“Мы, маладыя – надзея краіны!”

 

Такой аптыміс­тычнай песняй, якая ўзбадзёрыла ўсю залу, пачаўся раённы конкурс «Вучань года”. За званне лепшага змагаліся Анастасія Арцёмава (СШ № 7), Лізавета Ісачанка (СШ № 8), Анас­тасія Несцярэнка (СШ № 1) і Аксана Голубева (СШ № 3). Дзяўчат аб’ядноўвае ўпартая праца, імкненне да ведаў, творчы падыход да справы, індывідуальны погляд на рэчы. Перад журы стаяла няпростая задача – выбраць лепшую з лепшых. Анастасія Арцёмава спявае, іграе на цымбалах, піша вершы, добра вучыцца. Свае таленты і ўменні дзяўчынка паказала падчас «Візітнай карткі”. «Дружалюбная, мэтанакіраваная, карыстаецца аўтарытэтам сярод аднакласнікаў”, – такой думкі пра Анастасію настаўнікі. Лізавета Ісачанка выйшла на сцэну ў вобразе каралевы Лізаветы. «Надакучыла быць каралевай, – сказала яна. – А чым бы я займалася, калі жыла б у Беларусі і мне было б 15 гадоў?”. Фатаграфіяй, танцамі, спевамі, ігрой на раялі, алімпіядамі… Усё гэта насамрэч пра саму вучаніцу, і многія свае здольнасці яна прадэманстравала. Анастасія Несцярэнка падчас «Візітнай карткі” спытала ў чарадзейнага люстэрка, ці ёсць у яе шанс перамагчы? Вучаніца прызналася, што не можа жыць без калектыву, бо там заўсёды падставяць плячо і дапамогуць. «Што значыць быць сучаснай?” – спытала Аксана Голубева. 21 стагоддзе – гэта час  інфармацыі, ідэй, адкрыццяў. Хто валодае інфармацыяй, той валодае светам. Аксана лічыць сябе сучаснай. На яе думку, перш за ўсё – гэта думаць пра адзенне для душы. 10-класніца займаецца спортам, творчасцю – наведвае «Крэчут”, удзельнічае  ў алімпіядзе па рускай мове і літаратуры – сёлета перамагла на абласным этапе. Максімум старання і матывацыі – такі дэвіз Аксаны Голубевай.    
Другі этап конкурсу называўся «Прэс-канферэнцыя”. Школьніцы выступілі са сваімі эсэ «Мой позірк у будучае” і адказалі на пытанні журы. Кім бачаць сябе дзяўчаты праз гады? Для Анастасіі Арцёмавай галоўнае – заставацца сабой. Яна марыць паступіць у музыкальны каледж. А Лізавета Ісачанка хоча стаць эколагам. Яе крэда – калі зычым шчасця іншым, знаходзім сваё ўласнае. Сям’я, добрыя сябры, любімая работа, мір на Зямлі – вось наша багацце, на думку Лізаветы. Анастасія Несцярэнка марыць стаць фармацэўтам і вынайсці лекі, якія вылечылі б ад якога-небудзь смяротнага захворвання. Аксана Голубева ўпэўнена – яе будучае светлае і цудоўнае. І бачыць сябе яна ў ім паспяховым журналістам. Пасля «Прэс-канферэнцыі” журы адправілася падводзіць вынікі, а прысутных радавалі творчымі нумарамі навучэнцы «Крэчута”. 3-е месца заняла Анастасія Арцёмава, 2-е падзялілі Анастасія Несцярэнка і Лізавета Ісачанка. Перамагла Аксана Голубева. Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Алена Максімава ўручыла дзяўчатам дыпломы і падарункі. 

Добавить комментарий