаркі”. А яна, будучы фінансіст, усё больш здзіўляла Фёдара ўмельствам гатаваць вельмі смачныя стравы, спакваля і неўпрыкмету прыцягваючы яго да сябе водарнымі ласункамі і ветлівымі, ласкавымі позіркамі карых вачэй…
Не так і часта яны сустракаліся. Ды ўжо праз паўгода згулялі сціплае вяселле, зняўшы невялікі пакойчык у прыватным доме. Тое быў незабыўны і радасны час. Ён, вядома ж, працягваўся і далей, калі жыццё кідала іх з аднаго месца ў другое, а разам мяняліся і пасады – знізу ўверх, а то і наадварот. Мяняліся і не па іх волі. Характар Фёдара не дазваляў яму нагінацца ні перад якімі чынамі. Казаў тое, што думаў, рабіў так, як лічыў правільным і як падказвала сумленне, праяўляў прынцыповасць і празмерную самастойнасць. А гэта не зусім падабалася.  Таму і цярпелі залішне цяжкасці, нязручнасці.
Надоўга яны затрымаліся толькі ў самым аддаленым раёне вобласці, куды рэдка заглядвалі і ўмешваліся кіруючыя і накіроўваючыя. Ён – старшынёй вялікай і адстаючай гаспадаркі «Авангард”, яна – бухгалтарам. Варта ўявіць, якога высільвання патрабавалася ад кіраўніка, каб за некалькі гадоў вывесці гаспадарку ў лік лепшых у раёне. Нават у газетах пачалі пісаць аб дасягненнях. Даныя, інфармацыю туды давалі аграномы, заатэхнікі, іншыя спецыялісты. Сам жа кіраўнік, калі яму званілі з газет, звычайна гаварыў: «Пра поспехі, дасягненні пісаць яшчэ рана. Калі яны будуць добрыя, сам пазваню і папрашу, каб напісалі пра старанных, руплівых людзей”. Неяк пад вечар старшыні пазваніў карэспандэнт абласной газеты. І ён з тым жа пытаннем, што і папярэднія. І пачуў ужо вядомы шаблонны адказ кіраўніка. Тады газетчык патлумачыў: «Ведаеце, я хацеў бы Вас убачыць і папрасіць прабачэння за тое, што гадоў пяць назад Вас, напэўна, пакрыўдзіў, напісаўшы заметку «Гаспадарку даверылі… «летуну». Старшыня падумаў, успомніў той прыкры выпадак і сказаў: «Прыязджайце”.
…Ва ўсіх жыццёвых сітуацыях побач была Надзя, добрая, разважлівая сяброўка, умелая гаспадыня, верная, мілая жонка. Яна вельмі старалася, каб у іх доме былі лад і спакой… Але ж у жыцці бываюць моманты, балючыя моманты, калі робіш памылкі, недаравальныя памылкі, і тады шкадуеш, раскайваешся ўсё жыццё.
…Аднойчы ўвечары, будучы ў добрым настроі (усе сельгасработы ўдала завершаны, тэхніка ўмела пастаўлена на захоўванне, а жывёла пераведзена на стойлавае ўтрыманне, пры поўным дастатку кармоў) Фёдар падсеў да Надзі, якая глядзела тэлефільм, і з асаблівай пяшчотай і замілаванасцю прытуліў яе да сябе. І чамусьці ўзнёсла сказаў: «Мінаюць гады, мілая, а мы незаўважна старэем, а ў нас жа няма нашчадкаў… Ці не пара нам падумаць аб гэтым?”. Яна крыху адхінулася ад яго, пачырванела і неяк спакойна прамовіла: «Позна, дарагі, напэўна, нічога ў нас не атрымаецца”. «Табе трыццаць пяць, а мне сорак… І не атрымаецца?”.
І яна расказала, чаму так думае. Апавядаючы, Надзея хвалявалася, калі-нікалі выцірала хусцінкай вочы. На нейкі момант змаўкала, потым зноў і зноў гаварыла і плакала, раскайваючыся ў здзяйсненні недаравальнага ўчынку. А ён супакойваў яе: «Не перажывай, не ўбівайся так, можа, у далейшым усё будзе добра”.
