Страшная помста…

 

У заводскім цэху, дзе рабіў Лявон Пет­ракоў, усе жылі дружна, амаль па-свойску. Вось толькі з майстрам ніхто не мог знайсці агульнай мовы. Таму яго, натуральным чынам, цярпець не маглі ўсе рабочыя, у тым ліку і Лявон. Прыгорблены, хударлявы, майстар увесь час сноўдаўся па цэху, вышукваючы, да каго б прычапіцца. І калі прычына знаходзілася, то ці слесар, ці токар меў вельмі благі выгляд. Аркадзь Міхалыч меў здольнасць аднымі словамі давесці чалавека да шаленства. Нават за самую нікчымную дробязь.
Неяк літаральна анізавошта майстар пазбавіў Петракова месячнай прэміі. У тое ранне надарыўся на вуліцы галалёд, і «маршрутка” крыху затрымалася. Там і спазнення таго на працу было нейкія тры-чатыры хвілінкі. Але калі Лявон з вінаватым выглядам паспрабаваў патлума­чыць прычыну Аркадзю Міхалычу, той, нават не даслухаўшы, раптам ускінуўся, як конь перад плотам. І сумленна заробленая прэмія сплыла вясновай паводкай. 
З таго выпадку Лявон насіў у сэрцы крыўду на майстра. Не праходзіла і дня, каб ён не думаў, як бы адпомсціць. Не будзеш жа кулакамі даказваць майстру сваю правату! Гэта проста ганебна, ды і ўвогуле не па-мужчынскі біць слабейшага… З’явіўся быў план запрасіць яго да сябе і напаіць? Няхай людзі пабачаць, як той, што парася, валюхаецца ў лужынах, не ў стане ўзняцца на ногі. Але гэтую задуму давялося адкінуць, бо Аркадзь Міхалыч, хоць і хударлявы, нібы маладое дрэўца, а мог высмактаць натуральным чынам вядро гарэлкі. Пры гэтым куляе яе ў сябе, нібыта звычайную ваду. А што самае прыкрае, амаль не п’янее, толькі твар пачырванее крыху…
Аднак з часам у Лявона з’явілася такая задумка — а што калі напаліць лазню і паклікаць майстра папарыцца? А там так адхадзіць венікам, з якога папярэдне зрабіць сапраўдны гальнік, каб ён тыдзень на карачках поўзаў. Вось такія яму лекі на хворую спіну, век будзе памятаць Лявонаву лазню!
Абдумаўшы як след план сваёй страшнай помсты, Петракоў у суботу ўзяўся за яго ажыццяўленне. Аркадзь Міхалыч на запрашэнне ў лазню адгукнуўся адразу, нават ягоны заўсёды бурклівы голас пацяплеў. На радасцях, што нарэшце нато­ліць прагу помсты, якая не давала спакою столькі часу, Лявон дроў не пашкадаваў – у лазні і без падкідання было нібы ў пек­ле, нават вушы гарэлі. Затым добра такі абцерабіў венік, каб голае пруцце бяз літас­ці секла майстраву спіну. У дамоўлены час майстар з нечаканай усмешкай на худым цемнаватым твары з’явіўся на парозе. Распрануліся, зайшлі ў лазню. Лявон адразу пачаў ліць на распаленае каменне ваду. Ад печкі патыхала гарачынёй, нібы ад мартэна, стала зусім не прадыхнуць. «Пара,” — сам сабе з асалодай адзначыў Лявон, і запрасіў майстра класціся на палок:
— Я вамі сам займуся, Аркадзь Міхалыч! Гэта будзе лепш, чым самому сябе хвас­таць…
Той пярэчыць не стаў. Лявон надзеў шапку, рукавіцы і ўскінуў на камяні яшчэ. А затым з радаснай злосцю ўзяўся лупцаваць хударлявае цела на палку венікам. Ягоны твар гарэў нібы агнём, рукі пякло нават скрозь рукавіцы, але Петракоў з асалодай, помсліва лупіў і лупіў па майстравай спіне і поўніўся радасцю.
Спіна ў Аркадзя Міхалыча стала пунсоваю, ад голага пруцця на ёй успухлі доўгія пісягі, але ён ляжаў без аніводнага гуку, нібы нежывы. Гэта непакоіла Лявона, не давала яму цалкам наталіцца прагай помсты. Нарэшце ён ужо зусім змогся. А майстар ляжыць, і аніякага гуку ад яго. Нібыта не па ягонай спіне лупцавалі ў пякельнай гарачыні з усяе моцы, а па пустому палку. 
Моцы ў Лявона ўжо больш не было, знясілеў на нішто. Ён апусціў непад’ёмны венік і ­ледзь выпаўз за дзверы. Следам за ім у прымыльнік выкараскаўся і Аркадзь Міхалыч. Маўчаў, хапаючы ротам свежае паветра… Калі памыліся, Лявон прапанаваў:
— Аркадзь Міхалыч, хадзем, кульнём па кілішку пасля лазні…
— Не-е, — зусім зняможана адмовіўся майстар. – Тут хоць бы неяк дадому дабрацца пасля твайго веніка, — і было добра бачна, што ўзняцца з месца яму задужа цяжка, відаць, вельмі баліць спаласаваная спіна.
«Вось так табе – адпомсціў! – радасна сам сабе ўсклікнуў Петракоў. – Запомніш маю лазню на ўсё жыццё!..”
У панядзелак Лявон літаральна ляцеў на працу, задаволены, што ягоны план адбыўся і прага помсты ў душы ўрэшце ўляглася. Але яго ледзьве не схапіў паралюш, калі майстар сустрэў яго ў дзвярах цэха, нібы лепшага сябра:
— Здароў, чараўнік! – Аркадзь Міхалыч усміхаўся, як кажуць, на ўсе трыццаць два. – Ніводзін доктар не даў рады маёй хворай спіне, а ты адразу на ногі паставіў. Аніякага болю не адчуваю! – і ён ганарліва выпрастаўся. — Дзякуй табе!..
Лявон разгублена заміргаў – вось табе і адпомсціў!..

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *