Па-чалавечы

 

Каб дача глядзелася не жабрачкай, у пачатку гарода паставіў два вуллі з пчоламі. Але гэта стала камусьці косткай у горле.
І сапраўды, у вёсцы ніякімі пчоламі і не пахла. І раптам, на табе – аж два вуллі. Гэтых жыгуноў яшчэ не ставала. Не прастаялі і двух тыдняў, як хтосьці перакуліў. Праз тыдзень – зноў тое ж. Я да ўчастковага:
— А ці не можна гэтага «дабрадзея” так правучыць, каб запомніў назаўжды?
— Што Вы! Ні ў якім разе! – зрабіў вочы па кулаку ўчастковы. – Вы ж можаце скалечыць. І закон пра тое ж. Можа, чалавек прыдзе проста перакуліць, а Вы яго колам. Ці лавушкай.
Пакумэкаў я і – сапраўды, што гэта я ўздумаў? Можа, у чалавека якая спрэчка адбылася ці жонка яму здрадзіла. А мо ён ёй. Ці яшчэ горш, заместа грошай на цвікі такую скруціла дулю, так фігурна, з такім вывертам паднесла пад нос, што можна лопнуць, як электралямпачка ад перагрэву.
Куды дзецца небараку, дзе разрадзіцца? Крочыць па вуліцы, а тут пчолы… Хто ж упус­ціць такую магчымасць для зняцця стрэсу? А ты яму колам па галаве ці па карку. 
Не, так не годзе. Трэ падацца іншым шляхам. Не шкадуючы ні моцы, ні часу, дзеля ўратавання чалавека трэ не спаць тыдзень, месяц, а то і год. І калі ён узнікне зноў на гародзе, асцярожна і ласкава, каб не напалохаць, а раптам у яго з сэрцам не ўсё добра, прывітацца:
— Добрай ночы, паважаны куляка. Рады Вас бачыць. Што? Зноў дома непрыемнасці ці што?
— Адкуль ведаеш?
— Як гэта адкуль? З такой злосцю штурхалі ­адзін вулей, а тады другі… Гэта трэ было чалавека так раззлаваць…  Ды не зыркайце на штыкетнік. Не ўздумайце скокнуць цераз яго.
— Страляць будзеце?
— Ды што ты, паважаны чалавек! Што ты! Я наконт таго, што з другога боку штыкетніка кавалкі цэглы, камяні. Скокнеш і, чаго добрага, нагу зламаеш ці яшчэ што. А мне тады адказвай. Хто даў права калечыць таго, хто нарабіў шкоды? Хто? Гэта, маўляў, справа суда. Ён разбярэцца, хто ёсць хто, і пакарае вінаватага. Па заслугах. А не за ўсякую дробязь ламачынай па шыі. Так што праходзьце, калі ласка, Пракопавіч.
— Куды?
— Як куды? Да мяне на кухню. Хоць ты, пэўна, і зняў стрэс вуллямі, але, думаю, келіх-другі не пашкодзіць. Заходзьце, заходзьце. Не саромцеся. У мяне ў самога бывае такі настрой, што ўзяў бы і падпісаў каго-небудзь. Ледзь стрымліваюся. Так што вось. Што будзем? Каньяк пяцізорачны ці, мо, лепш самагонку? Самагонку? То і добра. І я так. А на закусь? Ікры чорнай ці чырвонай?
— І той, і той.
— Цудоўна. І я таксама. Ну, кульнулі, за зняцце стрэсу. Каб дома не журыліся. Ну-у, вось і цудоўна. Закусвайце, закусвайце, Пракопавіч, будзьце як дома. У мяне ёсць і сала з пражылкамі. Не супраць? І ладушкі. Баба купіла.
Выпілі, закусілі. На развітанне я прапанаваў:
— Пракопавіч, калі наступны раз уздумаеце зняць стрэс пчолкамі, папярэдзьце. Навошта? Каб не тырчэў тут кожную ноч, а прыйшоў, калі трэ, узняў вуллі на ногі, цябе сустрэў і праводзіў, як добрага чалавека.
І той даў згоду.

Добавить комментарий