…Быў нейкі перыяд, калі ён і яна не працавалі. Закончыўся кантракт і яго не прадоўжылі. Якраз тады яна і даведалася, што зацяжарыла. І яна, нібы жартам, сказала: «Вось бы сынка гадаваць, усё роўна не працуем”. Спадзявалася, што Фёдар зразумее намёк, падтрымае яе ў добрым намеры. Але ён бы адмахнуўся: «Не да сынка зараз, Надзя, і не да дачушкі”. І працягваў набіраць нумары знаёмым у суседніх раёнах, каб дапамаглі ўладкавацца на працу.
Пасля гэтага яна, сказаўшы мужу, што хоча пабываць і адпачыць у сваёй сяброўкі Дуняшы, паехала ў Мінск, дзе і прынялі з ёй «правільнае” сумеснае рашэнне. А тыдні праз тры вярнулася з «адпачынку” без сынка, які мог бы стаць уцехай і радасцю для іх. Ды і як ведаць, мажліва, і не адзін ён быў бы ў іх… Пакуль яна была ў сталіцы, Фёдар уладкаваўся на работу эканамістам у суседнім раёне ў сельгасупраўленні. Знайшлася работа і для Надзі. А праз два гады яны былі ўжо ў самым аддаленым раёне вобласці, у адстаючай гаспадарцы «Авангард», якую за некалькі гадоў вывелі ў лік лепшых…
…Кажуць, што час лечыць, усё расстаўляе па сваіх месцах. Сапраўды, і ён, і яна з цягам часу змірыліся з думкаю, што дзяцей у іх не будзе і трэба жыць так, як ёсць, як складваецца лёс. Фёдар ніколі не папракнуў Надзю ў здарыўшымся. Ён разумеў, што ў гэтым была і яго віна і карыў сябе за тое, што не зразумеў тады жонку і не прадухіліў бяду. А Надзя вінаваціла ў здарыўшымся толькі сябе. Успомніла словы Дуняшы: «Раз вам зараз цяжка без работы і ён пакуль не хоча мець дзіця, то што ж табе застаецца рабіць… А Бог, мо, дасць, дык і дзеці будуць яшчэ”. Успомніла. Але чамусьці без ранейшай прыязнасці і павагі падумала пра сваю сяброўку…
Надзя бачыла, што Фёдар пасля ўсяго гэтага стаў да яе больш уважлівы, ласкавы. І ёй гэта падабалася. Яна менш сумавала, лепш пераносіла непрыемнасці і цяжкасці, якія іншым разам здараліся.
І ўсё ж тыя нервовыя ўзрушэнні, пэўна, не прайшлі бясследна і бясшкодна. Яны адгукнуліся, хоць і праз шмат гадоў. У цёплыя майскія дні, злёгку працуючы на дачным участку, Надзя пачала адчуваць непрывычную слабасць, хутка стамлялася. Медыкі позна выявілі злаякасную пухліну. Яна згасла за год да выхаду на пенсію.
…Калі Фёдар Паўлавіч прыходзіць на могілкі, то чамусьці кладзе да помніка два букеты кветак. Доўга сядзіць на лавачцы і сумнавата глядзіць на каляровае фота Надзі, якая тут маладая, прыгожая і ледзь усміхаецца. Ён прыгадвае той дзіўны сон, калі яна ідзе яму насустрач, трымаючы за ручонку незнаёмага яму хлопчыка… Прыгадвае ўсё добрае, што было ў іх жыцці… Потым павольна ідзе дамоў, дзе, напэўна, у двары гуляюць Юра і Сярожа, да якіх ён так прывязаўся і якіх вельмі любіць. Ён хоча заўсёды бачыць сваіх новых суседзяў, да якіх пранікаецца ўсё большай павагай за іх высакароднасць, бацькоўскія клопаты і пачуцці да дзетак-сірот, за тое, што глядзяць іх і выхоўваюць, як сваіх кроўных. Відаць, сапраўды чужых дзяцей не бывае…
                                                          Іван САЛАЎЁЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *