Нечаканая радасць

 

На двары нейкае свята. Наўкола весялосць, усмешкі. Крочу і думаю: добра мастаку ці паэту. Яшчэ лепей спявачцы, нават шэрай. Усе ведаюць, усмешкамі абсыпаюць нібы кветкамі. А тут працуеш, працуеш… і хоць бы адзін гук у твой бок. І раптам як арудыйны салют:
— Мікітавіч! Ты? – голас барадача на добрым падпітку.
Я – не Мікітавіч, аднак гэткая радасць на вуліцы не валяецца. Адказваю:
— Як бачыш.
А ён мацаку з бакенамі:
— Ян, не пазнаеш?
— Хто ж не пазнае! – навісае нада мною  ёмістым слупом Ян, які тут жа заззяў лямпачкай у 500 ват. – Гонар горада. Ды што там – рэспублікі!
Ого, пацяплеў я як той элект­ра­абагравальнік, які ўключылі.
— Памятаеце, — узяў мяне пад локаць слуп-свяцільнік, — як я прывозіў вам цэглу на дачу?
Дачы не маю, але калі чалавек прывозіў…
— У яго ж асабістая выстава была! – аглавушвае мяне новай навіной барадач.
— І не адна, — узнімае мяне яшчэ вышэй слуп-свяцільнік. – А як хапалі карціны!
Канешне, тут нешта не тое. Але калі чалавек бачыў… І тут заўважаю, як усе, хто стаяў побач, упёрліся ў мяне цікаўнымі позіркамі, як штыкамі, аж да ліпы хіснула.
— Гэткае і замачыць не грэх, — стрэльнуў эўрыкай барадач.
Дастаю. Не псаваць жа настрой. 
— А я Вашу жонку ведаю. Яна ж з Праснакоў, скуль і  мая Нінка.
— Ма… Марыля.
— Ах, так-так, Марыля. Гэта ў Андрэя Нінка, а Ваша – Марыля. Жонка – во! Першы гатунак. Ды што там першы, найвышэйшы. З цябе, так бы мовіць, выкуп. Хоць за гэткую царыцу прыгажосці паўлітарка – драбяза.
Дастаю.
— Абавязкова вярні заўтра, — загадвае Яну барадач.
— Такому чалавеку і не вяр­нуць?..
— Ды што вы, хлопцы…
—  Вярну! Не крыўдуй! Дарэчы, і цешчу ведаю. Уся ў дачку. Ніна Іванаўна. Дай яшчэ рубель.
Даю.
— А як жыве-маецца цесць? – пасмялелі хлопцы. – Быў мацанак на ўсю вёску. Бывала, як пацісне руку – усё, канец, пальцаў не адарвеш адно ад аднаго. За гэткую моц…
— Ды ты не хвалюйся, — горача супакойвае барадач, — усё ад­дасць. Бяру пад асабісты кантроль.
Аказалася, што гэта толькі пачатак. Што ён ведае ўсіх цешчыных братоў, сясцёр, дзесяць дзядзек, пятнаццаць цётак, безліч іншых сваякоў. І што было асаб­ліва прыемна, усё цудоўныя, паважаныя людзі. І што з таго, што жонка – круглая сірата і зусім з іншай вобласці, і я не мастак,  а сантэхнік.
Слава ёсць слава. А ёй, як і даронай каняке, у зубы не заглядваюць.

Добавить комментарий