Неверагоднае здарэнне

 

Тэпаю нейк па гарадскім парку. Вечар, змрок, туга. Жыць не хочацца. Раптам хлопец торк цыгаркай пад нос:
— Дай прыкурыць.
Я па запалкі, а ён ножык да жывата і сакрэтнічае: 
— А кашалёк Ваш, братан, цяжкаваты. Аж пінжак скасабочыў. Ці не так?
— Хай так. А што?
— Гэта небяспечна. Я мог бы прамаўчаць. Але, як сумленны, не магу, калі добраму чалавеку пагражае небяспека. Вы ж, я бачу, вельмі добры.
— І якая ж?
— Справа ў тым, што там, крыху далей, ідыёт з пісталетам. З глушыцелем. Мала што абрабуе, дык яшчэ і прыстрэліць. Я яго ведаю. Мярзотнік яшчэ той. Так што аддай, покі не поз­на. Во-ось, во-ось… Зараз скажыце мне вялікі дзякуй за ўратаванне душы. Гэта, калі кумэкаеце, разумны ўчынак.
— Вялікі Вам, ды што там, найвелічэз­ны, спадар рабаў… спадар выратавальнік.
— Самі разумееце, іншы пратэпаў бы міма. Што ж зараз робіцца? Чалавеку блага. Упаў, ляжыць. Ну і хай сабе ляжыць. Ніхто не дапаможа ўзняцца на ногі. Ці выклікаць хуткую. Людзі адубелі. Я ж не магу. Дарэчы, там, далей крыху, яшчэ адзін рабаўнік – барахольшчык. Ён не толькі здзярэ з Вас касцюм, дык яшчэ і брытвай па мордзе. Так што для поўнай бяспекі скіньце, калі ласка, касцюмчык. Ды і вечар цёплы, можна нават у адной сарочцы і трусах…
— Сапраўды, — абрадаваўся я, — з найвялікшым нашым. А то стаю без партманета і адчуваю: чагосьці не хапае. Быццам без кашалька ў поўнай бяспецы, а вось штосьці не тое.
— У сэнсе, штосьці лішняе? Так, так. Крыху яшчэ далей, за барахольшчыкам туляецца шызік – калекцыянер розных туфляў. Таксама не застанецца ў даўгу. За Вашы пантофлі Вам жа вуха адкавяліць. Так што зніміце… ад граху як надалей. Як роднаму кажу.
— І як гэта я сам не дакеміў! – узрадаваўся я. – Вось аддаў кашэль і касцюм, а ўсё роўна пачуваю, штосьці яшчэ не так.
— Так што, — кажа дабрадзей, — як бачыце, я Вас тройчы ўратаваў зараз. А гэта – рэдкая штука, не кожнаму вось так шэнціць. Але таму, што Вам за мае паслугі разлічвацца няма чым, то, як маўляецца, з паршывай авечкі хоць шэрсці жмут. Скідайце кашулю. Тым болей, што Вы ў трусах, а да іх лепш падыходзіць майка.
— Правільна, — яшчэ болей абрадаваўся я. – А то я ўсё яшчэ адчуваю… Вялікі вам дзякуй. І адкуль Вас Бог прынёс?
— Няма за што. Я толькі, як сумленны, прыстойны… Цяпер Вы ў поўнай бяспецы.
— Век не чакаў, каб толькі вось, як Вы, з простага народа…
— Не захвалівайце дужа, бо магу сапсавацца. Шчасліва. Цяпер Вы можаце тэпаць куды заўгодна. Нават у светлую будучыню.
Панас ПАЛІТЫКА.

Добавить комментарий