Вось і не вер у прыкметы!

 

Ціхі летні вечар. Па тратуары ідуць трое мужчын сярэдняга ўзросту. Яны старанна падпіраюць адзін аднаго плячамі, што не перашкаджае ім весці ажыўленую размову. Мяркуючы па багацці ў іх дыялогу «дыезаў”, «бемоляў”, «тактаў”, «танальнасцяў” і ўсялякага іншага, мякка кажучы, не зусім зразумелага звычайнаму чалавеку, гэта — музыкі. І раптам іх гутарка набывае акрэс­лены і зразумелы кожнаму накірунак:
— Ды што там тыя прыкметы! — чуецца добра пастаўлены, прыгожы барытон аднаго з тройцы. – Колькі мне чорныя каты дарогу перабягалі ці цёткі з пустымі вёдрамі хадзілі, а ўжо смецце па загаду жонкі выносіў увечары – не злічыць… І ніколі нічога такога, усё добра!
— Не к-кажы, я таксама не верыў у рознае такое, аж п-пакуль самому не давялося ўляпацца, — запярэчыў, злёгку запінаючыся, высокі і хударлявы, якога так старанна і падпіралі сябрукі. – Уяўляеце, іду с-сабе на рэпетыцыю, дарога роўная, нікога не чапаю і – н-на табе! – спатыкаюся на левую руку. Вой, дрэнная прыкмета!
— Ну і што з таго? – далучаецца да дыялогу трэці, мажнаваты, з вялізнымі ручышчамі і моцнай шыяй. – Ну, заваліўся — стаў на ногі, ды і пайшоў далей!..
— К-каб жа ўсё так проста! — працягнуў высокі. – А т-то ж аштрафавалі ў аўтобусе – забыўся білет узяць. Лепей бы ўжо і д-далей сваімі нагамі дабіраўся, там і прайсці ўсяго было тры кварталы. А ты тут кажаш, не вер у прыкметы!..

Добавить комментарий