Іванавіч

 

Ну вось і дзень ужо ўкараціўся, а ўначы туманы наплываюць… Самы час капаць бульбу. Як і заўсёды, дамаўляемся з Іванавічам наконт каня. Ну, маіх там 7-8 сотак супраць ягоных 30 – проста забаўка. Жонка з цешчай, пляменніца ды я сам – і праз дзве-тры гадзіны ўсё ўжо ў мяхах. А вось Іванавіч выводзіць на палетак цэлую брыгаду родзічаў…
А, я не сказаў, хто такі Іванавіч? Гэта мой сусед па ўчастку. Сур’ёзны такі, удумлівы мужык. Яго не толькі ўся радня, а нават жонка па бацьку клічуць. Іванавіч да любой справы падыходзіць грунтоўна, прыкінуўшы некалькі варыянтаў. І што дзіўна, ніколі не памыляецца – выбірае самы надзейны. Вось і на бульбу ён прывозіць, акрамя іншых памочнікаў, самых надзейных – сваіх трох швагроў. Мужыкі моцныя, з вялікімі ўчэпістымі рукамі… Сіла! Вось і на гэты раз прывёз іх Іванавіч на поле на сваім «гольфіку”. Што ні кажы, а каб народ працаваў належным чынам, спачатку трэба наліць памагатым па сто грамаў. Сам жа Іванавіч узяўся за плуг – разагнаць барозны. Швагры кульнулі пачастунак, пакурылі, падхапілі кошыкі і скіраваліся да бульбы. Пакуль Іванавіч ішоў знізу, швагры корпаліся ў баразне. А як толькі араты завярнуўся зноў уніз, хуценька кінуліся да задніх дзверцаў «гольфіка” і кульнулі яшчэ па сто грамаў. Атабарыліся ў баразне і нават па некалькі бульбін укінулі ў кошыкі. Але тут Іванавіч раптам павярнуўся і пабег да жанчын – нешта не так, на яго думку, яны там робяць. Як тут не скарыстаць момант, і швагры паспелі «прыняць” яшчэ па сто грамаў.
Думаецца, і каню зразумела — якая цяпер бульба! Прыселі швагры на ўскрайку поля, цыгарэты разабралі, пакурваюць. За жыццё размовы цікавыя пайшлі… І тут малодшага нібы ў бок хто штурхнуў – ён раптам узняў галаву і спалохана выгукнуў: «Іванавіч!”. Такому спрыту і зладжанасці руху мог бы пазайздросціць любы спецназ! Мужыкі, схапіўшы на ляту кошыкі, імгненна, нібы ў акопы, слізганулі ў барозны. Адкінутыя цыгарэты не паспелі яшчэ ўпасці на зямлю, як яны бульдозерамі ўрэзаліся ў зямлю – толькі бульбіны ў кошыкі ляцелі. Іванавіч, падышоўшы бліжэй, задаволена ўсміхнуўся, прабурчэў нешта адабраючае, пастаяў хвілінку і зноў пабег да жанчын – ніяк у іх там справа не наладзіцца! Швагры з палёгкай выцерлі ўзмакрэлыя ілбы і адкінуліся на мяккую ўзараную зямлю. Няцвёрдай рукой старэйшы выцягнуў пачак цыгарэт з кішэні. Але запаліць так і не паспелі – пільны малодшы зноў ускрыкнуў: «Іванавіч!..”. І зноў закіпела работа.
Ажно зайздрасць бярэ — як паважаюць чалавека! Але тут я раптам успомніў прычыну такога піетэту родзічаў. Павага яна, канечне, застаецца павагай, але ж у маладосці Іванавіч сур’ёзна займаўся барацьбой, нават на рэспубліцы выступаў у цяжкай вазе. Таму, гледзячы на яго магутную постаць з рукамі, больш нагадваючымі кувалды, можна не сумнявацца, калі што не па яго – па карку ён можа прыкласціся добра… Так што самому Іванавічу некалі нават на хвілінку прысесці. Толькі што паспявае разагнаць барозны, наводзячы парадак  на палетку.

Добавить комментарий