Да маці

Ірына стаяла ля акна вагона і ўглядалася ў знаёмыя мясціны. Хутка цягнік спыніцца, і яна выйдзе на сваім паўстанку. І вось цягнік павольна сцішае ход, а потым зусім спыняецца. Ірына выходзіць на вузенькую сцяжынку і трапляе ў свежае, духмянае паветра. Перад ёй раскінуўся луг – нібы зялёны дыван, па якім нехта раскідаў рознакаляровыя кветкі.

Да маці

 

Ірына стаяла ля акна вагона і ўглядалася ў знаёмыя мясціны. Хутка цягнік спыніцца, і яна выйдзе на сваім паўстанку. І вось цягнік павольна сцішае ход, а потым зусім спыняецца. Ірына выходзіць на вузенькую сцяжынку і трапляе ў свежае, духмянае паветра. Перад ёй раскінуўся луг – нібы зялёны дыван, па якім нехта раскідаў рознакаляровыя кветкі.
Пачатак чэрвеня. Усюды спяваюць птушкі, лётаюць матылькі, звіняць пчолы і так прыемна пахне паспяваючымі ў траве суніцамі. Ад усяго гэтага ў Ірыны кружыцца галава, а на сэрцы радасна і весела. Зараз яна падымецца на невялікі пагорак і ўбачыць родную бацькоўскую хату, дзе нарадзілася і вырасла. Вось і яна. На вясковай вуліцы ціха, хата выглядае меншай побач з новымі сучаснымі пабудовамі. Пад вокнамі кусты бэзу, якія яны з братам садзілі. Але зараз кусты не такія прыгожыя, калі патанаюць у квецені, бо ўжо адцвілі. Пад імі купаюцца куры, з усёй гаспадаркі засталіся толькі яны. Пасля смерці бацькі матуля жыве адна. Колькі разоў Ірына клікала маці да сябе, брат Валодзя таксама, але яна на згаджаецца. Ірына зайшла ў хату. У хаце было чысценька, пабеленая печ, акуратна засланыя ложкі з гарой пухнатых падушак. І нейкі асаблівы пах, які быў толькі ў іхняй хаце. І ад усяго гэтага павеяла такім родным, светлым, нібы вярнулася назад у дзяцінства. Розныя думкі ўзнікалі ў галаве Ірыны. Яна апусцілася на канапу. Але з гэтых успамінаў яе вывелі рыпнуўшыя дзверы — у хату заходзіла маці. Ірына кінулася да яе, абдымала, цалавала: «Матулечка, працаўніца мая! Напэўна, у агародзе корпалася, любіш, каб усюды парадак быў. А здароўе сваё не беражэш, вунь жа спякота якая!”.
— Ды не, зараз ужо гарачыня спала. Я пачакала цябе, ды думаю, дай пайду агурочкі палью. Садзіся за стол, частаваць цябе буду! Вось яечню ў печы засмажыла, салату з гурочкаў зрабіла, аладак са смятанаю. Малачка ў суседзяў бяру. У нашай вёсцы яшчэ, слава Богу, жывуць людзі, і пошта ёсць, і магазін, і ФАП. Вось у маіх суседзяў, Таццяны і Васіля, заўтра вяселле будзе, іхні сын Павел з арміі два месяцы як вярнуўся. Дзяўчына яго чакала. Дык вось заўтра жэнюцца. Доб­рая пара будзе. Нас з табою запрашалі. Можа, сходзім, палюбуемся на маладых?
Назаўтра пабывалі на вяселлі. Ды і як не пабыць, калі вяселле, лічы, на адным двары, хаты стаялі побач. Вечарам Ірына з маці, калі спала спякота, выйшлі пасядзець на лавачку пад бэзам. Дачка зноў завяла размову пра тое, каб матуля паехала жыць да яе ў горад. Ірына бачыла, як пастарэла маці, асабліва за гэтыя тры гады, пасля смерці бацькі. Ды і не дзіва. Усё жыццё жылі душа ў душу, клапаціліся адзін аб адным. Працавалі: бацька – трактарыстам, маці – даяркай. На прапанову дачкі Мацвееўна адказала так: «Дачушка! Не змагу я жыць у горадзе. Тут я нарадзілася, тут і памру. Ты не вельмі хвалюйся, я яшчэ бадзёрая. Бачыла, нават на вяселлі тупнула. Хоць ногі і хворыя, дык гэта ад гумавых ботаў, бо ў кароўнік нічога іншага надзець было нельга. А павышаны ціск? Дык ты ж мне таблетак прывезла. Калі што якое, дык вунь наша фельчарка праз тры хаты жыве, яна зараз на пенсіі, але ўсім вяс­коўцам дапамагае. суседка Таццяна або Валянціна, мая сяброўка, мы з ёй даяркамі разам рабілі, часта мяне наведваюць. Дык сходзяць да Леанідаўны — прыдзе, укол зробіць. Ты не хвалюйся, дачушка, усё са мной будзе добра. Едзь заўтра, табе ж на працу трэба. А да мяне ўнучыка Толіка прышлі, як з лагера вернецца. Мне з ім і весялей будзе, і дапамагае ён. І вады ў лазню наносіць, і дровы складзе.
Ірына прытуліла матчыну сівую галаву да сваіх грудзей і падумала: «Хітранькая мая матуля! Не хочацца ёй ехаць з вёскі ў горад, таму і супакойвае мяне. Трэба часцей яе наведваць”.
Назаўтра Ірына, паснедаўшы, сабралася ехаць. Маці вызвалася яе право­дзіць на паўстанак. Але Ірына сказала: «Не трэба, матулечка. У цябе ж ногі хворыя, праводзіш толькі да пагорка”. Мацвееўна згадзілася. На пагорку яны развіталіся, і Ірына пайшла на паўстанак той жа сцяжынкай, праз луг. Дзень быў добры, неба сіняе, чыстае, ніводнага воблачка, толькі сонца на ім уладарыла. Падыходзячы да паўстанка, Ірына азірнулася. Там бялела матчына хусцінка. Сэрца сціснулася, і з вачэй пакаціліся слёзы: «Ты толькі жыві, матуля, а я буду прыязджаць! Я цябе вельмі люблю”.

Добавить комментарий