Добрая справа

 

Ох, і не падабаецца ж мне муж сяброўкі! Трывала, трывала… Не, іншая змаўчала б. Але якая ж ты сяб­роўка, калі баішся казаць праўду?
Ёсць і такія. І шмат. Але не я. Вунь узяць Насцю Крупеню. Колькі ні сябравала з Дзінай, колькі ні хадзіла да яе гуляць, а ні разочку не буркнула, што ад яе мужа заўжды чымсьці смярдзіць. То півам, то самагонкай. І што ён як спіць, дык страшэнна храпе. Ды як бы ж па-чалавечы. Ну, узяў ты нейкую ноту і цягні яе, як ката за хвост. Дык не ж. Абавязкова з перапынкамі, з захлынаннем аж хвіліну, а то і дзве. Проста жах. Ну, думаеш, ці не памёр? А ён раптам як храпане, нібы з дубальтоўкі. Аж падскочыш. Альбо ляжыць-ля­жыць, а тады як грымне нагой аб ложак.
Хіба з такім можна жыць? Я б – ніколі. А яна, яе сяброўка Дзіна, з найвялікім задавальненнем. Ну і хай пакутуе, колькі ўлезе.
Ды я не такая. Калі мне што не туды, я тут жа прама ў вочы. Я спачатку цярпела. Мо, з паўгода. А потым мяўляю:
— Ты даруй мне, Надзейка, але калі жадаеш мець мяне сяброўкай і надалей, набярыся цярпення і – слухай. Прызнайся, што ты знайшла ў ім? Як у кім? У сваім калгасніку! Ці прынёс ён табе хоць адзін дарунак? Што? Зарплату? А пры чым тут яна? Усе прыно­сяць, але не кожны яшчэ і дарунак. Каб ён цябе па-сапраўднаму, ад усёй душы, ніколі не забыўся б пра французскія духі. Далей. Чытае, здаецца, і не мала, а па твары не бачна. Дубовы позірк, дубовая ўсмешка, дубовы смех. Як засмяецца, дык у мяне аж крыжу баліць. Нібы па ім дубчыкам урэзалі.
Далей. Ты радуешся, што не п’е, не курыць. А ведаеш, мне сяброўка адна мовіла, што яна таго і за мужчыну не лічыць, хто не п’е і не курыць. Вось!
— І за бабамі не лётае?
— Во-во, і не лётае.
— Што ж, у кожнага свой смак, маўляў бобік, аблізваючы брудны хвост.
— Да цешчы абыякавы. Такая жанчына! У гадах, а як яшчэ глядзіцца. У-у-у! Ён жа і не брэша, і не кусае. Колькі я ў вас бываю – гады, а ён хоць бы раз руку пацалаваў.
— Хіба лепш, калі спачатку кусае, а тады ліжа?
—  Бачу, ты вельмі адданая, што не глядзіш на іншых.
— Чаму ж не?
— А ці не таму, што на яго ні­хто не зыркае. Цюхцяй, цюхцяём, і да цябе ён такі ж абыякавы, як да цешчы. А ты і не бачыш, і, галоўнае, такі ўжо сумленны, як усе дурні. З гэткага прадпрымальніка не адкуеш, колькі ні бі молатам па кавадле лёсу.  Я б дзеля такой прыгажуні, як ты, са званніцы…
— І ногі пераламала б…
Але ўсё-такі нешта да Надзейкі дайшло. Турнула свайго каханага. нат сама не ведае, як.
Хадзіў ён, небарака, такі непрыкаяны, нічыйны і тыдзень, і два…
Паглядзела я на яго, паглядзела ды і мусіла ўзяць, каб не загінуў. Пашкадавала.
І, думаеце, яна мяне зразумела?
А дудкі. Нат не вітаецца. І ў мой бок не зыркае.
Вось і зрабі добрую справу. Як маўляецца:
— Ты дабром, а цябе – колам.

Добавить комментарий