Валанцёр

 

 
 
Не ведаю, як у каго, а ў мяне іншы раз з’яўляецца жаданне зрабіць не­шта такое, каб запомнілася надоўга. І што цікава, надвор’е тут ні пры чым. Ці сонейка над табой, ці мокры снег. Калі закарцела, дык нікуды не дзецца. Так зыркаеш па баках. Вось і сягодні кінуўся было да бабулі:
— Дазвольце сумачку паднесці. Калі не памыляюся, цяжкавата для Вас.
— Чаво?! Сумачку?! Навошта вам мая сумачка?
— Паднесці.
— А больш нічога не жадаеш, добры чалавек?
— Ды-ды – не.
— Ну, дзякуй і за тое. Данясу й сама. Свая сярмяжка не цяжка. Іш, знайшоўся. Дапаможа! Ведаем мы такіх дапаможнікаў. Дай, а тады лаві ветра ў полі…
Кінуўся да другой, але і тая адпрэчыла.
Ды калі ў мяне з’явіўся такі настрой… Але, як на тое, нікагусенькі наўкола. Я ўжо было накіраваўся дамоў, як перада мной узнік малады чалавек.
— Салют, дзядуль. Дазвольце пазнаёміцца. Былы дэсантнік Мікола Чабор. З вёскі Лупікі. Вось і корачкі з фоткай. Усё як мае быць.
— А я – былы карміцель сваіх і чужых.
— Я наконт чаго? Наконт аўтобуса. Ці не ўратавалі б? У наступны раз аддам. Да капейчыны.
Ну вось, думаю, на лаўца і звер бяжыць. Але ці не занадта шустра? Калі даваць, дык пакрысе, каб ён запомніў мяне, а я яго.
— Траячкі хопіць?
— Н-не ведаю…
Даю, а ён узважвае манеткі і маўляе:
— Ці хопіць тут на ўсю дарогу?
— Хо-опіць. І нетолькі туды, але і назад.
— Э-э-э, як Вас?
— Сямён Сямёнавіч.
— Паважаны Сямён у квадраце, справа не столькі ў аўтобусе, колькі ў жонцы. Маладая, прыгожая, але надта нотная. Не любіць, калі вяртаюся з камандзіроўкі з парожнімі рукамі. Канешне, тры рублі таксама не парожні келіх. Але, мо, яшчэ пару знойдзецца?
— Ну, калі такая нотная, у сэнсе музычная… — і даю яшчэ два рублі.
Дэсантнік крэкнуў, узяў манеткі і падаўся прэч, але праз пару крокаў спыніўся, апусціў вочы долу і маўляе:
— Дарэчы, пра Афган чулі? Ну, дык вось, у параўнанні з маёй цешчай ён – дзіцячы сад. Ці ты жывы, дык горш забітага, ці забіты, дык горш жывога, калі ў цябе меней сямі рублёў у кішэні. Мо, не верыце? Дык паехалі да мяне ў Лупікі. Пазнаёмішся, пераканаешся, хлушчу ці не. Толькі трэ бутэльку прыхапіць і пару плітак шакаладу горкага. Салодкага цярпець не можа. Дарэчы, а дзе Вы жывяце? Пакажыце.
І тут да мяне нарэшце нешта дайшло.
— Дзе дом? Дык гэта ж прасцей смажанага парася. Значыцца, шыбуеш напрасткі. Як выйдзеш са скверыка, спыніся хвілін на пяць, азірніся наўкола. Потым бярэш улева да наступнай вуліцы і толькі тады прама і прама. Кіламетры два да двухпавярховага будынка. А потым разварочваешся і – назад. Каб лепш бачыў нумары дамоў, бо сонца будзе ў патыліцу. І шыбуй аж да гэтага сквера…
— Ты што, з  мяне дурня робішь?
— А ты з мяне акадэміка?
На гэтым і скончылася наша сяброўства.
Панас Палітыка.
 
 
 

Добавить комментарий